Што Лукашэнка дазваляў кіраўнікам Нацбанка падчас крызісаў
З кіраўнікамі Нацыянальнага банка Аляксандр Лукашэнка проста так, для галачкі, не сустракаецца. Нават з Пятром Пракаповічам, да якога ў кіраўніка краіны асаблівыя пачуцці, Лукашэнка сустракаўся зусім не часта і збольшага падчас вялікіх пасяджэнняў з членамі урада (ці разносаў — гэта каму як больш падабаецца). Мы прасачылі, што Аляксандр Лукашэнка дазваляў рабіць кіраўнікам Нацыянальнага банка падчас такіх сустрэч.
Калі — 8 верасня 2015
Каму — Паўлу Калауру
Што: “Дзякуючы таму, што мы перайшлі на плаваючы курс і ні ў якім выпадку штучна не стрымліваем курс нацыянальнай валюты ў дачыненні да іншых валют, нам усё-такі ўдалося пераканаць насельніцтва, што мы з ім у гульні гуляць не будзем. І гэта правільна, нам трэба прытрымлівацца падобнай пазіцыі... Звычайныя людзі ў нас усё могуць купіць у Беларусі за беларускія рублі".
Таксама Лукашэнка падкрэсліў, што "ў нас наперадзе, магчыма, яшчэ больш складаныя часы, і дай бог нам вось так прайсці, як мы сёння ідзем". Паводле яго слоў, сітуацыя ў свеце не залежыць ад Беларусі, таму нашай краіне трэба да яе прыстасавацца. Кіраўнік дзяржавы таксама сказаў пра тое, што ва ўсіх сегментах эканомікі, у тым ліку і ў валютнай сферы, "адносна спакойная сітуацыя". Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, "гэта наша шчасце".
Калі — 11 лістапада 2014
Каму — Надзеі Ермаковай
Што: “Хто не хоча працаваць — звальняйцеся адразу… Усіх падстрыгчы пад адзін грабянец. І тады, калі і дрэнна будзе, мы народу зможам растлумачыць. Дрэнна? Дрэнна ўсім. Гэта не дробнае пытанне”.
Крыху больш чым праз месяц — 27 снежня — Надзея Ермакова збірала рэчы са свайго кабінета з відам на ГУМ. Відаць, з заданнем “усіх падстрыгчы пад адзін грабянец” у Нацбанку тады не справіліся.
Калі — 19 ліпеня 2013
Каму — Надзеі Ермаковай
Што: “Мы павінны прытрымлівацца таго курса, які мы вызначылі. Ні ў якім разе нічога штучна не павінны рабіць: ні ўтрымліваць, ні дэвальваваць, ні нацыяналізаваць, ні прыватызаваць. Як мы абяцалі, тым курсам і павінны ісці, як ішлі да гэтага часу”.
Калі — 11 красавіка 2013
Каму — Надзеі Ермаковай
Што: “У вас у руках адпаведныя рычагі, вы карыстаецеся імі як мае быць, але калі інфляцыя высокая, пра якое развіццё можна казаць?”
Калі — 27 траўня 2011
Каму — Пятру Пракаповічу
Што: “Калі вы сапраўды пралічылі цану замежнай валюты, тады забяспечвайце адзіны курс. Чаго вы чакаеце? Калі вы сапраўды пралічылі, што рубель 5 тысяч за долар здыме спекулятыўны попыт, забяспечвайце. Але кожны дзень павінна быць дынаміка. І калі гэтай дынамікі не будзе, Міхаіл Уладзіміравіч і Пётр Пятровіч, вы першымі пакладзяце партыйныя білеты, кажучы савецкай мовай!”
Партыйны білет на стол Пётр Пракаповіч паклаў ужо праз два месяцы. Што, праўда, не перашкодзіла яму стаць дарадцам кіраўніка краіны, а праз год нават віцэ-прэм’ерам. Мясніковіч “партыйны білет” на стол паклаў толькі ў канцы снежня 2014 года.
Калі — 30 кастрычніка 2009 года
Каму — Пятру Пракаповічу
Што: “Пракаповіч, Анфімаў — вы галоўныя адказныя на працягу месяца падрыхтаваць усе дакументы на наступны год. Калі раней падрыхтуеце, будзе лепш. Усе рашэнні, прынятыя на трэцім Усебеларускім народным сходзе, няўхільна павінны быць выкананыя… Пётр Пятровіч, для вас гэта — максімум часу. Наймайце, прыцягвайце каго заўгодна. Стаўце задачы разам. А Кіраўнік Адміністрацыі павінен унесці мне гэтыя дакументы канчаткова”.
Фота: БЕЛТА
З аднаго боку, кіраўнік краіны цяпер хваліць Нацыянальны банк за плаваючы курс, за адмову ад адміністрацыйнага рэгулявання курса. І кажа, што менавіта гэта дапамагае нам прайсці знешнія небяспекі. А з іншага, тут жа гаворыць, што трэба выконваць любыя метады, хочаце адміністрацыйныя, хочаце — неадміністрацыйныя, для стрымлівання росту цэн і інфляцыі. У гэтым ёсць супярэчнасць.