Шрайбман: Расія дойдзе і да фактычнага размяшчэння ядзернай зброі ў Беларусі
Крэмль падкрэслівае, што не перадае Лукашэнку кантроль над ЯЗ. Таму што Крамлю выгадна гэта падкрэсліваць / Getty Image
Расія разлічвае, што размяшчэнне тактычнай ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі можа напалохаць Захад і прымусіць адмовіцца ад падтрымкі Украіны ў вайне, лічыць палітычны аналітык Арцём Шрайбман.
— Паводле задумкі, Захад мусіць спалохацца гатоўнасці Расіі заходзіць у эскалацыі ў ядзерную плоскасць. А паколькі я не веру, што Захад гэта напалохае, я думаю, яны [Расійская Федэрацыя. — Еўрарадыё] усё ж дойдуць да размяшчэння канкрэтных ядзерных боегаловак. Працэс, які цяпер адбываецца, лагічна кладзецца ў гэтую каляіну, — кажа Шрайбман у гутарцы з Еўрарадыё.
Міністр абароны Расіі Сяргей Шайгу пры гэтым падкрэслівае, што Расія не перадае Беларусі кантроль над ядзернай зброяй. Шрайбман лічыць, што ён зрабіў гэта мэтанакіравана. Па-першае, каб пазбегнуць чарговых спекуляцый на гэтую тэму. Па-другое, Расія любіць падкрэсліваць, што не парушае міжнароднае права, перадаючы Беларусі ЯЗ.
— Ім падабаецца гуляць з Захадам у гульню "гэта не мы парушаем міжнароднае права, гэта вы парушаеце". Таму яны любяць падкрэсліваць, што ўсе іх дзеянні з ядзернай зброяй не парушаюць дамовы аб нераспаўсюдзе ядзернай зброі. А яна [гэтая дамова. — Еўрарадыё] патрабуе не перадаваць кантроль над сваімі ракетамі.
І такую агаворку яны робяць, каб выставіць сябе законапаслухмянай краінай, якая выконвае міжнароднае права.
Зрэшты, Шрайбман упэўнены, што ніякіх намераў перадаваць кантроль над ЯЗ Лукашэнку ў іх няма.
— Перадаваць Лукашэнку ядзерную зброю — гэта вар'яцтва з усіх пунктаў гледжання. Пакуль такіх намераў я не бачу.
Сёння міністры абароны Беларусі і Расіі Віктар Хрэнін і Сяргей Шайгу падпісалі дакументы, якія вызначаюць парадак трымання расійскай нестратэгічнай ядзернай зброі ў спецыяльным сховішчы на тэрыторыі Беларусі. Упершыню пра планы размясціць у Беларусі ядзерную зброю Уладзімір Пуцін заявіў у канцы сакавіка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.