“Свабодны тэатр” паказаў нямецкія "Нажніцы"

Падпольны “Свабодны тэатр” прывёз у Беларусь пастаноўку знанага нямецкага рэжысёра Кая Охрэма, працягнуўшы такім чынам серыяльны фэст “Еўрапейскі тэатр беларускай публіцы”. А ў працяг фестывалю рыхтуе пастаноўку “Спасцігаючы каханне” паводле рэальнай гісторыі Ірыны Красоўскай і яе зніклага мужа. ***
"Свабодны тэатр" працягвае падпольную дзейнасць у Беларусі. Днямі ў Мінску як заўжды ва ўмовах блізкіх да партызанскіх у напаўзакінутым будынку адбыўся паказ нямецкага спектакля «Нажніцы». Ён прайшоў як чарговая серыя фестывалю “Еўрапейскі тэатр беларускай публіцы» - доўгатэрміновага праекта, у межах якога арганізатары прывозяць у Беларусь еўрапейскія спектаклі. Спектакль "Нажніцы" паставіў прызнаны нямецкі рэжысёр Кай Охрэм. Яго паглядзела каля 50 маладзёнаў і, па меркаваньні рэжысёра, гэта была вельмі ўдзячная і ўважлівая публіка.

Кай Охрэм: Ад публікі ў мяне засталося вельмі прыемная ўражанне. І лічу, што "Свабодны тэатр" можна павіншаваць з такім гледачом. Бачна, што яна галодная да добрага тэатру і што людзям вельмі цікава. Таму адно задавальненне працаваць з і для такой публікі.

Такой яна была, можа, яшчэ і таму, што праблематыка п'есы цалкам зразумелая беларускім гледачам. Гвалт над дзецьмі, адзінота, існаванне ў пэўных рамках, спустошанасць і безвыходнасць. Сацыяльная драма адной сям'і, дзе бацька п'е, маці працуе, а дзіця належыць самому сабе і ўрэшце рэшт сканчае жыццё самагубствам, утыркнуўшы нажніцы ў вока... Прадстаўнікі нямецкага тэатра нават не чакалі, што беларусы ўспрымуць твор сучаснай, папулярнай і вельмі пладавітай драматургесы Дэа Лоэр нават лепш за немцаў.

Спектакль у рэжыме рэальнага часу перакладаўся з нямецкай на беларускую і суправаджаўся жывой музыкай. Яна-та, на думку Кая і артысткі Клаўдыі, і дапамагала зразумець спеклакль лепш за словы, якія не заўжды можна было разабраць.

Кай Охрэм: Я лічу, што гэта класна, калі гучыць нямецкі голас, а на яго накладаецца беларускі тэкст. Ён стварае ўражанне ценю і працягу.

Рэжысёр зазначыў, што не толькі публіка і агучаныя сацыяльныя праблемы ў Беларусі і Нямеччыне падобныя. Нягледзячы на розніцу ў менталітэтах, Свабодны тэатр і паплечнікі Кая Охрэма маюць шмат агульнага.

Кай Охрэм: Нас цікаваць тэмы, якія замоўчваюцца. І нам хочацца прыцягнуць да гэтых праблемаў увагу грамадскасці.

Гэта ўжо другі візіт Кая ў Мінск. Мінулым разам з трупай Мікалая Халезіна быў пастаўлены спекталь «Грум-Грум». Гэтым разам, паказаўшы «Нажніцы», нямецкі рэжысёр зноў з'ехаў з планамі і з жаданнем далей супрацоўнічаць са «Свабодным тэатрам». Натуральна, што не менш планаў і ў беларускіх акцёраў. Падпольны фестываль «Еўрапейскі тэатр беларускай публіцы» будзе працягвацца. Пра гэта Еўрарадыё распавяла адміністратар тэатру Маша. Яна таксама паведаміла, што ў хуткім часе мінчукам прэзентуюць працяг спекталя «Пакаленне Джынс», які будзе прысвечаны гвалтоўным знікненням.

Адміністратар Маша: Называецца ён Discover love (“Cпасцігаючы каханне”). Гэта ўжо не монафармат, а спекталь, у якім будуць задзейнічаны 3 акцёры і таксама ды-джэй. У аснову п'есы пакладзеная гісторыя Ірыны Красоўскай і яе зніклага мужа. А таксама аналагічныя гісторыі падобных знікненняў па ўсім свеце.

Пасля прэм'еры трупа працягне гастролі за мяжой і адкрые ў Беларусі тэатральную школу. Яе выпускнікі прыйдуць у «Свабодны тэатр» творцамі-універсаламі: акцёрамі, рэжысёрамі і драматургамі адначасова.

Нагадаем, каб трапіць на спектакль “Свабоднага тэатра”, які ў 2007 годзе атрымаў прэстыжную прэмію Французскай Рэспублікі ў галіне абароны правоў чалавека “Свабода — Роўнасць — Братэрства”, трэба пільна адсочваць інфармацыю ў інтэрнэце – а ў прыватнасьці такіх суполках, як by_theatre і afisha_by. Напярэдадні чарговага спектаклю менавіта там звычайна з’яўляюцца абвесткі з кантактным тэлефонам. Калі па ім пазваніць, то вам скажуць, куды прыехаць. Аднак гэта яшчэ не будзе зала, там вас і іншых гледачоў сустрэнуць і адвядуць непасрэдна на месца чарговага тэатральнага дзеяння. Спектаклі “Свабоднага тэатра” бясплатныя.

Фота: Хартыя-97

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі