У Германіі могуць абмежаваць нашэнне паранджы
Нашэнне жанчынамі адзення, якое цалкам закрывае твар, можа стаць перашкодай для інтэграцыі ў нямецкае грамадства. Пра гэта заявіла канцлер Германіі Ангела Меркель у сваім інтэрв'ю выдавецкаму аб'яднанню Redaktionsnetzwerk Deutschland, апублікаваным у пятніцу, 19 жніўня.
Па словах Меркель, кажучы аб поўнай забароне паранджы, нікаба або чадры, варта ўзважыць усе палітычныя і прававыя аспекты. У вырашэнні гэтага пытання міністр унутраных спраў Германіі Томас дэ Мезьер можа разлічваць на поўную падтрымку канцлера, падкрэсліла Меркель.
Раней Томас дэ Мезьер заявіў, што лічыць магчымым забарону мусульманскай жаночай вопраткі толькі ў асобных выпадках, бо поўная забарона такога адзення можа супярэчыць канстытуцыі ФРГ. У якасці прыкладаў сітуацый, у якіх забарона можа мець сілу, дэ Мезьер назваў наведванне адміністрацыйных устаноў альбо кіраванне транспартнымі сродкамі.
А ў некаторых рэгіёнах Францыі папоўніўся спіс забароненай мусульманскай жаночай вопраткі. У пачатку жніўня мэр Канаў Давід Лінар забараніў жанчынам з'яўляцца на пляжах горада ў буркіні — купальных касцюмах, якія цалкам закрываюць цела ў адпаведнасці з патрабаваннямі шарыяту.
Каны сталі першым горадам, дзе была ўведзеная забарона, паведамляе BBC. Затым іх прыклад перанялі камуны Вільнёў-Лубе і Сіско. Чакаецца, што забарона на нашэнне буркіні на грамадскіх пляжах будзе прынятая і ў камуне Ле-Тукі-Пары-Пляж. Дарэчы, штраф за нашэнне буркіні складае 38 еўра.
Мэр Кан Давід Лінар патлумачыў сваё рашэнне так: "Буркіні выглядае як уніформа, як сімвал ісламскага экстрэмізму. Таму я забараніў іх гэтым летам".
Французская Асацыяцыя пра супрацьдзеянні ісламафобіі паспрабавала аспрэчыць рашэнне мэрыі Канаў, але прайграла. На думку суддзі, забарона ўпісваецца ў кантэкст закона ад 2004 года, які абмяжоўвае дэманстрацыю рэлігійных сімвалаў на публіцы.
"У кантэксце рэжыму надзвычайнага становішча, уведзенага пасля нядаўніх нападаў ісламістаў ў Францыі, паказальнае нашэнне рэлігійных сімвалаў, у дадзеным выпадку ў выглядзе купальнага адзення, можа прывесці да росту напружанасці і паўплываць на грамадскі парадак", — гаворыцца ў рашэнні суда.
Іншымі словамі, суд палічыў, што буркіні можна разглядаць не як нявінны рэлігійны сімвал, а як праяву ваенізаванай і агрэсіўна-прапагандысцкай формы радыкальнага ісламу.
Як і большасць французаў, калумніст каталіцкай газеты La Croix Жан-Крыстоф Плак’е не згодны з такім меркаваннем.
"У Францыі кожны можа апранацца ў што хоча, пакуль гэта не выходзіць за рамкі закону. Такім чынам, кожны мае права надзець буркіні. Гэта, аднак, не азначае, што мы павінныя быць наіўнымі. Буркіні адлюстроўвае погляды падзеленага грамадства, гэта аказвае ціск на іншых жанчын-мусульманак".
Забарону на цалкам закрытыя купальнікі падтрымаў і прэм'ер-міністр Францыі Мануэль Вальс. У інтэрв'ю французскай газеце "Праванс" ён назваў нашэнне буркіні палітычным праектам, які, паводле яго слоў, увекавечвае прыніжэнне жанчын і з’яўляецца несумяшчальным з каштоўнасцямі Францыі.
Яшчэ ў 2009 годзе ўлады Францыі забаранілі плаваць у буркіні ў грамадскіх басейнах, спаслаўшыся на патрабаванні гігіены. У 2011 годзе Францыя першай з еўрапейскіх краін забараніла нашэнне паранджы ў грамадскіх месцах, аднак забарона не распаўсюджвалася на іншыя мусульманскія строі.
Фота: picture-alliance/dpa/F.Schuh, Agence France-Presse