У Лісабоне замест паштовак турыстам прадаюць партугальскую літаратуру
Там вырашылі, што кніга — лепшы ўспамін, і запусцілі па горадзе адмысловы аўтобус-кнігарню.
У сярэдзіне жніўня стала вядома, што еўразона выйшла з паўтарагадовай рэцэсіі. Самыя лепшыя паказчыкі з 17 краін паказала Партугалія: яе эканоміка павялічылася на 1,1%. Відаць, меры жорсткай эканомікі далі плён. Але партугальцы мусяць быць удзячнымі і брытанскім турыстам, якіх BBC называе “сонечным святлом партугальскай эканомікі”.
У Асацыяцыі гатэляў і турыстычных арганізацый правінцыі Алгарве кажуць, што колькасць брытанскіх турыстаў за паўгода павялічылася на 10%.
“Брытанцы складаюць каля 50% пасажыраў аэрапорта Фару (цэнтр правінцыі Алгарве – заўв.Еўрарадыё). Таму, калі брытанскія турысты адчуваюць сябе добра, то і Алгарве таксама”, — кажа прэзідэнт Асацыяцыі Эльдэрыка Вегас.
Цікава, што калі партугальская турыстычная сфера знайшла сілкаванне на поўначы, іх канкурэнты грэкі карыстаюцца праблемамі на поўдні і з ахвотай прымаюць турыстаў, якія адмаўляюцца ад адпачынку ў Егіпце.
Паказальна, што паміж Партугаліяй і Грэцыяй існуюць свае “міжусобіцы”. У Грэцыі для фірм, занятых у турызме, знізілі падатак на дададзеную вартасць (ПДВ) да 13%. У той час у Партугаліі, дзе падатак складае 23%, гадаюць, чым гэта скончыцца.
“Увядзенне падатку ў 13% у Грэцыі зробіць складаным для Партугаліі працаваць і прадаваць свае прадукты на міжнародных рынках”, — адзначае Жазэ Мануэль Эстэвес з асацыяцыі, якая прадстаўляе гасцінічны і рэстаранны сектар Партугаліі.
Дарэчы, у суседняй Іспаніі ПДВ складае яшчэ менш — 10%. Але ў абедзвюх пірынейскіх краінах, з якіх доўгі час прыходзяць выключна невясёлыя эканамічныя навіны, за месяц беспрацоўе знізілася на 0,1%. І зноў жа — дзякуючы турыстам, як піша Financial Times:
“Для такіх краін, як Іспанія, дзе занятасць залежыць ад летняга турыстычнага сезона, зніжэнне беспрацоўя, верагодна, часовае, кажуць эканамісты”.
Варта сказаць, што адказваючы на павелічэнне колькасці гасцей, партугальцы стараюцца задаволіць іх на розны густ, а не толькі класічнымі пляжамі і рэстаранамі. Напрыклад, апошнім часам па лісабонскіх вуліцах ездзіць мікрааўтобус, у якім можна набыць партугальскую літаратурную класіку. Праект створаны для турыстаў, якія не гавораць па-партугальску, таму кнігі перакладзеныя на замежныя мовы. Мяркуецца, што менавіта кніжка – лепшы ўспамін аб падарожжы ў Партугалію.
Фота з фэйсбук-старонкі праекта Tell a Story