Турнір, у якім прымаў удзел Цясак, пройдзе ў Мінску
Кіраўнік прамоўшну White Rex выказаўся Еўрарадыё, што не мае нічога супольнага з нацызмам, і патлумачыў, чаму ў яго шоў не б’юцца каўказцы.
Расійская кампанія White Rex заявіла пра свой дэбютны турнір у Мінску ― трэцяга жніўня ў клубе “Гагарын”. Нагадаем, што гэту арганізацыю ў інтэрнэце часта абвінавачваюць у неанацысцкіх схільнасцях. На адным з турніраў, які ладзіла кампанія, біўся, да прыкладу, добра вядомы ў Мінску Максім “Цясак” Марцінкевіч, якога многія лічаць неанацыстам. А на вопратцы White Rex некаторыя бачаць замаскіраваныя ўльтраправыя сімвалы.
“З гонарам спяшаемся паведаміць, што анансаваны раней турнір па змяшаных адзінаборствах White Rex адбудзецца 3 жніўня ў сталіцы Белай Русі, славутым горадзе Мінску, ― апавядаецца на афіцыйным сайце арганізацыі. ― Мы ўпэўнены, што спаборніцтвы ў Мінску ― гэта важны крок у развіцці баявога спорту ў асяродку здаровай белай моладзі і ўмацаванне таварыскіх вузаў паміж брацкімі народамі”.
У мінскім клубе “Гагарын” Еўрарадыё пацвердзілі, што турнір сапраўды адбудзецца.
“Для нас гэта проста спартовае мерапрыемства, ніякай забароненай сімволікі там не будзе, ― лічыць Аляксандр Будніцкі, адказны за ідэалогію ў клубе “Гагарын”. ― Наконт пытання правядзення турніру я яшчэ раз пракансультуюся ў выканкаме”.
Будучы турнір ужо нарабіў розгаласу ў інтэрнэце, пытанне актыўна абмяркоўваецца ў сацыяльных сетках.
Прэзідэнт кампаніі White Rex Дзяніс Нікіцін аператыўна зрэагаваў на зварот Еўрарадыё і прама адказаў на нязручныя пытанні.
Дзяніс Нікіцін: “Афіша наконт турніру вісіць два тыдні, кампетэнтныя органы далі на гэта дазвол. Дзіўна, што зараз пачаліся нейкія абмеркаванні”.
Еўрарадыё: White Rex абвінавачваюць у неанацызме. У вашых турнірах, напрыклад, прымаюць удзел толькі “белыя”. Як вы гэта пракаментуеце?
Дзяніс Нікіцін: “У нас прысутнічаюць байцы розных нацыянальнасцяў ― немцы, румыны, італьянцы, французы, рускія, беларусы, украінцы. Зводзіць нашы турніры да палітыкі ― няправільна. Так, мы імкнёмся праводзіць нашы спаборніцтвы без прадстаўнікоў Каўказа, гэта абумоўлена пытаннямі бяспекі. У Санкт-Пецярбургу, напрыклад, быў чэмпіянат Расіі па вольнай барацьбе, дзе інгушы пабіліся з дагестанцамі. Быў чэмпіянат Масквы па муай-тай два гады таму, дзе дагестанцы пабілі рускага трэнера і распачалася нядобрая сітуацыя, якую вырашалі два аўтобусы з АМАПам. Мы праводзім турніры ў тым ліку ў Растове, Краснадары. Гэта выбуханебяспечныя кропкі, дзе мне не патрэбны масавыя бойкі з удзелам каўказцаў”.
Еўрарадыё: Ваша кампанія выпускае вопратку. На сайце выстаўлена мадэль шортаў, на якіх надрукаваны так званыя руны. На лагатыпе кампаніі ― стылізаваны калаўрат. Прадукцыя з гэтымі сімваламі забаронена да праносу на беларускія стадыёны…
Дзяніс Нікіцін: “Што тычыцца шортаў, з рунамі, то такая мадэль ужо не выпускаецца. І я не думаю, што калаўрат ― гэта забаронены сімвал. Ён прысутнічае і ў нашай, і ў вашай міфалогіі з часоў Кіеўскай Русі. Ёсць знакамітая брашура УЕФА, якой любяць тыкаць у нос. Там гаворка вядзецца пра сувязі з эсэсаўскімі дывізіямі, з іх сімволікай. Я не бачу ў сваёй прадукцыі сімволіку Трэцяга Рэйху. Але ёсць людзі, якія бачаць цень Гітлера і пагрозу ва ўсім і паўсюль. Абвінавачванні ў прапагандзе неанацысцкай сімволікі я лічу маразмам, мы займаемся спортам”.
Еўрарадыё: А чаму турнір вырашылі праводзіць у Мінску?
Дзяніс Нікіцін: “Гэта заканамерна. Ёсць хлопцы з Мінску, якія прымалі ўдзел у нашых шоў, ёсць добрыя сувязі са спартовымі арганізацыямі”.
Еўрарадыё: Максім “Цясак” Марцынкевіч таксама прымаў удзел у вашых турнірах. Якая ў яго рэпутацыя, добра вядома…
Дзяніс Нікіцін: “Праз наш турнір за год праходзіць каля тысячы чалавек. Людзі прытрымліваюцца розных палітычных поглядаў. Мяне гэта не надта хвалюе. Калі ў фінальным турніры, які праходзіў у Маскве, ўдзельнічаў Максім, для мяне быў важны элемент раскруткі. Калі ён біўся, то трансляцыю пачалі глядзець +10 тысяч чалавек. Для нас у плане раскруткі гэта быў удалы PR-ход. А ў дзейнасці Максіма я не бачу заклікаў да расстрэлаў, пагромаў і іншых экстрэмісцкіх дзеянняў. Гэта і сапраўды шоўмэн. У чалавека могуць быць розныя палітычныя погляды. Я мяркую, што тое самае адбываецца і ў Расійскай футбольнай Прэм’ер-Лізе: гульцы прытрымліваюцца розных поглядаў. Але ад гэтага Ліга не робіцца нацысцкай, антыфашысцкай ці анархісцкай. Я запрашаю вас на турнір, і я запэўніваю, што нічога палітычнага вы не пабачыце”.
Выказацца наконт суботняга турніру мы прапанавалі і аўтарытэтнага актывіста з антыфашысцкага асяродку, дзе магчымую падзею актыўна крытыкуюць:
“Спартсмены прымаюць удзел у турніры, без задняй думкі. А насамрэч, мы лічым, гэта папулярызацыя антыбеларускіх поглядаў. Расійскія шавіністы не лічаць Беларусь суверэннай краінай, якая мае сваю багатую гісторыю. У суботу тут будзе тварыцца пекла. На турнір прыедуць сотні рускіх, якія прытрымліваюцца так званых правых поглядаў. А ў нядзелю будзе футбольны матч “Дынама-Мінск”-“Дынама-Брэст”. Яшчэ адна прычына ўсім сабрацца. Гэта можа выклікаць пратэсты і беспарадкі”.
Еўрарадыё: Але пабачыць нешта сапраўды крамольнае ў турнірах White Rex складана. Прэзідэнт кампаніі таксама не ўсхваляе Гітлера. Байцы ж маюць магчымасць атрымаць добры досвед. Турніраў у нас праводзіцца мала.
Антыфашыст: “Нават калі кіраўнік White Rex ― звычайныя бізнесмен, то яго мэтавая аўдыторыя ― неанацысты. Хай сабе на іх і можна добра зарабіць. Здавалася б, гэтыя людзі высоўваюць правільныя лозунгі кшталту “здаровы лад жыцця”. Але не бывае добрых ідэй там, дзе нармальна хваліць Гітлера і крычаць “зіг-хайль”. Нядаўна White Rex праводзілі турнір у Рыме, і суарганізатарамі там была арганізацыя Casa Pound, якая не ўтойвае сваіх “фашысцкіх поглядаў”.
У гэтым матэрыяле мы выклалі розныя пункты гледжання датычна турніру. Спадзяемся, што кампетэнтныя спецыялісты разбяруцца, ці адпавядае канцэпцыя шоў White Rex беларускаму заканадаўству.
Як стала вядома Еўрарадыё, пытаннем зацікавіўся і Мікалай Чаргінец ― старшыня грамадскага Савета па маральнасці. Дзеяч на ўсялякі выпадак правярае, ці адпавядае канцэпцыя турніру беларускаму заканадаўству.
Калі ж заяўлены турнір ― і сапраўды чыста спартовае мерапрыемства, не хацелася б, каб з-за гэтага матэрыялу ён быў адменены.
Фота Ганны Малыхінай