У падпале Віцебскага цэнтру сучаснага мастацтва падазраюць захавальніцу фондаў
Следчы камітэт пачаў крымінальную справу з нагоды падпалу Віцебскага цэнтру сучаснага мастацтва. Пры пажары пажару згарэлі карціны і дакументы. Як перадае Радыё "Свабода", у падпале падазраюць захавальніцу музейных фондаў.
Як паведамлялася раней, пажар у мастацкім цэнтры адбыўся ўноч з 19 на 20 снежня. Захавальніца фондаў выклікала пажарнікаў. Яна паведаміла супрацоўнікам МНС і міліцыі, што апоўначы ў музей зайшоў маньяк, які абліў паліцы газай і падпаліў іх.
А вось супрацоўнікаў Следчага камітэта найперш зацікавіла, што сама жанчына рабіла на працы глыбокай ноччу. Жанчына патлумачыла, што рыхтавалася да праверкі-рэвізіі, прызначанай на наступны дзень. Следчыя засумняваліся ў версіі "маньяка", таму крымінальную справу пачалі супраць самой захавальніцы. Жанчыну выпусцілі пад падпіску аб нявыездзе, але на працу яна дагэтуль не выйшла.
Следства высвятляе суму шкоды, нанесенай у выніку пажару. Праўда, зрабіць гэта складана, бо знішчаныя творы мастацтва ніколі не былі ацэненыя ў нейкую грашовую суму. Да таго ж, у агні загінулі і некаторыя ўліковыя дакументы.