У беларускім войску салдаты хаваюць мабільныя тэлефоны

Беларускі вайсковец збег з часткі з-за таго, што камандзір забраў планшэт. Вядома, што ў войску мабільнымі гаджэтамі можна карыстацца толькі ў вольны ад службы час, але салдаты часта іх хаваюць.

"Па правілах можна было карыстацца ў нядзелю. А так, іх здавалі камандзіру роты. Ён іх захоўваў у сейфе. Але ўвогуле, неафіцыйна, хавалі іх карацей, карысталіся", — распавядае Антон, які служыў у Мар'інай Горцы, акурат у той частцы, адкуль збег салдат.

Браць тэлефоны з сейфа дазваляюць ў суботу-нядзелю ў вольны час. Можна патэлефанаваць сябрам і сваякам, зайсці ў сацыяльныя сеткі. Гэта звыклая практыка, кажа прэс-сакратар Міністэрства абароны Уладзімір Макараў.

"Гэта практыка усіх дзяржаў усяго свету, і не толькі у сувязі з тэхнічнымі магчымасцямі выведак і гэтак далей. Нават тут у цэнтральным апараце ўся мабільная сувязь здаецца".

Украінскім вайскоўцам можна карыстацца тэлефонам увесь час, але гэта не вітаецца. У вольны ад службы час можна нават сядзець у сацсетках.

Шэраг урадаў краін СНД наадварот выступае за тое, каб у салдата быў мабільны, кажа расійскі ваенны аглядальнік палкоўнік Віктар Баранец.

У тэлефоне салдата мусяць быць нумары пракуратуры, камітэта абароны вайскоўцаў і салдацкіх маці, каб салдат мог паскардзіцца на парушэнне сваіх правоў. У Расіі пэўны час мабільныя былі цалкам дазволеныя. Але з-за гэтага пачаўся бардак. Дзяды адбіралі тэлефоны ў салдатаў, якія карысталіся ім падчас службы, распавядае Віктар Баранец.

"Яшчэ ў часы Сердзюкова сталі ўзнікаць канфлікты. У сувязі з тым, што многія салдаты прыбывалі на службу са сваімі мабільнікамі. І быў вялікі бардак. Салдаты карысталіся сваімі тэлефонамі падчас вучэнняў, цэлую ноч у казармах званілі званкі. Хлопцы балбаталі пра што заўгодна, у тым ліку, і тыя, хто служыў ў ракетных войсках стратэгічнага прызначэння".

Потым выйшла пастанова, якая вызначыла правілы карыстання мабільнікамі ў войску — іх здаюць на захаванне, а ў вольны час можна браць.

Віктар Баранец: "Вы разумееце, што некаторыя служаць у войсках, дзе шмат сакрэтнасці. Напрыклад, атамны падводны флот, ракетныя войскі стратэгічнага прызначэння. І каб гэтыя салдаты паменей Машкам распавядалі, дзе дыслакуецца іх частка, якія праблемы вырашаюцца, гэтай жа дырэктывай было ўсталявана патрабаванне аб захаванні вайсковай таямніцы. Салдат падчас прысягі дае клятву захоўваць таямніцу. З кожным пад распіску праведзеная размова, што можна казаць па тэлефоне, а што нельга".

І такія патрабаванні нармальныя для ўсіх краін, дзе дазволеныя тэлефоны у войску, дадае Віктар Баранец. Планшэтамі ў расійскай арміі таксама можна карыстацца. А новы міністр абароны ўвогуле прапанаваў стварыць у частках інтэрнэт-кавярні, каб салдаты, якія не маюць ўласнага планшэта ці ноўтбука, маглі карыстацца інтэрнэтам.

Ва ўзброеных сілах Літвы мабільныя тэлефоны выкарыстоўваюць, як адзін са сродкаў сувязі, кажуць Еўрарадыё у літоўскім Мінабароны. Абмежаванні на выкарыстанне мабільнікаў і любых сродкаў сувязі можа быць, калі гэтага патрабуе бяспека, залежыць гэта і ад месца службы, канкрэтных задач ці патрабаванняў падчас аперацый і вучэнняў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі