Gorillaz вяртаецца пасля 4-гадовай паўзы

Gorillaz вяртаюцца! Пра гэта сведчыць instagram аднаго з аўтараў віртуальнага музычнага праекта Джэймі Х’юлета. Дызайнер і мастак коміксаў  выклаў новыя малюнкі ўдзельнікаў гурта Мурдаса і Нудла і пацвердзіў здагадкі і пытанні станоўчым адказам: “Так, Gorillaz вяртаюцца”.

Патэнцыйны LP Gorillaz, піша часопіс NME, выйдзе пасля 4-гадовай паўзы. Апошнім на сёння рэлізам мульцяшнага гурта з’яўляецца кампіляцыя “The Singles Collection 2001-2011”, выдадзеная да 10-годдзя праекта.

Другі суаўтар Gorillaz, Дэйман Элбарн, у гэтыя чатыры гады быў заняты ў асноўным сольнымі праектамі: стварыў і выдаў сольны альбом “Everyday Robots” і напісаў музыку для мюзікла “Аліса ў краіне цудаў”. Мюзікл будзе прэзентаваны ў манчэсцерскім Palace Theatre у ліпені ў межах Манчэсцерскага міжнароднага фестываля.

Gorillaz увайшоў у Кнігу рэкордаў Гінеса як “самы паспяховы віртуальны гурт”. У сваёй капілцы праект мае безліч узнагарод, сярод якіх ёсць і “Грэмі”.

Фота: www.1998.su

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі