Сяржант, які знайшоў цела Коржыча, ведаў яго з дзяцінства

Фота: Еўрарадыё
Фота: Еўрарадыё

23-гадовага Андрэя Зайца будуць дапытваць у судзе па справе Аляксандра Коржыча апошнім. У залу суда сяржант прыбудзе з папраўчай калоніі — у цяперашні час ён адбывае пакаранне па справе аб дзедаўшчыне. Па версіі следства, тыя выпадкі не звязаныя са смерцю Коржыча. На гэты раз Заяц прыбудзе ў суд у статусе сведкі.

І ўжо гэта дзіўна: у лістападзе 2017 года Святлана Коржыч, маці загінулага пінчука, назвала прозвішча Зайца ў ліку затрыманых па справе аб смерці яе сына! А з іншых крыніц Еўрарадыё стала вядома, што менавіта Андрэй Заяц вечарам 3 кастрычніка знайшоў Аляксандра Коржыча павешаным ў падвале медроты на тэрыторыі 72-га вучэбнага цэнтра ў Печах.

Да гэтага часу гэтая інфармацыя не была афіцыйна пацверджаная. Але 20 жніўня Вадзім Лалуа, дзяржабвінаваўца па "справе Коржыча", пацвярджае нам, што менавіта Андрэй Заяц знайшоў цела радавога ў пятлі.

Сяржант удзельнічаў у следчых эксперыментах па "справе Коржыча".

"Сядзеў, плакаў, рукі трэсліся. [На следчым эксперыменце] я задавала пытанні, як ён яго знайшоў, — расказвае Еўрарадыё Святлана Коржыч. — Сказаў так: "Я быў на дзяжурстве, мяне паслалі за шанцавым інструментам. Я агледзеўся, было цёмна, стаў падсвятляць, і ўбачыў труп хлопчыка. Я думаў, што гэта манекен". Я ў яго пытаюся: "Якім ён быў? Звязаным ці не?". Ён сказаў, што ногі былі звязаныя — гэта адназначна, але там табурэткі не было. Гэта было ў 17:00, гэта ж цёмна ўжо было. Куды яго маглі паслаць, за якім інструментам?"

Аляксандр Коржыч праходзіў службу ў 3-й школе 72-га вучэбнага цэнтра ў Печах, а Заяц — у 307-й школе. Школы размешчаныя ў розных воінскіх часцях і ў розных будынках. Абедзве казармы знаходзяцца прыблізна ў пяці хвілінах ад медроты, дзе знайшлі цела радавога. Выпадкова апынуцца ў памяшканні, дзе было знойдзенае цела Аляксандра Коржыча, даволі складана. Яно не было зачыненае на замок, але не выкарыстоўвалася, таму туды доўгі час ніхто не заходзіў — нагадаем, следства выявіла, што радавы правісеў ў пятлі цэлы тыдзень. Пацярпелыя казалі на судзе, што інвентар для прыборкі захоўваўся адразу за уваходам у падвал, з правага боку. А цела Аляксандра Коржыча было знойдзенае ў глыбіні падвала.

 

За што ўжо асуджаны сяржант Андрэй Заяц

Прысуд Андрэю Зайцу вынесены яшчэ 18 траўня 2018 года судом Барысаўскага раёна Мінскай вобласці. Сяржанта прызналі вінаватым у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных артыкуламі ч.1 арт.455 ("Злоўжыванне ўладай"), ч.2 арт.455 (“Перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў, спалучанае з гвалтам”) Крымінальнага кодэкса. Сяржанта адправілі ў папраўчую калонію ўзмоцненага рэжыму на тры гады без канфіскацыі маёмасці.

З крымінальнай справы Святлана Коржыч выпісала некаторыя паказанні:

"Заяц збіраў грошы за мыццё баявога адзення, прымушаў купляць ваеннаслужачых тэрміновай службы за магчымасць схадзіць у краму прадукты.

Заяц спрабаваў маральна зняважыць салдат, мог абразіць, проста прычапіцца ці спытаць, чаму не ўсміхаешся або, наадварот, чаму усміхаецца чалавек".

З паказанняў вайскоўца Юрыя Сахарчука:

"Наконт Зайца магу сказаць, што ён быў камандзірам майго аддзялення, то бок самы галоўны з сяржантаў майго ўзвода. Заяц са сваімі сяржантамі не кантактаваў. Ён замкнёны, пагардлівы, хітры. Вельмі хітры. Наш ўзвод яго не цікавіў, яму было ўсё роўна, што мы робім і што робяць з намі. Ён вечна лунаў у аблоках, думаў пра сваё, думаў пра тое, як нажыцца на салдатах. Ён мог сядзець на крэсле і па некалькі гадзін глядзець у адну кропку. Чаму ён так рабіў, не ведаю. Думаю, у яго былі псіхічныя адхіленні".

Ёсць у справе і такая характарыстыка:

"Сяржант Заяц ні з кім не кантактаваў, размаўляў сам з сабой. Быў выпадак, калі ён хадзіў голым па казарме ў прысутнасці маёра-псіхолага. Агрэсіўным Заяц не быў".

Таксама Святлана Коржыч зачытвае з паказанняў гісторыю, калі Заяц, назіраючы, як салдат чысціць зброю, "падыходзіў да вакна, цэліўся і нібыта страляў. Пры гэтым выдаваў гукі стрэлаў". "Гэта ён рабіў на працягу 15-20 хвілін, гэта значыць, увесь той час, пакуль я чысціў зброю", — заканчвае паказанні салдат.

 

Андрэй Заяц ведаў Аляксандра Коржыча з дзяцінства

Святлана Коржыч кажа, што яе сын быў знаёмы з Андрэем Зайцам задоўга да службы ў войску. Калі Сашу Коржычу было 10-11 гадоў, ён ездзіў у Салігорск у госці да сям'і мамінай сяброўкі, з якой Святлана правучылася восем гадоў.

Некаторы час таму гэтая жанчына патэлефанавала Святлане Коржыч і спытала, ці прыязджала да яе маці Зайца. Аказалася, што сям'я сяржанта жыве на адной лесвічнай пляцоўцы з сяброўкай Святланы. Тады, падчас паездак у Салігорск, хлопцы і пазнаёміліся. Аднак сам Заяц, па словах Святланы Коржыч, адмаўляе, што ведаў Аляксандра да арміі.

У першыя дні пасля таго, як цела Аляксандра Коржыча было знойдзенае, і гэты выпадак дзедаўшчыны набыў агалоску, на сувязь з блізкімі радавога выйшла невядомая дзяўчына. Яна распавяла, што ў матэрыялах праверкі ўжо ёсць прозвішча меркаванага забойцы, устаноўленае па гарачых слядах. Гэта, маўляў, і ёсць той самы вайсковец, які знайшоў Сашу павешаным ў падвале медсанчасці.

"Яго турбавала, што прайшоў час, а Коржыча ніхто не шукае. Ён дапускаў, што ахвяра змагла вызваліцца з пятлі і ўжо дае паказанні. І тады сам пайшоў у падвал, нібыта за венікам (хоць вядома, што інвентар для прыборкі складзены ў іншым месцы), а на самай справе, каб пераканацца ва ўласнай бяспецы", — сцвярджае дзяўчына.

Таксама яна распавяла, што гэты вайсковец вёў дзённік на англійскай мове, у якім апісаў падрабязнасці забойства Аляксандра Коржыча. Падобнымі сведчаннямі дзяліліся вайскоўцы з часткі, у якой служыў Коржыч. Аднак у цяперашні час сувязі з гэтай дзяўчынай няма, а яе старонка "Вконтакте" выдаленая, таму да яе версіі варта ставіцца скептычна.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі