Суд пра будаўніцтва царквы на возеры Балдук: у грамадскіх слуханнях адмоўлена
Глыбоцкі раённы суд 27 лістапада вынес рашэнне паводле пазова эколагаў і жыхароў вёскі Станчыкі да Пастаўскага райвыканкама з патрабаваннем правесці грамадскія абмеркаванні будаўніцтва царквы на беразе возера Балдук. Рашэнне пра адмову ў задавальненні патрабаванняў істцоў абвясціў суддзя Андрэй Тарасевіч.
Як паведамляе БелаПАН са спасылкай на юрыста грамадскага аб’яднання “Экадом” Рыгора Фёдарава, суд не падаў матывіровачную частку рашэння ў пісьмовай форме. Суддзя даў толькі вусныя тлумачэнні, што на гэтым этапе праекта правядзенне грамадскіх слуханняў немагчымае і спаслаўся на тое, што істцы не абскардзілі рашэнне Пастаўскага райвыканкама ад 2013 года, паводле якога было дазволенае будаўніцтва аб’екта.
“Экадом” мае намер падаваць касацыйную скаргу ў Віцебскі суд і рабіць далейшыя захады для аднаўлення экалагічных правоў грамадзян.
Эколагі і мясцовыя жыхары настойвалі на правядзенні грамадскіх абмеркаванняў па будаўніцтве царквы на беразе возера Балдук. Яны спасылаліся на закон “Аб архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці”, які прадугледжвае такія слуханні.
Балдук з’яўляецца ўнікальным для Беларусі возерам, сфармаваным 9-10 тысяч гадоў таму ў выніку руху і раставання ледніка. Гэтай восенню на беразе Балдука на мяжы з нацыянальным паркам “Нарачанскі”, пасярод гідралагічнага заказніка “Швакшты” праваслаўная царква пры фінансавай падтрымцы мінскага бізнесмена Мікалая Раманевіча пачалі будаўніцтва храма вобраза Божай Маці “Жываносная крыніца”. Згодна з планамі, да храма могуць дадаць падворак і дзіцячы летнік болей як на 100 месцаў.
Мясцовыя жыхары лічаць, што з’яўленне царквы з усёй дадатковай інфраструктурай у дадатак да антрапагеннай нагрузкі, якая ўжо ёсць, прывядзе да знішчэння возера, бо яно мае адчувальную экасістэму — для поўнай змены вады ў ім неабходна каля 30 гадоў.
Фота: mypostavy.by