У Гомелі на пажары загінулі трое чалавек
У Гомелі на пажары загінулі трое чалавек. Трагічнае здарэнне адбылося ўначы 30 жніўня на восьмым паверсе 9-павярховага дома. Ратавальнікі знайшлі ў кватэры, у якой адбыўся пажар, целы двух жанчын. Цела мужчыны было на зямлі пад вокнамі кватэры. Іх асобы высвятляюцца. Гаспадара кватэры знайшлі на падлозе ў калідоры, ён атрымаў апёкі і тэрмаінгаляцыйную траўму, быў шпіталізаваны, інфармуе прэс-служба МНС. Мужчына знаходзіцца ў цяжкім стане. Раней яго неаднаразова прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці за антысанітарыю ў кватэры.
Мяркуецца, што ўзгаранне адбылося з-за неасцярожнага абыходжання з агнём падчас курэння.