Што чакае Мікалая Статкевіча ў турме пасля калоніі
Экс-кандыдата ў прэзідэнты могуць вярнуць з калоніі ў турму. Разбіраемся, чым гэта пагражае палітвязню.
Беларускага палітвязня, экс-кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча чакае новы суд. Адміністрацыя шклоўскай калоніі вырашыла, што ён настолькі "не стаў на шлях выпраўлення" і "мае намер весці злачынны лад жыцця", што яго далейшае ўтрыманне ў гэтай высокамаральнай установе немагчымае". Таму палітыку пагражае перавод у турму да канца тэрміну зняволення.
Параўнаць умовы ўтрымання ў калоніях і турмах даволі складана. Бывалыя вязні расказваюць, што яны могуць моцна розніцца ў залежнасці ад канкрэтнай спецустановы. Надта ўжо шмат залежыць ад адміністрацыі. У дадатак бываюць розныя калоніі: з агульным і ўзмоцненым рэжымам, а вязняў могуць абмежаваць у правах за самае дробнае парушэнне. Аднак агулам усё выглядае наступным чынам:
Як жывуць вязні?
Турма: Пастаяннае знаходжанне ў камеры з гадзіннай прагулкай раз на дзень. Камеры могуць быць розныя — ад так званых “адзіночак”, да памяшкання на дзесяць чалавек.
Калонія: Вязні жывуць у так званым “атрадзе” — некалькіх адгароджаных ад вакольнага свету бараках. Пры жаданні амаль увесь час яны могуць знаходзіцца на адкрытым паветры, адносна вольна перамяшчацца.
Спатканні.
Турма: Залежыць ад рэжыму. Статкевіч меў адно кароткае спатканне на год. Спатканне можа быць толькі з блізкім чалавекам, працягласцю тры гадзіны. На практыцы — каля дзвюх.
Калонія: Таксама залежыць ад адміністрацыі і наяўнасці парушэнняў у вязня. Калі іх няма, у калоніі вязні маюць права на два працяглыя спатканні за год, кожнае па 3 сутак. Для спатканняў выдзяляюць асобнае памяшканне. Акрамя гэтага ёсць яшчэ тры кароткія спатканні.
Перадачы.
Турма: Адна на год.
Калонія: Тры харчовыя перадачы на год, плюс бандэроль.
“Атаварка” — магчымасць набываць тавары ў турэмнай краме.
Турма: На суму, не большую за адну базавую велічыню. Вязню ў камеру прыносяць ліст са спісам тавараў, якія можна набыць.
Калонія: На пяць базавых пры ўмове, што няма парушэнняў рэжыму. Вязні самі маюць магчымасць схадзіць у краму на тэрыторыі калоніі.
Праца.
Турма: Тэарэтычна, вязні турмаў маюць магчымасць працаваць. Аднак яна рэдка ёсць у неабходным памеры.
Калонія: Тут магчымасці працаваць большыя. Але шмат залежыць ад адміністрацыі, якая размяркоўвае абавязкі вязняў. У працы могуць адмовіць.
Жонка Статкевіча кажа, што нягледзячы на студзеньскі перавод мужа з “крыткі” ў Шклоўскую калонію, ён не вельмі адчуў палёгку ў рэжыме. Адміністрацыя амаль адразу пазнаходзіла ў яго парушэнні і ў выніку Статкевіч нават у калоніі пачуваецца як у турме:
“На сённяшні дзень Мікола не ведае ўжо, што лепш, а што горш. Ён у калоніі таксама сядзіць у камеры, усяго пазбаўлены нібыта за парушэнні. У яго там нават няма дзённага святла. Такая камера ў калоніі адмыслова для Статкевіча”, — расказвае Марына Адамовіч.
Былы палітвязень Зміцер Дашкевіч расказвае, што лёс вязня і ўмовы яго жыцця цалкам залежаць ад адміністрацыі. Пры жаданні, нават з калоніі агульнага рэжыму можна зрабіць пекла, а ў турме — адносна людскае існаванне:
“Адміністрацыя турмы можа скарыстацца тым, што вязень турмы закрыты ўвесь час з абмежаваным колам. Можа ціснуць, падсадзіўшы да адмарозкаў. У калоніі прасцей у тым плане, што ты знаходзішся сярод 150 чалавек, а не сярод 10, напрыклад. З іншага боку, да кожнага з гэтых 10 можна неяк прызвычаіцца. Тут вельмі шмат залежыць нават не ад таго, калонія альбо турма, а ад паводзінаў адміністрацыі ў дачыненні да канкрэтнага чалавека”, — гаворыць Дашкевіч.
Нагадаем, Міколу Статкевічу 58 гадоў. Ён падпалкоўнік запасу, былы кіраўнік Згуртавання беларускіх вайскоўцаў і Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада). Быў кандыдатам на прэзідэнцкіх выбарах 2010 года. Затрыманы 19 снежня 2010-га пасля акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў. Быў абвінавачаны ў арганізацыі масавых беспарадкаў і ўдзеле ў іх. 26 траўня 2011 года асуджаны на шэсць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Праваабарончая арганізацыя “Міжнародная амністыя” прызнала Міколу Статкевіча вязнем сумлення. Раней у шклоўскай калоніі ён ужо прызнаваўся злосным парушальнікам і адпраўляўся судом у магілёўскую турму.
Фота "Радыё "Свабода".