У жнівеньскай інфляцыі Белстат не ўлічваў падаражанне камуналкі
Але палічыць яе ў верасні.
Інфляцыя за жнівень складае рэкордны мінімум — ўсяго 0,1%! У Белстаце тлумачаць, патанненне сезоннае і звычайнае для гэтага месяца.
“Патанненне носіць сезонны характар. Такая ж сітуацыя назіралася ва ўсе гады, калі інфляцыя складала меней за 10% ці каля гэтага”, — гавораць Еўрарадыё ў Белстаце.
Апошні раз такое было ў… жніўні 2009 года, то бок чатыры гады таму! Паводле падлікаў Белстата, жнівеньскія кошты падалі і ў 2004-2006 гадах.
Але ў інфляцыі няма росту камуналкі, хоць за жнівень падаражэў падагрэў вады (адразу на 9%) і электраэнергія (на 14%). Няхай яны і займаюць у жыроўцы ўсяго 8%, але ў афіцыйных жа лічбах камуналка — па нулях! Як так?
Успамінаю, як першы намеснік дырэктара навукова-даследчага эканамічнага інстытута Мінэканомікі Віктар Пінігін прапаноўвае выключыць камуналку і транспарт з разлікаў інфляцыі, каб ўтрымаць яе ў прагнозе, 12% за год.
Пытаюся ў супрацоўнікаў Белстата, чаму ў інфляцыі за жнівень няма камуналкі. Няўжо гэту графу больш не лічаць?
“Справа ў тым, што падаражанне адбылося з 1 жніўня, а мы паказваем інфляцыю па факце аплаты насельніцтвам. Бо інфляцыя павінна прымяняцца да тых грашовых сум, якія былі аплачаныя канкрэтна ў гэтым месяцы”, — тлумачаць у Белстаце.
У Белстаце кажуць, што адлюструюць падаражанне за жнівень ў інфляцыі за верасень.
Цікава, што для падліку інфляцыі супрацоўнікі Белстата, бяруць не толькі камуналку, але і, да прыкладу, рамонт ў кватэры (шпаклёўка, зняцце і паклейка шпалер), рамонт ювелірных рэчаў і нават рытуальныя паслугі ўплываюць на беларускую інфляцыю. Удакладняю, ці выкарыстоўваюць пры падліку коштаў толькі беларускія тавары, але аказваецца, не ўсё так проста! Белстат бярэ і кошты на айчынныя прадукты, і на імпартныя. Але калі кошты на харчовыя тавары яны ацэньваюць па беларускіх прадуктах, дык нехарчовыя — гэта імпарт.
“Мы бяром ўсё падрад. Вядома, калі па тых таварах, дзе ў нас беларускія вытворцы, мы бяром толькі беларускія тавары. А вось як бананы, дык толькі імпартныя. Але адзінае абмежаванне, мы бяром тыя прадукты, якія карыстаюцца найбольшым попытам. А вось што тычыцца нехарчовых тавараў — там вельмі многа імпарту сядзіць”, — тлумачаць у Белстаце. Тут распавядаюць, каб адсачыць статыстыку коштаў, бярэцца болей за 30 крам Беларусі.
Перапытваю, мо і я хаджу ў тую краму, дзе Белстат бярэ кошты? Але тут літаральна ваенная таямніца. Нават Саўміну адрасы крам, дзе бяруцца кошты на прадукты, ці дзе аплачваюцца паслугі, Белстат не выдае!
“Бо органы дзяржкіравання зацікаўленыя, каб ў нейкай краме скарэктаваць кошты. Каб не было ціску на краму, мы выбіраем краму і гэтая інфармацыя не даецца нават Саўміну”.
Нічога сабе незалежнасць!