У цэнтры Мінска стала менш на яшчэ адзін гістарычны будынак

Па пастанове Савета міністраў ад 23 жніўня №814 будынак у гістарычным цэнтры Мінска па вуліцы Вызвалення, 8 выключылі са спісу гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Таксама каштоўнасцямі ўжо не лічацца яшчэ 6 аб’ектаў у розных кутках Беларусі.

“Што тычыцца будынка па Вызваленні, 8, сумяшчэнне архіўных планаў забудовы ўчастка ў ХІХ стагоддзі, прыведзеных да адзінага маштабу, даказала, што будынак святара ХІХ стагоддзя не мае дачынення да сучаснага будынку. Ён быў знішчаны ў вайну. А сённяшні будынак узводзіўся ў пасляваенны перыяд. Цяпер будынак у аварыйным стане”, — тлумачаць у Міністэрстве культуры.

Чыноўнікі ўзгадваюць і ліст з Мінгарвыканкама, у якім гэты будынак прасілі выключыць са спісу каштоўнасцяў. Што будзе на месцы ўжо некаштоўнага будынку, у Мінкульце адказаць не могуць.

Некаторы час у доме на вул. Вызвалення, 8 знаходзіўся ваенкамат Цэнтральнага раёна, пасля будынак пуставаў. У 2012 годзе там здарыўся пажар, віноўнікам палічылі бяздомнага.

Цяпер былы ваенкамат выглядае закінутым, на брамцы вісіць замок, а на плоце нават няма шыльды з нумарам дома.

“Гэта чарговае ўзаконьванне неправавых дзеянняў на тэрыторыі гістарычнага Мінска. Наш экзархат яшчэ ў 2007 годзе рабіў спробы распрацоўкі эскізных праектаў на гэтай тэрыторыі”, — прыгадвае старшыня Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч.

Дамы выключаюць са спісу помнікаў гісторыі, бо жадаюць пазбавіцца ад старых закінутых будынкаў, лічыць Антон Астаповіч. Так са спісу помнікаў выключылі два аб’екты былой сядзібы Рэйтанаў у Грушаўцы Ляхавіцкага раёна: аўчарню і майстэрню.

“Ніхто нічога не робіць для нармальнага стану помнікаў, яны дэградуюць, а пасля іх выключаюць з дзяржспісу. Так жа выключылі казарму памежнікаў у Заслаўі, трыбуны стадыёна “Дынама” у Мінску. І нам не пакінулі прававых механізмаў уздзейнічаць на сітуацыю. Мы спрабавалі аспрэчыць рашэнне наконт Брэсцкай крэпасці, будаўніцтва там моста. На ўзроўні суда, касацыйнай інстанцыі, пракуратуры нам адмовілі нават у разглядзе, бо заканадаўствам не прадугледжаныя механізмы аспрэчвання”, — тлумачыць Антон Астаповіч.

На пачатку жніўня у Мінску згарэў будынак на завулку Паўночным, які быў гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Дом загарэўся ў выніку падпалу. А ў 2011 годзе знеслі Першую мінскую электрастанцыю, каля Цэнтральнага дзіцячага парка, каб пабудаваць гатэль "Кэмпінскі". Яна таксама лічылася каштоўнасцю.

Дарэчы, па пастанове Саўміна, адзін будынак усё ж унеслі ў спіс каштоўнасцяў — гэта лецішча Васіля Быкава ў пасёлку Ждановічы.

Так зараз выглядае будынак па вуліцы Вызвалення, 8

На брамцы вісіць замок

Вуліца Вызвалення, на большасці дамоў шыльды "Гісторыка-культурная каштоўнасць"

На першым фота - дом 8 па вуліцы Вызвалення. Фота: Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі