У Нацбанка новая палітыка па фарміраванні курсаў валют. Што будзе з доларам
Нацбанк не будзе мець пераваг на валютным рынку.
З 1 чэрвеня фарміраванне курсаў валюты — долараў і еўра — будзе больш празрыстым і рыначным. Гэта адбудзецца таму, што Нацбанк пераходзіць на бесперапынны двайны аўкцыён пры фарміраванні курса валют. Пра гэта падчас прэс-канферэнцыі паведаміў старшыня праўлення Нацыянальнага банка Павел Калаур.
Пры гэтым Калаур падкрэслівае, што цягам апошніх чатырох месяцаў Нацбанк мінімальна задзейнічаў золатавалютныя рэзервы для згладжвання ваганняў курса. Старшыня Нацбанка сам заўважыў, што ЗВР краіны аднак цягам чатырох месяцаў скарачаліся.
"Маем невялікі прырост па красавіку, усяго 10 млн. долараў. На 1 траўня рэзервы захоўваюцца на ўзроўні 4,6 млрд. долараў, або 1,3 месяца імпарту. Зніжэнне на 500 млн. долараў з пачатку года адбылося з-за выканання абавязацельстваў па пагашэнні знешняга дзярждоўгу", — сказаў кіраўнік Нацбанка.
Цяпер таргі на валютна−фондавай біржы адбываюцца так. Прадпрыемствы праз свае банкі падаюць заяўку на куплю—продаж валюты. Калі ўсе заяўкі сабраныя, Нацбанк іх аналізуе і спрабуе нейкім чынам збалансаваць, каб не было моцных ваганняў у курсе рубля. Але ў гэтым працэсе не вельмі зразумела, наколькі ўпадзе курс пры перавышэнні прапановы над попытам і чаму менавіта на столькі. Быццам бы ў гэтай сітуацыі задзейнічаны адміністрацыйны рэсурс, то бок Нацбанк.
Нацбанк з 1 чэрвеня хоча перайсці на больш празрыстае і справядлівае фарміраванне курса замежнай валюты на біржы. Двайным ён называецца таму, што ідзе безперабойны аукцыён заявак і на пакупку, і на продаж валюты.
Што гэта азначае для простых людзей тлумачыць старэйшы аналітык “Альпары” у Мінску Вадзім Іосуб. Дарэчы, эканаміст станоўча ацэньвае гэты ход Нацбанка. Пры такім раскладзе гульцы валютнага рынка будуць мець дастаткова інфармацыі пра ход таргоў, якой раней не мелі.
“Сэнс у тым, што ўсе гульцы рынка падаюць заяўкі з указаннем курса, па якім яны хочуць набыць ці прадаць валюту. У выніку ўсе гэтыя заяўкі акумулююцца ў адным “слоіку”, дзе бачныя курсы, па якіх хочуць набыць—прадаць валюту, і колькасць валюты. Ніхто не мае нейкай інфармацыйнай перавагі, не мае перавагі і Нацбанк, і не можа кантраляваць курс. Пры такіх умовах усе ўдзельнікі рынка будуць у аднолькавых умовах. Нацбанк можа ўплываць на курс на роўні з іншымі ўдзельнікамі курса”, — кажа эксперт.
Пры гэтым, Вадзім Іосуб заўважае, што нельга сказаць, што такая палітыка прывядзе да паслаблення ці ўзмацнення беларускага рубля.
“Можна чакаць, што ў першыя дні павысіцца ваганне курсаў, калі долар за дзень скача на 250−400 рублёў. У прынцыпе, нас гэтым не здзівіць. Але з часам гэтыя штодзённыя ваганні будуць змяншацца, змяненне курса будзе больш плаўным і гэта прывядзе да ўсталявання нейкага адзінага курса. Такі крок не мае глабальнага ўплыву на беларускую эканоміку, і нельга сказаць, што з увядзеннем двайнога аўкцыёну нешта памяняецца. Але гэта курс на рыначнасць валютнага рынка”, — кажа Вадзім Іосуб.