Стала вядома, на каго замянілі беларусаў і расіян эстонскія стартапы
"Бразілія рашуча бярэ на сябе лідзіруючыя пазіцыі" / фота ілюстрацыйнае, pixabay
Праз санкцыі ў Эстонію стала складаней прыехаць беларускім і расійскім айцішнікам, іх месца занялі спецыялісты з Бразіліі, піша эстонскае выданне Majandus.
“У агульнай статыстыцы стартап-візы адбыліся істотныя змены. Напрыклад, праз вайну і санкцыі Расія страціла лідзіруючыя пазіцыі сярод ТОП-краін, з якіх у Эстонію прыехалі як заснавальнікі, так і супрацоўнікі стартап-кампаній. Бразілія рашуча бярэ на сябе лідзіруючыя пазіцыі”, — цытуе эстонскае выданне менеджара па развіцці стартап-візы і знешніх сувязяў Startup Estonia Анніку Ярс.
Гэта не значыць, што беларускім і расійскім айцішнікам больш наогул няма месца ў Эстоніі. Пасля пачатку вайны выдаваць спецыялістам з гэтых краін візы і часовыя ВНЖ забаранілі, але ў чэрвені мінулага года краіна перагледзела забарону. Выключэнне зрабілі для беларусаў і расіян, якія прыязджаюць у Эстонію, бо на радзіме ім пагражае небяспека, пісала мясцовае выданне "Дзелавыя ведамасці". Але на звычайных падставах прэтэндаваць на стартап-візу яны не могуць.
Што такое стартап-віза?
Праграма стартап-віз была запушчана ў Эстоніі ў студзені 2017 года. Яна дазваляе грамадзянам краін, якія не ўваходзяць у ЕС, працаваць у эстонскіх стартапах, перамяшчаць туды існуючыя праекты або ствараць новыя. З пачатку праграмы Эстонія выдала больш за 5,4 тыс. віз і часовых відаў на жыхарства.
Летась эстонскія стартапы з дапамогай праграмы стартап-віз нанялі 1315 супрацоўнікаў з-за мяжы, з іх 228 прыехалі з Бразіліі. Сярэдні заробак "брута" ў замежных стартапах летась перавысіў 3,2 тысячы еўра на месяц — гэта больш чым удвая вышэй за сярэдні заробак у Эстоніі.
З моманту запуску праграмы стартап-віз у 2017 годзе найбольшая колькасць заснавальнікаў стартапаў прыехала ў Эстонію з Расіі, Ірана, Турцыі і Індыі. Праз санкцыі Расія сёлета апынулася на другім месцы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.