Шырлі Мэнсан раскрытыкавала паводзіны Канье Уэста на "Грэмі"

Шырлі Мэнсан з Garbage адказала Канье Уэсту на яго выхадку на "Грэмі". Нагадаем, падчас уручэння Бэку статуэткі ў намінацыі "Альбом года", рэпер узняўся на сцэну, падышоў да мікрафона, але, памятаючы папярэдні досвед (Уэст некалькі гадоў таму вырваў мікрафон у Тэйлар Свіфт на цырымоніі MTV VMA, калі тая гаварыла ўрачыстую прамову з нагоды перамогі ў той жа намінацыі), перадумаў і вярнуўся на месца. Пазней музыка ў інтэрв'ю заявіў, што Бэк мусіць паважаць таленты і аддаць сваю ўзнагароду Беёнсэ.


У адкрытым лісце Мэнсан да Уэста гаворыцца, што акурат Канье і дэманструе непавагу да талентаў:


"Ты не паважаеш ні свой уласны немалы талент, горш за тое — таленты, стараннасць і працу ўсіх артыстаў разам, калі выказваешся так груба ў адрас сціплага Бэка, які адбыўся як артыст. У выніку ты выглядаеш дробным, дробязным і сапсаваным". Далей Мэнсан ужывае значна больш жорсткае (і нецэнзурнае) "ацэначнае меркаванне" на адрас Уэста, прапаноўваючы яму вырасці і перастаць раскідваць вакол свае цацкі".  "Упэўненая, Беёнсэ не мае патрэбы ў такім абаронцы. У яе і так усё схоплена найлепшым чынам", — рэзюмуе фронтвумэн Garbage.


У сваю чаргу сціплы Бэк павёў сябе інтэлігентна, сказаўшы, што калі "Канье ўздымаўся на сцэну, гэта вельмі ўзрушвала, бо ён заслужыў быць на сцэне, як і любы іншы музыка". "Вы толькі падумайце, колькі цудоўных альбомаў ён запісаў за апошнія 5 гадоў", — сказаў Бэк. На думку музыкі, найлепшым альбомам года мусіла стаць кружэлка Беёнсэ, і ён быў перакананы, што менавіта яна пераможа. А вось на Канье Уэста рокер не пакрыўдзіўся:


"Не варта трымаць зла, усе мы ўмеем дараваць. Я ўсё яшчэ люблю Канье і думаю, што ён геній. І я буду працягваць імкнуцца да той планкі, якую ён дасягнуў", — паведаміў Бэк.

Цікава, што вышэй згаданае з'яўленне Канье Уэста на сцэне "Грэмі" паўплывала на папулярнасць альбома Бэка "Morning Phase". Як паведамляе Ad Week, лонгплэй сталі прайграваць на 524 адсоткі больш, чым да цырымоніі.


Цырымонія ўручэння прэмій "Грэмі" адбылася на мінулых выхадных у Лос-Анжэлесе. Трыумфатарам цырымоніі стаў малады брытанскі спявак Сэм Сміт, які перамог у 4-х намінацыях.

Паводле: zvuki.ru, apelzin.ru, www.lookatme.ru

Фота: apelzin.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі