У Брэсце сёння пройдзе суд па скарзе на фармаванне аблвыбаркама

23 ліпеня ў Брэсце пройдзе суд па скарзе на фармаванне аблвыбаркама. Брэсцкая абласная камісія па выбарах прэзідэнта была сфармаваная тры дні таму на сумесным пасяджэнні прэзідыума абласнога савета дэпутатаў і абласнога выканаўчага камітэта. З 27 чалавек, чые заявы былі дапушчаны да разгляду на паседжанні, у камісію былі ўключаныя 13 чалавек.

Кіраўнік галоўнага ўпраўлення арганізацыйна-кадравай працы аблвыканкама Сяргей Цімашук паведаміў прысутным, што пры абмеркаванні кандыдатур за аснову браўся досвед працы прэтэндэнтаў у выбарчых камісіях, іх працоўныя якасці, а таксама маштабнасць арганізацыі ці партыі, якую яны прадстаўляюць.

З такой фармулёўкай не пагадзіўся грамадскі актывіст Дзяніс Турчаняк. Ён вылучаў сваю кандыдатуру ад грамадзян шляхам падачы заяваў, але не трапіў у выбарчую камісію.

Турчаняк: "Персанальна кандыдатуры (усіх 27 чалавек) на паседжанні не разглядаліся. То бок праект рашэння быў ужо падрыхтаваны загадзя. Кім? Па логіцы рэчаў — аддзелам аблвыканкама... Не павінна быць аніякіх папярэдніх закулісных гульняў і адбору па крытэрыях, якія не прапісаны заканадаўствам".

Ад імя групы грамадзян, якія вылучалі Дзяніса Турчаняка, была пададзена калектыўная скарга на рашэнне прэзідыума абласнога Савета і аблвыканкама. Яны патрабуюць, каб адбылося пераабранне брэсцкай абласной камісіі па выбарах прэзідэнта. На іх думку, пры фармаванні камісіі былі дапушчаныя грубыя парушэнні.

Разгляд скаргі адбудзецца 23 ліпеня ў Брэсцкім абласным судзе.


Фота: Fotolia

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі