У Магілёве могуць знесці чарговы гістарычны аб’ект
Жылы дом XІX стагоддзя на Камісарыяцкім завулку, 17. Пра гэта сцвярджае мясцовы праваабаронца Уладзімір Краўчанка.
Двухпавярховы дом пабудаваны з чырвонай цэглы, мае ўнікальную кладку і аздоблены драўлянай разьбой. Будынак з’яўляецца адзіным у сваім родзе і ўнікальны для Магілёва.
Па звестках Краўчанкі, на дадзены момант у гарвыканкаме вырашаюць, якім чынам пазбавіць будынак статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці. З дома ўжо выселілі тры сям’і. Астатнія жыльцы адмаўляюцца пераязджаць у іншае месца: дом хоць і патрабуе рамонту, аднак знаходзіцца ў самым цэнтры горада. Распавядае праваабаронца Уладзімір Краўчанка:
“Дом хочуць знесці, хоць ён знаходзіцца пад аховай дзяржавы. Гэта адзіны помнік архітэктуры ў Магілёве, дзе захавалася драўляная разьба. Дом перажыў Першую сусветную вайну, Другую, камуністычныя бясчынствы, а цяпер перажывае сучаснае чвавольства, калі дом хочуць канчаткова знішчыць. Падставы для вывядзення яго са спісу гісторыка-культурных каштоўнасцяў праз дрэнны матэрыяльны стан няма”.
Краўчанка адзначае, што толькі ў мінулым годзе ў Магілёве і Магілёўскім раёне было знішчана пяць дарэвалюцыйных будынкаў, якія ў той ці іншай меры ўяўлялі архітэктурную каштоўнасць.
“Справа ў тым, што калі там нічога не будзе, то гэты кавалак зямлі можна прадаць, а з пакупніка ўзяць грошы. Можна было б знізіць арэндную плату, знайсці гаспадара, прадаць нават гэты будынак за адну базавую велічыню і з уласніка патрабаваць яго аднаўлення. Але ж усё робіцца іншым шляхам, спачатку руйнуецца, а потым наноў адбудоўваецца”, — адзначае праваабаронца.
Уладзімір Краўчанка падкрэслівае, што каб абараніць будынак ад знішчэння, ад імя Таварыства аховы помнікаў былі накіраваныя дзве скаргі: першая ў Магілёўскі гарвыканкам, а другая ў Генеральную пракуратуру.
Ад пракуратуры праваабаронца патрабуе правесці праверку законнасці правядзення інжынерна-тэхнічных даследаванняў, навуковага абгрунтавання знішчэння будынка, а таксама распрацоўкі прапаноў па пазбаўленні будынка статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці. Акрамя таго, ён просіць правесці праверку па прыкметах правапарушэння, якое, на яго думку, у адпаведнасці з артыкулам “Аб барацьбе з карупцыяй”, стварае ўмовы для карупцыі, а менавіта мае прыкметы надання дзяржаўнымі службовымі асобамі пры падрыхтоўцы рашэнняў неправамернай перавагі інтарэсам інвестара.
Фота:svaboda.org
Спецыяльна для праграмы Кардыяграма