Вардамацкі: "Дэкрэт аб дармаедах дапамог абвергнуць казку пра добрага цара”
На штогадовым Форуме АБСЕ ў Варшаве, прысвечаным чалавечаму вымярэнню, беларускія эксперты абмяркоўвалі наступствы дэкрэта №3, які ўлады павінны “перапісаць” да 1 кастрычніка. Кіраўнік Беларускай аналітычнай майстэрні прафесар Андрэй Вардамацкі заўважыў сем момантаў, якія змянілі грамадскую думку ў Беларусі.
“Па-першае, ніколі беларускім грамадскім меркаваннем не рабіліся рэзкія адназначныя ацэнкі — усе ацэнкі ішлі ў тэрміналогіі “палепшыць”, “змяніць”, “паступова”, — кажа Вардамацкі. — У дачыненні да дэкрэта ацэнкі былі зусім іншымі — “адмяніць цалкам” і “цяпер”. Гэта значыць можна казаць аб радыкалізацыі масавай беларускай свядомасці”.
“Другі момант — вокаімгненнае фармаванне лінка паміж эканамічным і палітычным, што пацвярджаюць лозунгі пратэстаў, — працявае прафесар. — Трэці пункт — пераадоленне вядомай славянскай казкі пра добрага цара і дрэнных баяр. У ацэнках, якія даваліся грамадствам у дачыненні да дэкрэта і яго наступствах, вінаватымі былі прызнаныя верхнія звёны вертыкалі ўлады. Раней ацэнкі даваліся такім чынам: наверсе прымаюцца добрыя рашэнні, але ўнізе яны дрэнна выконваюцца. У дачыненні да дэкрэта ацэнкі адказнасці перамясціліся ўверх — гэта новая з'ява”.
Кіраўнік Беларускай аналітычнай майстэрні кажа, што “чацвёрты момант — гэта рэзкае павелічэнне арыентацыі беларусаў на рэформы”. “Калі да сакавіцкіх падзей людзей, якія выступалі за рэформы, было дзве траціны, то пасля — тры чвэрці, — працягвае Андрэй Вардамацкі. — Літаральна на працягу месяца можна было назіраць гэтую выбуховую дынаміку”.
Паводле слоў Вардамацкага, пяты момант наступны — “упершыню адбыўся такі рост даверу да недзяржаўных СМІ, у параўнанні з дзяржаўнымі СМІ і расійскімі медыя”. Шосты момант — “страта дзяржавай сваёй мэтавай аўдыторыі, паколькі дэкрэт закрануў электарат Лукашэнкі”. Наступствам гэтага можа стаць недавер у будучыні да ідэй, якія будуць сыходзіць ад улады. І, нарэшце, сёмае — “у дзяржавы няма ніякай ідэалагічнай канцэпцыі, яна нічога не можа прапанаваць народу, акрамя сілы”, — заявіў Андрэй Вардамацкі.
Панэль з удзелам беларускіх экспертаў у рамках Форуму АБСЕ (Human Dimension Implementation Meeting) арганізавана Беларускім Домам у Варшаве пры падтрымцы Польскага фонду міжнароднай салідарнасці і Нямецкага фонду Маршала (ЗША).