Шынэйд О'Конар назвала U2 тэрарыстамі

Шынэйд О'Конар назвала выкід у iTunes апошняга альбома U2 "Songs of Innocence" тэрарыстычным актам. Зямлячка асуджае крок калег і кажа, што "нельга было такім чынам урывацца ў жыццё людзей, нават з-за добрых намераў". "Я лічу, што гэта вынік кепскага мэнэджменту", — сцвярджае скандальная спявачка ў інтэрв'ю The Daily Mail.


Увогуле, Шынэйд прыйшла ў рэдакцыю распавесці пра свой удзел у дабрачынным праекце Band Aid 30 — апдэйце шырока вядомай кампаніі Band Aid. Па ініцыятыве Боба Гелдафа ў 1984 годзе была запісаная песня "Do They Know It's Christmas?", сродкі ад продажу якой ішлі на патрэбы галадаючых. Band Aid 30 мае мэту накіраваць сродкі, сабраныя ад продажу перазапісанай цяпер песні на барацьбу з вірусам Эбола ў Цэнтральнай Афрыцы.


Свой удзел у Band Aid 30 О'Конар патлумачыла выключна любоўю да Боба Гелдафа, маўляў, "калі б ён папрасіў мяне памыць падлогу ў кухні, я б з задавальненнем для яго гэта зрабіла". Дарэчы, лідар U2 Бона таксама паўдзельнічаў у запісе песні для Band Aid 30.


Апроч таго, Шынейд О'Конар крыху распавяла пра кнігу мемуараў, якую рыхтуе да выдання і ў якой пагражала распавесці пра ўсіх сваіх сексуальных партнёраў. Апынулася, што большую частку кавалераў ірландка ўжо не памятае. Таму вырашыла зрабіць кнігу смешнай.

Паводле: zvuki.ru

Фота: www.kp.ua

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі