Ветэран МУС: Беларускіх АМАПаўцаў вучылі лютаваць спецыяльныя псіхолагі

Ветэран МУС: Беларускіх АМАПаўцаў вучылі лютаваць спецыяльныя псіхолагі

Беларускіх амапаўцаў перад пратэснымі акцыямі спецыяльна трэніравалі, распальваючы ў іх жорсткасць. Такое меркаванне ў інтэрв'ю "Московскому комсомольцу" выказаў ветэран Унутраных войскаў МУС Расіі, кадравы псіхолаг Антон Бялоцкі.

Ён патрлумачыў, што гэта працэс называецца расчалавечваннем: "Выглядае ўсё наступным чынам: сілавікам падмяняюць апанентаў на злеплены вобраз. Не рэальны чалавечы, а штучны. Вось што значыць тэрмін "расчалавечванне". Для гэтага выкарыстоўваецца адпаведны відэашэраг. Напрыклад, дзе баевікі ў масках кідаюць у байцоў "кактэйлі Молатава". Плюс адпаведная, нібыта сакрэтная інфармацыя пра тое, што пратэстоўцаў забяспечвае Захад, што ў апазіцыі шпіёны, варожыя агенты, крымінальнікі".

Дарэчы, няцяжка заўважыць, што гэтаксама інфармацыя аб пратэстах падаецца і на беларускіх дзяржаўных тэлеканалах.

Бялоцкі звяртае ўвагу, што сілавікі адразу пачалі дзейнічаць жорстка, хаця пратэстоўцы не хуліганілі і нічога не палілі.

Потым да гэтага далучыліся іншыя псіхалагічныя механізмы — у прыватнасці страх, боязь адказнасці.

"Пратэстоўцы пагражаюць сілавікам: "Лукашэнка, збяжыць — куды вы схаваецеся?". У сілавікоў уключаецца інстынкт самазахавання, і ім імкнуцца ўдзяўбці: трэба абараняцца. Страх наогул адзін з дзейсных інструментаў. І такі механізм пры выпадку падключаюць вельмі ахвотна. Лаяльнасці вельмі часта сілай дамагаюцца. Сілавікоў заклікаюць: мы ў адной лодцы, трэба трымацца, выстаім, а далей паглядзім хто каго", — адзначае псіхолаг.

Па яго словах, такая псіхалагічная работа з сілавікамі ў крызісныя перыяды вядзецца штодзённа. Пры гэтым абавязкова выкарыстоўваюцца фота- і відэматэрыялы. 

Бялоцкі мяркуе, што беларускія амапаўцы і міліцыянты ўжо стаміліся за больш як 140 дзён пратэстаў. Таму для іх падтрымкі выкарыстоўваюць "пернік" — узнагароджанне. І гэта не толькі грошы:

"Шмат каму даюць жыллёвыя прэферэнцыі, хтосьці атрымлівае новыя пагоны і пасады. І, вядома, медалі і ордэны. Гэта наогул лепшы прыём. Праўда, не трэба бачыць ва ўсім толькі злы намер: дзяржузнагароды, ордэны і медалі — неад'емнае заахвочванне за службу. І часта — менавіта як узнагарода за геройства і поспех. Проста гэты прыём можна выкарыстоўваць па-рознаму".

Як вядома, напярэдадні Новага года Аляксандр Лукашэнка наведаў мінскі АМАП, каб падтрымаць і пахваліць сілавікоў. 

Яшчэ адным інструментам падтрымкі Бялоцкі называе спробуа паказаць блізкасць сілавікоў да народа: "Іх запрашаюць у школы, ВНУ. Дзесьці правесці лекцыю, расказаць аб ратных подзвігах. А дзесьці даць дзецям паруліць, патрымаць аўтамат, палазіць па баявой браняванай машыне. Успомніце сваё захапленне ў дзяцінстве ад падобных пазакласных экскурсій або сустрэч з прадстаўнікамі сілавых структур: ад пажарных да спецназа і лётчыкаў. Але гэты інструмент, хутчэй, для саміх сілавікоў — ім даюць зразумець, што яны з народам насамрэч, на "светлым баку". Гэта і ёсць народ. І вы адзіная абарона".

А наконт ужывання зброі супраць дэманстрантаў псіхолаг звяртае ўвагу, што зрабіць гэта не вельмі проста: "Любы сілавік ведае: куля або снарад — фінальны аргумент, далей шляху няма. І трэба да яго рыхтаваць грунтоўна. Тут трэба ўжо "ламаць" псіхалагічна, часам праз калена. Менталітэт народны таксама ролю адыгрывае. Я ўжо казаў, што беларусы, па сутнасці, добрыя і міласэрныя, і сілавікоў нават пад магутнай "накачкай" цяжка нацкаваць на стральбу баявымі па дэманстрантах".

На думку Бялоцкага, пры такой "напампоўцы" можна перастарацца. і тады ўспыхне некантраляваная жорсткасць сілавікоў, калі бойню не зможа спыніць ніхто: "Сілавікі ўвойдуць у раж, дзе абсалютна чорна-белае ўспрыманне". Праўда, ён мяркуе, што ў Беларусі да гэтага не дойдзе, бо ўсе ўлічваюць досвед Украіны. 

Псіхолаг падкрэслівае, што байцы спецназу найбольш падатныя для такой псіхалагічнай "напампоўкі", бо яны гатовыя для такіх сітуацый. Найлепш працуюць групавыя трэнінгі — нават сумесныя прагляды відэа. 

"Дарэчы, калі вярнуцца да тэмы Беларусі, беспарадкаў і сілавікоў, то я так скажу: у іх вельмі магутная палітычная структура ў КДБ. Яны разумеюць: калі трэсне сілавая спайка, то ўсё абрынецца літаральна за некалькі дзён. Я, думаю, дасведчаны беларускі Камітэт дзяржбяспекі не згубіў савецкую спадчыну ў пытаннях баявой псіхалогіі, а нешта і павялічыў", — дадае Бялоцкі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі