У Мінску галандская маліна каштуе $130. Чаму ў Амстэрдаме яна каштуе $21?

Фота pixabay.com
Фота pixabay.com

Беларусь — краіна багатых і знакамітых. Інакш як растлумачыць, што ў мінскіх гіпермаркетах кілаграм маліны каштуе $130? Фота, на якім красуецца кошт у 259 рублёў 92 капейкі, абляцела сацсеткі:

В Минске голландская малина стоит $130. Почему в Амстердаме она стоит $21?
Фота зроблена ў адным з гіпермаркетаў Мінска. Фота: група "НС Мінска" ва "Укантакце".

Мяркуючы па этыкетцы, маліна пастаўлена ў Беларусь з Нідэрландаў. Вы вельмі здзівіцеся, але ў Амстэрдаме кілаграм маліны каштуе... $21! Ну, гэта ж "загнівае Еўропа", адкуль у іх грошы на свежыя ягады? Прама аж радасна стала за беларусаў, якія могуць сабе дазволіць заплаціць за маліну ў пяць разоў больш, чым галандцы!

Праўда, "беларускія" ягады спакаваныя па-іншаму — у прыгожую бліскучую скрыначку з фольгі.

 

В Минске голландская малина стоит $130. Почему в Амстердаме она стоит $21?
Маліна з Амстэрдама. 140 грам каштуюць 2,49 еўра, 1 кг — 17,8 еўра, або $21. Фота Еўрарадыё.

Мяркуючы па этыкетцы амстэрдамскай маліны, яна прыбыла ў Галандыю з Партугаліі. Працягнем наша даследаванне! У Лісабоне кілаграм ягад (праўда, у іншай фасоўцы — па 125 грам) каштуе 19,92 еўра ($ 23,5). Гэта крыху даражэй, чым у Амстэрдаме, але ўсё роўна нерэальна танней, чым у Беларусі.

 

В Минске голландская малина стоит $130. Почему в Амстердаме она стоит $21?
Маліна з Лісабона. 125 грам каштуюць 2,49 еўра, 1 кг — 19,92 еўра, або $23,5. Фота Еўрарадыё.

Адкуль такая розніца ў кошце маліны паміж краінамі цэнтральнай і заходняй Еўропы з аднаго боку і Беларуссю з другога?

 

"Крама, напэўна, дае нейкую нацэнку. Верагодна, юрыдычная асоба, якой я прадаю, таксама дае сваю нацэнку, — тлумачыць індывідуальны прадпрымальнік, які прывёз ягады ў Беларусь. — Трэба разумець, што гэта такая лесвіца. Я прадаю маліну па кошце ад 85 да 116 рублёў. А хто на колькі павялічвае, гэта пытанне кожнай арганізацыі".

На самай справе, гэтая маліна не галандская, а перуанская, а ў Бенілюксе яе толькі фасуюць. Па словах прадпрымальніка, у Галандыі ён закупляе маліну ў сярэднім за 67-91 рубель ($33— $46, у залежнасці ад партыі), гэта значыць яго нацэнка — у раёне 20-25 рублёў. Гэта нямала, але Аляксандр, так клічуць пастаўшчыка, тлумачыць яе дарагоўляй лагістыкі.

"Наогул, вытворца знаходзіцца ў Перу. Яшчэ мы закупляем маліну ў Емене. У нейкім аб'ёме на самалёце яна ляціць у Галандыю. Усё гэта фармуецца, расфасоўваецца. У галандцаў купляюць ужо наўпрост, давозяць сюды, робяць дакументы. Самалётамі дастаўляюць. Чаму, разумееце? Тэрмін прыдатнасці захоўвання ягад вельмі маленькі.

Пастаўшчык накідвае, таму што ідзе вялікі адсотак браку. Калі ягаду захоўваць няправільна хоць бы чатыры гадзіны, то ўсё.

Ёсць строгія ўмовы захоўвання, напрыклад, да 8 градусаў пры пэўнай вільготнасці. І так з кожнай ягадай".

Інакш кажучы, беларусы, якія ўсё-такі вырашаць выкласці за маліну $130, плацяць не толькі за сваю куплю, але і за тыя ягады, якія застануцца на прылаўку і так і не будуць набытыя.

"Што тычыцца нацэнак, гэта старая традыцыя нашага прыватнага бізнесу, які прывык працаваць з такой рэнтабельнасцю. Мяне заўсёды гэта здзіўляла. Колькі ад бізнесменаў ні чуеш, чаму так дорага, яны ўсё кажуць амаль адну і тую ж фразу: "Мы ж павінны закладваць рызыкі", — разводзіць рукамі незалежны аналітык Сяргей Чалы. — Маецца на ўвазе, што яны ўлічваюць нейкія форс-мажоры. Але самае цікавае, што гэтая фраза павінна азначаць, што, калі на рынку здараецца нешта нядобрае, бізнес ужо павінен быць да гэтага гатовы. То бок, гэтая высокая норма прыбытку, якая была, павінна была нейкім чынам адкладацца і служыць падушкай бяспекі. Аказваецца, што нічога гэтага не здараецца. Калі здараецца крызіс, то яны аказваюцца ў такім жа ўразлівым становішчы, як і ўсе астатнія. Гэта значыць фраза гэтая не мае сэнсу. Значыць, што проста вельмі грошы патрэбныя".

Дарэчы, у гіпермаркеце Еўрарадыё адмовіліся пракаментаваць, наколькі актыўна купляецца маліна па прапанаваным кошце.

І яшчэ адна дэталь. У Варшаве партугальская маліна, такая ж, як ляжыць на паліцах у Амстэрдаме, каштуе 12 злотых за 125 грам, гэта значыць у раёне $26 за адзін кг.

Як усё-такі дорага быць беларусам.

В Минске голландская малина стоит $130. Почему в Амстердаме она стоит $21?
Маліна з Варшавы. 125 грам (пакунак, як у Лісабоне) каштуюць 12 злотых, 1 кг — $ 26. Фота Еўрарадыё.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі