Таццяна Караткевіч атрымала перадвыбарчы наказ ад Партыі БНФ

Сойм Партыі БНФ 25 ліпеня вызначыўся з прынцыповымі пазіцыямі, якія хоча бачыць у праграмных дакументах прэтэндэнткі на прэзідэнцкую пасаду Таццяны Караткевіч. Партыя БНФ, нагадаем, уваходзіць у кааліцыю “Народны рэферэндум”, якая падтрымлівае Караткевіч на сёлетніх прэзідэнцкіх выбарах.

Як адзначыў старшыня партыі Аляксей Янукевіч, раней Караткевіч ужо рабіла “супярэчлівыя выказванні”, таму арганізацыя вырашыла акцэнтавацца на пэўных момантах. Напрыклад, Партыя БНФ лічыць, што ў праграмных дакументах Караткевіч незалежнасць Беларусі павінна быць “вышэйшай каштоўнасцю”, а ў выпадку абрання на пасаду прэзідэнта палітык павінна “зрабіць усе намаганні дзеля яе захавання і ўмацавання”.

Таксама Караткевіч прапануюць настойваць на тым, каб з Беларусі вывелі ўсе замежныя войскі і ваенныя аб’екты ў максімальна кароткі тэрмін. Апроч таго, ад кандыдаткі чакаюць, што яна выкажа ідэю пра перагляд усіх міжнародных дамоўленасцяў Беларусі на прадмет іх адпаведнасці інтарэсам краіны.  

Партыя БНФ прапануе Таццяне Караткевіч паставіць на мэце канстытуцыйную рэформу, якая, сярод іншага, зменшыць паўнамоцтвы прэзідэнта на карысць парламента. Арганізацыя звяртае ўвагу і на неабходнасць вярнуць у якасці дзяржаўнай сімволікі бел-чырвона-белы сцяг і герб “Пагоня” і забяспечыць прыярытэтнае развіццё беларускай мовы і культуры, перадае БелаПАН.

Фота з архіву

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі