У Брэсце суд не задаволіў скаргу на фармаванне аблвыбаркама
Група грамадзян патрабавала, каб адбылося пераабранне брэсцкай абласной камісіі па выбарах прэзідэнта.
23 ліпеня ў Брэсцкім абласным судзе адбыўся разгляд па скарзе на фармаванне аблвыбаркама. Брэсцкая абласная камісія па выбарах прэзідэнта была сфармаваная тры дні таму на сумесным пасяджэнні прэзідыума абласнога савета дэпутатаў і абласнога выканаўчага камітэта. З 27 чалавек, чые заявы былі дапушчаны да разгляду на
паседжанні, у камісію былі ўключаныя 13 чалавек.
Кіраўнік галоўнага ўпраўлення арганізацыйна-кадравай працы аблвыканкама Сяргей Цімашук паведаміў прысутным, што пры абмеркаванні кандыдатур за аснову браўся досвед працы прэтэндэнтаў у выбарчых камісіях, іх працоўныя якасці, а таксама маштабнасць арганізацыі ці партыі, якую яны прадстаўляюць.
З такой фармулёўкай не пагадзіўся грамадскі актывіст Дзяніс Турчаняк. Ён вылучаў сваю кандыдатуру ад грамадзян шляхам падачы заяваў, але не трапіў у выбарчую камісію.
Ад імя групы грамадзян, якія вылучалі Дзяніса Турчаняка, была пададзена калектыўная скарга на рашэнне прэзідыума абласнога Савета і аблвыканкама. Яны патрабавалі, каб адбылося пераабранне брэсцкай абласной камісіі па выбарах прэзідэнта. На іх думку, пры фармаванні камісіі былі дапушчаныя грубыя парушэнні, бо ў выбарчым кодэксе
адсутнічаюць якія-небудзь крытэрыі адбору сябраў камісіі.
Аднак суддзя Ніна Усцімчук у дзеяннях чыноўнікаў парушэнняў не заўважыла. Скаргу суд не задаволіў.
Турчаняк: "Суд кіраваўся тым заканадаўствам, які зараз існуе і якое зацверджана цяперашняй уладай. Я лічу, што дзейным прэзідэнтам падрыхтавана ўся глеба для таго, каб яго абралі на наступны тэрмін. Мы ўсё гэта бачылі яшчэ на фарміраванні абласной выбарчай камісіі".
Па словах Турчанюка, сёлетняя камісіі ў пераважнай большасці складаецца з сябраў партый і арганізацый, якія падтрымліваюць дзейнага кіраўніка дзяржавы.