Шарамет: Самім беларусам трэба патрабаваць доступу да сайтаў

19 снежня ў Беларусі перастаў адчыняцца шэраг грамадска-палітычных сайтаў.Кіраўнікі інфармацыйных рэсурсаў дагэтуль не атрымалі афіцыйных тлумачэнняў ад “Белтэлекама” ці Міністэрства інфармацыі, паводле неафіцыйных версіяў, адбываецца блакаванне даменаў.

“Спрабуем наладзіць каналы распаўсюджання сваёй інфармацыі ў новых умовах, у якія нас паставілі, — каментуе галоўны рэдактар Інфармацыйнага агенцтва БелаПАН Ірына Леўшына. — Па-за межамі Беларусі ўжо грузяцца Belapan.com, “Беларускія навіны”. То бок ужо хоць неяк працэс пайшоў, але пайшоў ён дзякуючы непасрэдна нашым высілкам, а не дзякуючы таму, што з нас знялі блакіроўку. Тым больш афіцыйнага адказу наконт гэтага мы так і не атрымалі”.

Рэдактар “Беларускага партызанаПавал Шарамет прызнаецца, што не мае сервераў не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі, таму для замежных наведвальнікаў працу яны не спынялі. Што ж тычыцца далейшых дзеянняў, то журналіст спадзяецца, што хутка гэтая бязглуздіца скончыцца, здаровы сэнс пераможа і доступ да сайта адновіцца.

“Мы будзем звяртацца да міжнародных рэгулятараў інтэрнэта, міжнародных арганізацый, — працягвае Павел. — Будзем прыводзіць сведчанні таго, што ў Беларусі працягваецца ціск на свабоду слова, каб дэзавуяваць размовы пра змякчэнне беларускага рэжыму ды змякчэнне санкцый супраць Лукашэнкі і яго атачэння. Звяртацца ж у “Белтэлекам” нам дакладна няма сэнсу. Ёсць сэнс звяртацца самім беларусам, бо ў першую чаргу гэта б’е па іх зацікаўленасцях, як спажыўцоў інфармацыі”.

А вось рэдактар сайта “Заўтра тваёй краіныМарына Загорская напісала ліст дырэктару “Белтэлекам” адразу ж, як даведалася, што zautra.by не працуе.

“Я папрасіла разабрацца што адбываецца ды патлумачыць, чаму адбылася блакіроўка сайта, — распавядае Марына. — І папрасілі, калі няма ніякіх заканадаўчых момантаў, то як мага хутчэй выправіць тэхнічныя праблемы, якія выклікаюць блакіроўку. Ліст я адправіла ноччу 19-га, а 20-га ў гадзін 15 часткова сайт пачаў адкрывацца”.

Марына Загорская не бачыць прычын блакавання ў кантэнце свайго сайта. Адзінае, чаму доступ да zautra.by ды іншых інфармацыйных парталаў маглі абмежаваць, — нежаданне, каб інфармацыя пра агульную сітуацыю ў краіне дайшла да чытача. Такога меркавання прытрымліваюцца амаль усе кіраўнікі заблакаваных медыя-праектаў.

“Я ведаю, што ў Міністэрства інфармацыі былі выкліканыя галоўныя рэдактары некаторых СМІ і іх там прама папярэдзілі, што асвятляць крызіс нельга, каб не разгойдваць лодку. Маўляў, калі гэта не будзе выканана, то ім будуць выносіць адразу два папярэджанні і закрываць сайты, — дзеліцца інфармацыяй уладальнік даменнага імя udf.by Юрый Пацёмкін. — Нас нават не папярэджвалі, проста адразу заблакавалі. Мы ведаем, што ад нашага сервера ідзе нармальны сігнал да кропкі падключэння з “Белтэлекамам”, а далей — цішыня. Відаць, у іх там стаяць нейкія фільтры, якія нас не прапускаюць далей”.

Калектыў прэс-цэнтра “Белтэлекам”, відаць, усім складам знаходзіцца ў адпачынку, бо дзень руплівага дазвоньвання вынікаў не прынёс. Затое дзяўчына са службы тэхнічнай падтрымкі кампаніі пасля 5 хвілін разбіральніцтваў пераканаўча адказала, што не разумее, як гэтыя сайты могуць не адкрывацца:

“Гэтыя сайты працуюць, — здзіўлена кажа дзяўчына. — Ніякай інфармацыі пра тое, што яны, напрыклад, зачыненыя, у нас няма. У нас яны адчыняюцца!”

Нагадаем, ад 19 снежня пачаліся праблемы з доступам да сайтаў "Беларускі партызан" (belaruspartisan.org), "Салідарнасць" (gazetaby.com), "Хартыя'97" (charter97.org), udf.by, “Заўтра тваёй краіны” (zautra.by), “Беларускія навіны” (naviny.by) ды агенцтва БелаПан (belapan.by).

Кароткі лікбез ад Еўрарадыё:

Як і дзе размяшчаюцца сайты?

Сайты знаходзяцца на серверах. Сервер, калі вельмі спрасціць, — гэта камп’ютар, падлучаны да інтэрнэта. Ён можа знаходзіцца ў Беларусі ці за мяжой. Серверы некаторых сайтаў, да якіх не было доступу у Беларусі, — zautra.by, агенства БелаПАН (belapan.by) і naviny.by.

Як можна абмежаваць доступ да сайта?

Закрыць доступ да сайта можна некалькімі спосабамі. Па-першае, можна проста адключыць сервер ці доступ да яго, калі ён знаходзіцца ў Беларусі.

Усе сайты маюць IP-адрас (91.149.157.124 адрас БелаПАН) — гэта фактычна адрас сервера. Каб усё было прыгожа, сайты маюць імёны (belapan.com). Калі мы ўводзім у браўзеры адрас belapan.com, спецыяльны сервер (ДНС) інтэрнэт-правайдара, напрыклад “Белтэлкам”, злучае нас з IP-адрасам, і сайт адчыняецца.

Таму можна "забараніць" серверу ДНС адказваць на наш запыт і не злучаць дамен belapan.com з яго IP-адрасам. У выніку сайт у Беларусі не адчыняецца. Але калі ўвесці у браўзер непасрэдна IP-адрас ці скарыстацца ДНС-серверам, напрыклад, кампаніі Google, то сайт будзе адчыняцца з Беларусі.

Але наш правайдар можа забараніць доступ да сайта і па IP-адрасе. Тады зайсці на яго з Беларусі будзе немагчыма без выкарыстання Proxy, Tor ці VPN. Фактычна, мы заходзім не на сам сайт, а на камп’ютар недзе за мяжой, які ў абыход нашага нацыянальнага правайдара заходзіць на сайт.

Чаму БелаПАН не адчыняецца праз проксі і з-за мяжы?

Усё проста. Яго сервер фізічна знаходзіцца ў Беларусі. А значыць, калі да яго закрылі доступ па IP-адрасе, то і замежнікі не могуць туды трапіць.

Праўда, з чым звязаная блакіроўка сайтаў і ці блакіроўка гэта, пакуль не вядома.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі