У Польшчы праз мігрантаў хочуць звярнуцца да 4 артыкула НАТА. Што гэта значыць
Праз чарговае абвастрэнне міграцыйнага крызісу на беларуска-польскай мяжы ў Польшчы прапанавалі пачаць кансультавацца па гэтым пытанні з НАТА.
Учора Дональд Туск, былы прэзідэнт Еўрапарламента, лідар галоўнай апазіцыйнай партыі Польшчы "Грамадзянская платформа", згадаў артыкул 4 дамовы НАТА. Ён заклікаў польскія ўлады падумаць пра тое, каб звярнуцца па дапамогу праз сітуацыю на мяжы да краін Паўночнаатлантычнага альянсу.
"Калі наша мяжа будзе пад пагрозай фізічнага ціску пры ўдзеле беларусаў, я маю на ўвазе беларускія службы, то, як на мяне, гэта падстава, каб пачаць кансультацыі ў рамках Паўночнаатлантычнага альянсу. Бо гэта ўжо датычыцца бяспекі ўсёй усходняй мяжы ЕС і НАТА, такіх краін, як Польшча і Літва", — заявіў ён.
4-ы артыкул дамовы НАТА прадугледжвае, што краіны-ўдзельніцы дамовы будуць кансультавацца адна з адной, калі яны палічаць, што які-небудзь з бакоў, якія дамовіліся, можа страціць сваю тэрытарыяльную цэласнасць або яго палітычная незалежнасць і бяспека пад пагрозай.
У гэтым пункце не гаворыцца пра тое, што іншыя краіны дамовы могуць праводзіць вайсковае ўмяшанне ў канфлікт. Аднак зварот да гэтага артыкула азначае, што краіны НАТА прызнаюць пагрозу з боку Беларусі ў дачыненні да Польшчы, будуць прымаць рашэнне аб канфлікце разам і выведуць гэтую праблему на міжнародны ўзровень.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.