У Еўрапарламенце заслухалі "паказанні" заснавальніка Facebook Марка Цукерберга

У Еўрапарламенце заслухалі "паказанні" заснавальніка Facebook Марка Цукерберга

У Еўрапарламенце заслухалі "паказанні" заснавальніка Facebook Марка Цукерберга. Услед за кангрэсменамі і сенатарамі ЗША еўрачыноўнікі публічна задалі свае пытанні Цукербергу пра захаванне асабістых дадзеных, палітыку прыватнасці і ўплыў сацыяльных сетак на еўрапейскія выбары.

Дарэчы, Марк Цукерберг пакуль адмаўляецца даць падобныя сведчанні ў брытанскім парламенце, прычым брытанскія палітыкі папярэджваюць, што могуць выслаць і позву, каб "паразмаўляць".

На мінулым тыдні прэзідэнт Еўрапарламента Антоніё Таяні заявіў, што сустрэча з Цукербергам адбудзецца за зачыненымі дзвярыма, аднак у панядзелак стала вядома, што праз патрабаванні сацыялістаў, зялёных і лібералаў, стрым усё ж такі плануецца.

Уступная прамова перад еўрапейскімі палітыкамі была напоўнена аптымізмам і мала адрознівалася ад папярэдняй "справаздачы" перад амерыканскімі сенатарамі і кангрэсменамі. Менш аптымізму ў тых, у каго накапіліся пытанні — адразу некалькі кіраўнікоў палітычных груповак Еўрапарламента (як і іх амерыканскія калегі) кажуць пра манаполію Facebook на рынку, гучыць рытарычнае пытанне сённяшніх дзён: "Што рабіць, калі няма акаўнту ў Facebook?" і "Хто ваш канкурэнт?".

Але галоўнае пытанне ў палітыкаў "Як можна было дапусціць да ўмяшання ў выбары ў Еўропе? І дзе гарантыі, што гэта не паўторыцца?". Сітуацыя крытычная, лічаць еўрадэпутаты, адбыўся ўдар па асноўных еўрапейскіх каштоўнасцях — па прыватнасці персанальных дадзеных і праве на бяспеку дзяржаўных інстытуцыяй і нацый.

Бельгійскі палітык Гі Вэргофстат, кіраўнік Alliance of Liberals and Democrats for Europe, кажа, што чутны толькі прабачэнні, але еўрапейцы патрабуюць ад Facebook увядзення правілаў на платформе і ўжо сабралі 1 млн подпісаў пад петыцыяй з такім патрабаваннем.

І зноў пытанне: ці будзе кампенсацыя еўрапейскім юзерам, чые асабістыя дадзеныя былі выкарыстаны? А такіх 50 мільёнаў. Пагадзіцеся, сцвярджэнне "Digital-монстар, які руйнуе наша грамадства" даволі прыкра пачуць. Але Марку прыйшлося. Здавалася б ганарыцца ёсць чым, па словах Марка Цукерберга, 6% рэкламы ў свеце размяшчаецца ў Facebook, 7-8 млн малых бізнесаў таксама рэкламуюцца на платформе.

Прагучалі адказы на пытанні пра правілы і каштоўнасці платформы, выплату падаткаў, але сам кіраўнік Facebook прызнаецца, што платформа "ніколі не будзе ідэальнай". Пакуль пад ударам нават тыя, хто не мае акаўнты ў сацсетцы, іх дадзенымі могуць скарыстацца "шэрыя" дадаткі. Тым не менш, як сцвярджае Цукерберг, адказваючы на няпростыя пытанні, празрыстасць выбараў у прыярытэтах інтэрнэт-гіганта. То бок барацьба з фэйкавымі навінамі і фэйкавымі акаўнтамі працягваецца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі