Стаматолагі без анестэтыкаў, пакупнікі — без памідораў
Да чаго прывядзе мараторый на рост цэнаў.
Мінгандаль спачатку ўводзіць мараторый на рост цэнаў быццам бы да 15 студзеня. Але ва ўчорашняй заяве Мінгандлю здымаць гэтую забарону не плануецца.
Праверкі на выкананне пастановы праходзяць па ўсёй краіне, некалькі крамаў нават закрываюць за павышэнне цэнаў на 30-35%!
Прызнаюся, як спажыўца цэны мяне радуюць. Але…
Што будзе з садавіной-гароднінай? Пакупнікі ўжо засталіся без іспанскіх памідораў
Пастаўшчык садавіны-гародніны ў Беларусь “Фруктэст” кажа Еўрарадыё, што яны ўжо закупляюць таннейшую садавіну, чым раней. Таксама адмовіліся ад закупкі памідораў.
“Мы падбіраем і шукаем тавар, які б падыходзіў пад нашыя цэны, якія мы замарозілі з 18 снежня. Гэта не той тавар, які б хацелася б бачыць на паліцах. Глядзіце, сёння да нас прыедзе груша, а яна ўжо 45 калібру. Яна павінная каштаваць 13 000 рублёў. Але да Новага года вы маглі за гэтую ж цану набыць добрую прыгожую грушу калібрам 75 міліметраў. Мы разумеем, што трэба падтрымліваць пакупніка, але будзем падстройвацца пад цэны. Калі будзем знаходзіць, будзем везці”, — тлумачыць пастаўшчык.
Пастаўшчык падлічвае: да прыкладу, банан на выхадзе каштаваў прыблізна долар. На момант 18 снежня, калі цэны замарозілі, долар закладаўся на 11200 рублёў. Цяпер долар ужо 14500-14700 рублёў. Атрымліваецца, мы ўжо страчваем 24% — гэта на старце! Сюды трэба дадаць выдаткі на газіраванне, каб банан даспеў, электраэнергію і транспартныя выдаткі.
“Вельмі дзіўна, дарэчы, чаму “Белнафтахіму”, які прывязаны да долара, можна падымаць цэны, а нам, калі мы таксама прывязаныя да долара, не”.
На гэтае пытанне, дарэчы Мінгандаль адказвае, што “Белнафтахім” быццам бы мае нейкае пісьмо ад кіраўніка дзяржавы, якога ў Мінгандлю няма, і згодна з ім павышае цэны. “Белнафтахім” жа на пытанне Еўрарадыё кажа, што дзейнічае у рамках “дзейнага заканадаўства”.
Што будзе далей — невядома. На фірме спадзяюцца на разумныя крокі “дзяржаўных мужоў”, якія навучаныя і могуць пралічваць эканамічныя дзеянні на некалькі гадоў наперад!
“Я як спажывец таксама хаджу ў краму і хачу, каб маё дзіця хоць раз на тыдзень ела банан. Людзі прывыклі да салаты, да таго, што сельдэрэй можна есці цалкам, а не абрываць лісцікі і есці толькі іх, прывыклі да рукалы, да хурмы “какі”, якая не вяжа рот. Вы, пэўна, не памятаеце, але мой тата нам у дзяцінстве толькі пад Новы год прывозіў бананы з Масквы, яны даспявалі пад канапай, і потым мы іх елі. Ніхто не хоча вяртання тых часоў. Спадзяемся, што гэта доўга не працягнецца і нешта выраўняецца”.
Стаматолагі ўжо не могуць набыць анестэтык
Прыватная стаматалагічная паліклініка, што ў цэнтры Мінска, на ўмовах ананімнасці расказвае, як яны ўжо жывуць з мараторыем. Акрамя забароны на рост цэнаў тут дзейнічае і забарона Мінаховы здароўя на рост цэнаў на медпаслугі.
“Мы набываем свае матэрыялы за беларускія рублі ў пастаўшчыкоў. Але мы ўжо адчулі: па нейкіх пазіцыях матэрыялы пачалі знікаць. У нас, да прыкладу, ужо такая сітуацыя ўзнікла з адным прэпаратам-анестэтыкам. Можа, у пастаўшчыка прэпараты і ёсць, але для нас быццам бы няма, пастаўшчык чакае вырашэння сітуацыі”, — кажуць у стаматалагічнай паліклініцы. Тут заўважаюць, што, магчыма, у Беларусі ёсць нейкія стаматалагічныя прэпараты, але яны, як і іх калегі, карыстаюцца імпартнымі матэрыяламі.
Заўважаюць, што можа стацца так, што дактары будуць працаваць з нейкім адным прэпаратам, у той час як уся цывілізаваная Еўропа будзе развівацца ў стаматалогіі далей.
Ці прыедуць у Беларусь новыя аўто і бытавая тэхніка?
У мінскім салоне “Аўдзі” кажуць пра тое, што студзень для іх — заўсёды мёртвы месяц: няма новых машын, нават новыя цэны завод пакуль не прысылаў. У аўтацэнтры кажуць, што будуць чакаць лютага, калі сітуацыя трохі вызначыцца.
Але заўважаюць, што і раней продажы новых аўто не былі высокімі, найбольшы даход ідзе з абслугоўвання аўто.
“А на гэтыя паслугі мы не падымалі цэны, чаму мы павінныя іх падымаць? У людзей заробкі ж не выраслі”, — кажуць у бухгалтэрыі аўтасалона і завяраюць, што не будуць парушаць заканадаўства: калі будзе пастанова на мараторый цэнаў і далей, тады будуць думаць.
Аптымістычна-іранічна насроеныя і прадаўцы бытавой тэхнікі пасля ажыятажнага распродажу “пралак-халадзільнікаў-пыласосаў” у снежні мінулага года.
“Вось папрацавалі ў снежні. Нам жа яшчэ і прэзідэнт падзякаваў за разгрузку складоў, а потым будзем адпачываць, калі сітуацыя застанецца такой жа”, — кажа прадавец пральных машын Андрэй.