Украіна гатовая пусціць беларускую нафту праз "Адэсу-Броды"

Украіна не баіцца таго, што венесуэльская нафта пойдзе ў Беларусь праз прыбалтыйскія порты. Пра гэта заявіў міністр транспарту і сувязі Украіны Канстанцін Яфіменка. Міністр перакананы, што прыбалтыйская схема паставак нафты з Венесуэлы нявыгадная беларускаму боку. Прычына - мытныя пошліны на мяжы Латвіі і Літвы.

Яфіменка: "Там ёсць праблема: ёсць пераход паміж Латвіяй і Літвой, там
бяруцца дадатковыя зборы і гэты маршрут не зусім выгадны. Яны прывезлі туды адзін танкер і зараз спынілі".

Паводле ягоных словаў, Украіна не выключае магчымасці перавесці на аверсны рэжым працы нафтаправод "Адэса-Броды" і пусціць па ім венесуэльсую нафту ў Беларусь. Адзіная ўмова - гарантыя ад Беларусі штогадовай прапампоўкі нафты ў аб'ёме больш за 9 млн тон.

"У нас было прынята рашэнне, што калі аб'ём будзе больш за 9 млн тон, тады гэта будзе "Адэса-Броды". А калі будзе каля 4 млн тон, то застанецца той маршрут, які зараз існуе – праз Адэскі порт і чыгунку", - сказаў міністр транспарту і сувязі Украіны.

Яфіменка нагадаў, што раней беларускі бок заяўляў пра гатоўнасць з 2011 года забеспечыць транзіт нафты праз Украіну ў аб'ёме каля 10 млн тон у год. Да выхаду на гэты аб'ём паставак Украіна не будзе даваць Беларусі ніякіх прэферэнцый на чыгуначныя тарыфы пры транзіце сыравіны.

"Мы чакаем. Дадатковых скідак да выхаду на задакляраваны аб'ём ніхто ім надаваць не будзе абсалютна. Дакументы ўсе падпісаныя і ўрэгуляваныя", - дадаў ён.

Пры задэклараваным раней Беларуссю аб'ёме паставак на 2010 год каля 4 млн тон нафты, сёлета чакаецца толькі каля 1 млн тон. Яфіменка нагадаў, што з траўня праз Украіну Беларусь атрымала 400 тысяч тон венесуэльскай сыравіны. "Яшчэ два танкеры – прыкладна 160 тыс. тон – запланаваныя на гэты месяц, і зараз яны знаходзяцца ў дарозе", - паведаміў украінскі міністр.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі