Хочаце быць пакаёўкай? Вы ж без пазваночніка застанецеся!

Гасцініца "Вікторыя Алімп": Вы дакладна хочаце быць пакаёўкай?    

Загадчыцу пакаёвак гасцініцы "Вікторыя Алімп" Таццяну чакаю ў холе. Пакуль тут вельмі адчуваецца будоўля — пахі свежай фарбы, пыл, агульная няўтульнасць. Разам з ахоўнікам глядзім навіны з Украіны і Расіі, а потым нейкую рэкламу. Гэта напружвае — хочацца, каб гучала музыка.

На сумоўі вырашаю не казаць, што я журналіст: кажу, што я настаўніца нямецкай мовы. Дарэчы, ні разу не падманула — дыплом педагога пыліцца дома і два гады адпрацоўкі за плячыма маю.

Урэшце прыходзіць Таццяна. Пасля стандартных пытанняў, дзе вучыліся-працавалі, чаму вырашылі змяніць месца працы, Таццяна нечакана выдае:

“Вы зразумейце, чалавек, які папрацаваў настаўнікам — гэта складзеная інтэлігентная асоба! Ці зможаце вы працаваць прыбіральшчыцай? Гэта ж трэба будзе мыць туалеты, а сярод гасцей розныя сустракаюцца людзі, і вычварэнцы ў тым ліку! Некаторыя могуць не ў туалет схадзіць,а, да прыкладу, у ракавіну! І вам трэба будзе гэта прыбіраць. Я шэсць гадоў адпрацавала пакаёўкай, і я не змагла да гэтага прызвычаіцца. Дзякуй, іншыя людзі дапамагалі! У мяне цяпер 33 чалавекі — і я іх пакуль вучу. Мне прыходзіцца муштраваць людзей, шчыра кажу!”

Ад такіх словаў зглынаю сліну, спрабую кантраляваць міміку на твары і адчуваю, што мне гэта слаба ўдаецца, а Таццяну ўжо не стрымаць!

“Вось калі я вам скажу, што трэба зняць завушніцы (па службовай інструкцыі пакаёўка не можа мець яркіх упрыгожанняў — заўвага Еўрарадыё), вы павінны будзеце іх зняць без ўсялякіх скаргаў. Гэта дысцыпліна! Вы ж у краму прыходзіце купляць боты, вы ж разглядаеце, каб не было нічога адклеена, нічога такога, а ў гатэлі тое самае. Мы прадаём ўтульнасць, каб госцю было добра, калі госцю будзе дрэнна, значыць, не справілася пакаёўка, не было утульнасці”.

Таццяна падавалася мне то лагоднай, то жорсткай жалезнай лэдзі, віртуозна ўварочвала ў размову фразы на нямецкай мове і адгаворвала ад жадання стаць пакаёўкай. І я ўжо амаль забылася пра рэдзаданне – ўладкавацца на працу: хацелася сказаць да пабачэння, бо фізічных сіл выконваць такую працу я ў сабе не адчувала.

“Магчыма, калі вы прыйдзеце да нас і папрацуеце, вы заўважыце і нейкія дадатковыя плюсы гэтай працы, як то 13-ты заробак, ці яшчэ што, але праца пакаёўкі — гэта самая цяжкая праца для жанчыны, паспрабуйце 12 коўдраў ператрэсці раз на дзень! Вы будзеце без пазваночніка, у вас будуць знявечаныя рукі, — Таццяна паказвае далоні. — Не будзе асабістага жыцця. Мне так шкада людзей з вышэйшай адукацыяй, у вас ёсць нямецкая мова, мо выбераце сабе нейкі лагістычны цэнтр?!”

Ходзячы вакол, даведваюся, што  заробак ў пакаёўкі за такую працу — 4,5 мільёны, калі працаваць у начную змену — 5 мільёнаў. У кожнай пакаёўкі — 12 нумароў плюс агульная тэрыторыя, якую трэба будзе мыць і драіць на працягу працоўнага тыдня.

Таццяна папярэджвае, што не будзе звяртаць увагу на маю вышэйшую адукацыю: калі нешта будзе не так, яна спытае з мяне жалезна.

“У мяне 33 чалавекі, яны на сваіх плячах вынеслі ўсё будаўнічае смецце, і калі вы задумаеце неяк пікнуць, ці абурыцца, яна скажа табе: слухай, ты тут хто ўвогуле? Я тут да цябе ўсё аддраіла, а ты абураешся?” — намякае Таццяна на ўнутрыкалектыўныя войны — проста мадэльны бізнэс нейкі.

На развітанне Таццяна раіць падумаць яшчэ раз:

“Я вас вазьму, але вы пераспіце з гэтай размовай. І адмоўцеся, потым мне дзякуй скажаце”.

Гатэль “Пекін”: Калі вы можаце прыступіць да працы?

На падыходзе да гатэля “Пекін” вельмі здзіўляюць працоўныя — яны ва ўсю шуруюць над будаўніцтвам. Пастаянна нешта бразгае, вішчыць піла, стукаюць малаткі, паўсюль пабелка. Папераджальныя надпісы на рускай мове і кітайскай.

Заблытваюся ў лабірынтах будоўлі і трапляю на нейкі трэнінг: ў зале з сервіраваным сталом стаяць маладыя дзяўчаты — беларускі і, пэўна, кітаянкі. Усе разам вырашаюць дзе і каго пасадзіць. Пытаюся, як прайсці ў аддзел кадраў.

Але тут здзіўляюць заўвагай: да Чэмпіянату свету мы паспеем.

Сумоўе праводзіць кітаец. Яго цікавіць, колькі мне гадоў, дзе працавала раней і чаму болей не хачу працаваць настаўніцай. Кажу, што заробкі ў настаўнікаў невялікія ў Беларусі, той ківае.

Болей здаецца будучага працадаўцу нічога не цікавіць. Тады бяру ініцыятыву ў свае рукі і пытаюся пра тое, колькі нумароў трэба будзе абслугоўваць пакаёўцы — я ж ўжо нахапалася, пра што трэба пытацца. Аказваецца, пакаёўцы ў гатэлі “Пекін” трэба будзе перасцілаць 10 пакояў (на 2 пакоі меней, чым у гатэлі “Вікторыя-Алімп”), за гэта абяцаюць тыя ж 4,5 мільёны, але без начных змен.

Я нават падштурхоўваю:


“Мо вас яшчэ што цікавіць з маёй біяграфіі? Мо ў вас яшчэ ёсць да мяне пытанні? — мяне з’ядае нецярплівасць: на месцы працадаўцы я б распытала пра ўсё на свеце, каб ведаць, чаго чакаць ад будучага работніка.

Начальнік глядзіць на мяне стомлена — за дзвярыма яшчэ некалькі прэтэндэнтаў на пост закупшчыка, але патрэбныя пакаёўкі.

Праходзіць 10 хвілін сумоўя, і ў мяне пытаюцца… калі я змагу выйсці на працу: людзей катастрафічна не хапае! Чэмпіянат свету меней чым праз тры тыдні, а працы непачаты край! Пра складанасці працы пакаёўкі тут нічога не кажуць.

Гатэль “Рэнесанс”: Не думай сюды ўладкоўвацца!

Аб'яву пра вакансіі чатырохзоркавага гатэля “Рэнесанс” калега знаходзіць ў ...метро. 14 красавіка гатэль адкрываў прэзідэнт, таму сумоўе праводзяць на другі дзень пасля візіту кіраўніка дзяржавы.

Заходжу з чорнага ўвахода. Паўсюль дзяжурыць міліцыя, туды-сюды снуюць супрацоўнікі і будаўнікі. Не паспяваю дайсці да аддзела кадраў, як мяне перахоплівае супрацоўніца гатэлю.

Пытаецца, навошта я сюды завітала, кажу — ўладкоўвацца на працу пакаёўкай. Тая адгаворвае, бо праца вельмі цяжкая – маладой дзяўчыне будзе складана. Супрацоўніца кажа, так каманда добрая, моладзі шмат, але праца не жаноцкая.

Пабачыўшы мае вялікія вочы, тлумачыць:

 “Уладкавацца вельмі лёгка, нават англійская мова не патрэбная, заробак — каля 4,5 мільёнаў. А вось праца вельмі цяжкая. Глядзі, якія матрацы — мы іх падымалі, каб пераслаць ложкі і абадраць плёнку, а яны вельмі цяжкія! На працу прыходзілі ў спартовай вопратцы і абутку. Усё мылі і прыбіралі, цягалі вельмі цяжкія плафоны з паверха на паверх, самі ўкручвалі лямпачкі, падымалі ложкі” — папярэджвае супрацоўніца.

Заўважае, што такая ж праца наперадзе — 7,8,9 і 10 паверхі яшчэ ў будаўнічым смецці.

Тут чарга здзіўляцца мне: "Гатэль ўчора адкрываў сам Лукашэнка?!"

“Да 6-га паверха і 11 паверх з прэзідэнцкім люксам гатовыя. А вось астатнія — яшчэ столькі цяжкай працы! Не ўладкоўвайся”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі