Шэраг лідараў беларускай апазіцыі вырашылі не балатавацца ў парламент
Шэраг лідараў беларускай апазіцыі вырашылі не балатавацца ў Палату прадстаўнікоў. Такія рашэнні прынялі кіраўнік руху "За дзяржаўнасць і незалежнасць" Уладзімір Някляеў, лідар Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, кіраўнік руху "За Свабоду" Аляксандр Мілінкевіч, сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Віталь Рымашэўскі.
Някляеў у каментары БелаПАН адзначыў, што "як толькі стала зразумела, што, нягледзячы на ўсе намаганні як унутры краіны, так і за яе межамі, дамагчыся свабодных і дэмакратычных выбараў не ўдасца, я адмовіўся ад ідэі ўдзельнічаць у гэтай палітычнай кампаніі". Ён планаваў узначаліць ініцыятыўную групу былога палітвязня Мікалая Статкевіча, але яго не зарэгістравалі з-за непагашанай судзімасці.
Лябедзька і Рымашэўскі маюць намер актыўна ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі ў якасці давераных асоб сваіх паплечнікаў. Мілінкевіч будзе ўдзельнічаць у перадвыбарчых агітацыйных пікетах сваіх намеснікаў Юрася Губарэвіча і Алеся Лагвінца, якія вылучаюцца кандыдатамі ў дэпутаты ад руху "За Свабоду".
Ініцыятыўную групу ў Мінску зарэгістраваў старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч. На дэпутацкі мандат прэтэндуе і старшыня Беларускай партыі левых "Справядлівы свет" Сяргей Калякін. А ў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) яшчэ не вырашылі, хто канкрэтна з кіраўнікоў партыі можа быць вылучаны кандыдатам.
Зарэгістравалі ініцыятыўныя групы лідары кампаніі "Гавары праўду" Таццяна Караткевіч (у Мінску) і Андрэй Дзмітрыеў (у Дзяржынску).
Выбары ў Палату прадстаўнікоў у Беларусі пройдуць 11 верасня.
ЦВК зарэгістраваў ініцыятыўныя групы 69 прадстаўнікоў апазіцыйных партый