У Фаніпалі з дрэваў скідвалі гнёзды гракоў з птушанятамі (фота)

Гарадскія камунальныя службы ў Фаніпалі знішчылі вялікую калонію гракоў — раніцай 15 траўня людзі на машыне з пад’ёмнікам сталі збіваць гнёзды разам з птушанятамі. Як выявілася, камунальнікі хацелі абрэзаць дрэвы, а птушкі ім перашкаджалі. Птушаняты, якія не ўмелі лятаць, былі вырачаныя на гібель — іх мёртвыя целы былі раскіданыя па асфальце.

Абураныя мясцовыя жыхары паспрабавалі спыніць камунальнікаў, але не дамагліся гэтага і спалі тэлефанаваць у Мінпрыроды і “Ахову птушак Бацькаўшчыны” (АПБ). Як паведамляе сайт ptushki.org, беларускае заканадаўства вызначае жорсткія тэрміны, калі можна рабіць абрэзку дрэваў і разбураць гнёзды птушак. Падобныя дзеянні можна ажыццяўляць толькі з 16 кастрычніка па 15 красавіка — калі гнёзды не заселеныя.

На месца здарэння выехалі прадстаўнікі прыродаахоўных ведамстваў і АПБ, але на момант іх прыезду сляды знішчэння гракоў прыбралі. Праўда, мясцовыя жыхары паспелі запісаць нумар пад’ёмніка, які рабіў абрэзку дрэваў, а таксама зрабілі дзясяткі фота.

Паводле прыкладных ацэнак, загінула каля 30 птушанят.

Вінаватых пакараюць: фізічных асобаў штрафам у памеры да 20 базавых велічынь, а юрыдычную асобу — да 200 базавых велічынь. Апроч таго, знішчэнне гракоў з’яўляецца фактам нанясення шкоды навакольнаму асяроддзю. За кожную адабраную асобіну давядзецца заплаціць 6 базавых велічынь.

Аднаго маладога грака ўдалося ўратаваць: супрацоўнікі Дзяржынскай інспекцыі аховы прыроды знайшлі птушку крыху далей ад месца разбурэння гнёздаў, куды яна здолела спланіраваць. Выжыламу граку спатрэбіцца 2-3 тыдні нагляду, пасля чаго ён вернецца ў дзікую прыроду.

Падобны інцыдэнт адбыўся нядаўна ў Брэсцкай вобласці — у горадзе Маларыта знайшлі прымацаваных дротам да дрэваў гракоў. Работнікі камунальнай службы абразалі галіны дрэваў і разбуралі гнёзды птушак.

Фота: ptushki.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі