“А ўчора жанчына хацела сто рублёў нам даць за хлеб, то бок мільён!”

“А ўчора жанчына хацела сто рублёў нам даць за хлеб, то бок мільён!”

На пяты дзень пасля дэнамінацыі беларусы, відаць, ужо прызвычаіліся да новых грошай. Людзей, якія просяць даць рэшту ў крамах і кавярнях манеткамі ці новымі купюрамі, як гэта было ў першыя дні, ужо няма. Але дагэтуль толькі 20% аплаты наяўнымі адбываецца дэнамінаванымі рублямі.

“Пакуль “на гарбату” капейкі не даюць, рана яшчэ, няхай людзі прызвычаяцца разбяруцца, што ёсць што, тады ўжо, напэўна, будуць пакідаць манеты, — кажуць у адной з модных кавярняў у цэнтры горада. — Але з першага ж дня дэнамінацыі ў нас чалавек 10-15 разлічваюцца менавіта новымі грашыма”.

Гэта і не дзіва, бо побач з кавярняй знаходзіцца філіял "Беларусбанка", дзе адмыслова пад абмен старых купюр на новыя аддалі адну з касаў!

“У нас у філіяле дастаткова шмат новых грошай, плюс банкамат загружаны новымі грашыма, абмен старых на новыя купюры праходзіць у любым памеры і без камісіі, таму ўсе дні ў нас даволі спакойна, ды і людзей не шмат, — кажа адміністратарка філіяла. — Праблемы ўзнікаюць у асноўным у людзей больш сталага веку, але я стараюся даваць усім кліентам адмысловыя паперкі, дзе намаляваныя суадносіны новых і старых грошай, каб людзі маглі гэтыя паперкі браць з сабой у краму, каб не блытацца. Ну і, натуральна, тлумачым, калі ёсць на тое патрэба”.


Такія раздрукоўкі выдаюць у "Беларусбанку"

А вось у філіяле “Белаграпрамбанка” прызнаюцца, што не заўсёды здольныя аддаваць рэшту ці выдаваць кліентам грошы па нейкіх аперацыях толькі новымі купюрамі.

“Афіцыйна Нацбанк дазволіў працаваць і з тымі, і з тымі купюрамі да 1 студзеня 2017 года, — тлумачыць адміністратар. — А таму, калі ў касе не будзе купюр новага ўзору, то касір мае права выдаваць старыя грошы”.

Тут таксама без праблем мяняюць купюры ўзору 2000 года на купюры ўзору 2009. Але, калі сума вялікая, то лепш паведаміць загадзя, каб неабходную колькасць грошай даставілі ў філіял.

Афіцыянты рэстарана на вуліцы Карла Маркса ў Мінску прызнаюцца, што ім таксама пакуль не пакідалі манет “на гарбату”. Ды і разлічваюцца наведвальнікі больш старымі грашыма, пры гэтым канфліктаў па рахунках “без нулікаў” амаль не ўзнікае.

“Калі ёсць пытанні, то тлумачым, што гэта палічана новымі, а старымі будзе вось так, — кажуць дзяўчаты. — Звычайна людзі самі пералічваюць і разумеюць, што самі недзе памыліліся”.

Яшчэ ў адной кавярні прызнаюцца, што блытаюцца кліенты даволі часта. Звычайна, замест аднаго рубля даюць дзесяць. А бываюць моманты, калі кліенты аўтаматычна збіраюць манеты ў кулак, а потым лічаць купюры з рэшты і не разумеюць чаму так мала?! Тады бармэну даводзіцца нагадваць пра манеты і канфлікт сыходзіць.

“Мы ўжо бачылі ўсе грошы, — з усмешкай кажуць у невялічкай краме ў цэнтры горада. — Адна жанчына прыйшла з купюрай 50 рублёў, на старыя 500 тысяч за хлебам і не разумела чаму мы ёй столькі рэшты даём. А ўчора жанчына хацела 100 рублёў нам даць за хлеб, то бок мільён! Так што людзі пакуль блытаюцца ў грошах”.

Пры гэтым недастач па касах ці канфліктаў з пакупнікамі па няправільным разліку пакуль не было. Пераконваюць, што ўсё праходзіць без надзвычайных сітуацый і буйныя сеткавыя крамы “Еўраопт”, “Суседзі” ды “Bigzz”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі