Вынікі эканомікі 2016 года і позірк у 2017: набраць крэдытаў і абвясціць дэфолт
Еўрарадыё працягвае падводзіць вынікі 2016-га года ў розных сферах жыцця Беларусі. Гэтым разам разглядаем эканамічныя падзеі, якія паўплывалі на жыццё краіны і яе жыхароў. Гістарычная важнасць дэнамінацыі, незалежнасць Нацбанка ад Урада, рэальнасць заробку ў 500 долараў, а таксама прагнозы на наступны год робяць эканаміст Сяргей Чалы і вядучы аналітык кампаніі “Альпары” Вадзім Іосуб.
Еўрарадыё: Давайце пачнём з дэнамінацыі. Гэта важная падзея ў эканамічным жыцці нашай краіны, ці так, тэхнічная?
Сяргей Чалы: Хутчэй, не падзея! Чакалі нечага страшнага, а ўсё прайшло гладка. Таму называць гэта падзеяй не даводзіцца, гэта абсалютна тэхнічны момант.
Вадзім Іосуб: Сапраўды, з гэтай падзеяй былі звязаныя нейкія дэвальвацыйныя чаканні, інфляцыйныя чаканні, але нічога не здарылася. Шмат хто ўжо з цяжкасцю ўзгадвае, як паўгода таму выглядалі старыя купюры. Для эканомікі краіны сапраўды ніякага значэння дэнамінацыя не мае. Хіба толькі псіхалагічнае, бо гэта чарговая дэманстрацыя таго, як многія эканамічныя страхі аказваюцца беспадстаўнымі.
Еўрарадыё: Тады, на вашу думку, якімі былі асноўныя дасягненні ў эканамічным жыцці Беларусі за 2016-ты год?
Вадзім Іосуб: Напэўна, адзінае дасягненне, калі так можна сказаць, што ўдалося ўтрымаць інфляцыю ў памеры 12%, якія прагназаваліся Урадам і Нацбанкам. Дарэчы, гэта адзіны планавы паказчык, які ўдалося ўтрымаць.
Сяргей Чалы: Ну, не так было і складана ўтрымаць інфляцыю ў абазначаных значэннях! Асабліва, калі ў вас структурная рэцэсія адначасова з кан'юнктурнай. Калі банкі не ведаюць, куды падзець грошы, бо няма добрых пазычальнікаў, крэдыты не ствараюцца, грашовая маса не расце… Тут не трэба быць геніем, каб стрымліваць інфляцыю. Асаблівых высілкаў не спатрэбілася, за выключэннем, хіба, адміністрацыйных, калі яны рукамі прымушалі "паніжацца" адсоткавыя стаўкі. Але гэта да інфляцыі мае вельмі апасродкаванае дачыненне.
Еўрарадыё: Тады якія былі дасягненні?
Сяргей Чалы: Датычна нейкіх эканамічных рашэнняў, то іх складана будзе назваць. Хутчэй, варта было б сказаць, што былі важныя зрухі ў інтэлектуальным асяродку. Менавіта ў гэтым годзе канчаткова прыйшло разуменне таго, што мы маем справу не з нейкім часовым крызісам. Не з такім крызісам, які быў мінулыя разы і хутка заканчваўся. Не з крызісам, які прыйшоў звонку. Маўляў, “ой, у нас нафта ўпала! Ой, кошты на калійныя ўгнаенні ўпалі!”. Не, гэта даўні працэс, які доўга спеў, крызіс, такая хранічная хвароба нашай эканомікі, якая цяпер перайшла ў вострую фазу.
То бок проста сёлета скончыліся спрэчкі пра тое, што стала прычынай гэтага крызісу. А дакладна — наяўнасць буйнога нерэфармаванага, яшчэ савецкага сектара дзяржаўных прадпрыемстваў, шмат з якіх фактычна не ствараюць даданую вартасць, а знішчаюць яе. То бок уся эканоміка забяспечвае гэтыя прадпрыемствы, каб кіраўнік краіны называў іх прадпрыемствамі-брэндамі. Хоць фактычна яны з’яўляюцца прадпрыемствамі-зомбі. Вось гэта важны момант. Гэта інтэлектуальнае паражэнне ўсіх тых, хто распавядаў, што ў Нацбанку страшныя манетарысты, якія ўсіх душаць, давайце друкаваць грошы і гэтак далей.
То бок стала зразумелым, што насамрэч праблема ў рэальным сектары. Можа быць, яшчэ не ведаюць, як да яе падступіцца, але канцэптуальна, на ўзроўні стратэгій, ужо абсалютна зразумела, што трэба сапраўды займацца рэструктурызацыяй, кепскімі запазычанасцямі, якія менавіта гэты дзяржаўны сектар стварае, якія потым ціснуць і на Нацбанк і на бюджэт. Вось гэты кансенсус я і лічу асноўным дасягненнем 2016-га года.
Вадзім Іосуб: Тут складана спрачацца, бо сапраўды гэты кансенсус становіцца ўсё шырэйшым і шырэйшым. Але баюся, што няма разумення, як кажуць, на самы высокім узроўні. То бок здаецца, што ўжо ўсе ўсё разумеюць, але праходзіць чарговая нарада з удзелам кіраўніка краіны. А там гучыць, што нічога ламаць праз калена не будзем, усё лепшае, што ў нас было, трэба захаваць і гэтак далей. А выслухаўшы чарговую порцыю падобных заяваў, даводзіцца проста разводзіць рукамі.
Паслухаць усю размову можна тут:
Еўрарадыё: За год змянілася даволі шмат кіраўнікоў у розных сферах дзейнасці Беларусі. Але акурат эканамічны сектар амаль не быў закрануты. Гэта кажа пра тое, што Аляксандр Лукашэнка цалкам задаволены працай у гэтай галіне?
Вадзім Іосуб: Тут можна выказаць такую акуратную здагадку. Магчыма, нарэшце прыйшло разуменне таго, што фінансы — гэта такая тонкая сфера, у якую не варта лезці няўмелымі рукамі. Ну, а ў дачыненні да ўсіх іншых сфер, дзе асаблівых дасягненняў і няма, то якая розніца, хто будзе кіраваць тым, што і так не працавала.
Сяргей Чалы: Амаль увесь эканамічны блок не так шмат прапрацаваў — з канца 2014-га года. То бок гэта даволі новыя людзі. Я ўвогуле прыхільнік таго, каб там паменей змяняліся людзі. Апроч разумення таго, што эканомікай не вельмі атрымліваецца кіраваць, бо любыя спробы ёй кіраваць прыводзяць да розных крызісаў. Для мяне тут важна тое, што чым даўжэй сядзяць на пасадах нават выпадковыя людзі, тым больш яны пачынаюць разумець, як усё працуе. А накопленае разуменне, так бы мовіць, чалавечы капітал — насамрэч важна. Узгадаць нават Надзею Андрэеўну Ермакову, якая пачынала з зусім дзікіх інтэрв’ю пра туфлі і кашалькі, але ў выніку нават яна здолела пачаць разумець, як працуе грашова-крэдытная сістэма.
І яшчэ я б адзначыў тое, што мае для эканомікі значэнне, хоць і не знаходзіцца ў эканамічным блоку. Замена старшыні Адміністрацыі прэзідэнта сімвалізуе адну вельмі важную рэч. Цяпер пастаўленая Наталля Качанава, якая запомнілася выказваннямі кшталту: “Грошай няма, але вы трымайцеся”, “Заробак мільён трыста ― нядрэнны”, “Вы ведалі, на што ішлі”, “А што вы хацелі” і г.д. То бок прыкладна такі мэсадж быў адпраўлены народу. Аляксандру Лукашэнку патрэбныя ж нейкія ідэі, не тыя, што Урад прапаноўвае, а нейкія добрыя ідэі. Але мінулы кіраўнік адміністрацыі Аляксандр Косінец умеў генераваць толькі ідэі, калі грошай шмат, там, Дыснэйлэнд пабудаваць і гэтак далей. А цяпер патрэбны чалавек, які будзе генераваць ідэі, калі грошай няма.
Еўрарадыё: А якія правалы былі ў беларускай эканоміцы ў 2016-м годзе?
Вадзім Іосуб: На мой погляд, менавіта сёлета ніякіх асаблівых правалаў і не было. Проста агалілася, стала максімальна відавочнай назапашаная сума памылак у папярэднія гады. Гэта тычыцца і росту праблемных банкаўскіх крэдытаў. Па-першае, гэта крэдыты, набраныя ў мінулыя гады. Па-другое, тут можна паспрабаваць знайсці і пазітыў. Гэтую “дрэнную статыстыку” перасталі хаваць.
Сяргей Чалы: Да ладна! Белстат апошнім часам піша навіны кшталту: “Заробак выплачаны, УВП створаны” і гэтак далей. Ніякіх лічбаў там амаль не знайсці.
Вадзім Іосуб: Але адмоўную дынаміку тых жа заробкаў Белстат паказвае. Не! Ну цуд не адбыўся, але сталі на статыстычным узроўні прызнаваць некаторыя балячкі, замест таго, каб працягваць іх неяк прыпудрываць.
Сяргей Чалы: Для мяне самым вялікім правалам былі любыя спробы дзяржавы зрабіць што-небудзь у сацыяльнай сферы. Бо ўсе цудоўна разумеюць, што і ў выпадку наяўнасці рэформ, і ў выпадку іх адсутнасці, гэта адаб’ецца на пагаршэнні матэрыяльнага становішча грамадзян. Толькі ў першым выпадку ў іх будзе надзея на паляпшэнне становішча, а ў другім яе не будзе. І абсалютна зразумела, што існуючая сістэма сацыяльнай абароны, дзе дапамога па беспрацоўі складае дзесяць долараў, у момант робіць чалавека, які згубіў працу, жабраком. Абсалютна зразумела, што існуючая сістэма сацыяльнай абароны абсалютна неадэкватная. Нягледзячы на ўсе размовы пра сацыяльную дзяржаву.
І вось, нягледзячы на тое, што дзяржава пабудаваная па прынцыпе “вялікага брата”, бо вядома ўжо ўсё, няма ні банкаўскай таямніцы, нічога няма… Раптоўна высвятляецца, што наша дзяржава, не можа нічога зрабіць для насельніцтва, ні дрэннага, ні добрага… Валодаючы ўсімі базамі дадзеных, яна не можа арганізаваць ўзаемадзеянне такім чынам, каб знайсці тых жа дармаедаў. 400 тысяч нам называлі, знайшлі ў лепшым выпадку ў дзесяць разоў меней. І тое, палова з іх гэта тыя, хто сам на сябе данёс. І гэтак жа з сістэмай безнаяўных жыллёвых субсідый! Дакладна гэтак жа нікога не здолелі выдзеліць. І гэта самае галоўнае пытанне! То бок раптоўна высвятляецца, што наша дзяржава пабудаваная так, што яна ўмее размазваць грошы тонкім слоем для ўсіх, але адраснай заточкі ў яе не атрымліваецца!
Еўрарадыё: Хацелася б закрануць тэму сярэдняга заробку ў 500 долараў…
Вадзім Іосуб: Гэта яшчэ адзін правал, які мае шансы расквітнець у наступным годзе! Усім па 500 першы раз прагучала з вуснаў Аляксандра Лукашэнкі ў прывязцы да росту прадукцыйнасці працы. Другі раз гэта прагучала ўжо без згадвання пра рост прадукцыйнасці працы. А трэці раз гэта прагучала зусім нядаўна і ўжо казалася: “усім па 500 любымі сродкамі”: шукайце, скрадзіце, адкапайце, але дасягніце…
Па-першае, выклікае здзіўленне тое, што на фоне ўзмоцненай дэдаларызацыі зноў гучаць долары! Падавалася б, што перашкаджае назваць арыенцір па сярэднім заробку, напрыклад, 1000 рублёў!? А па-другое, вось гэтае “любымі сродкамі”. Калі сапраўды вырашаць любымі сродкамі зрабіць па 500 у 2017-м годзе, то гэтыя любыя сродкі выльюцца ў 300 долараў сярэдняга заробку, але ўжо ў 2018-м годзе. Бо адкапаць, адшукаць і нават скрасці не атрымаецца, а адзіны тэарэтычны сродак ― гэта зрабіць — надрукаваць!
Сяргей Чалы: Ніхто не кінецца выконваць, гэта ўсе цудоўна разумеюць. Адкуль наогул бярэцца размова пра 500 долараў? Памятаеце, было вялікае 2-гадзіннае інтэрв'ю Лукашэнкі перад выбарамі, дзе прысутнічалі журналісты незалежных СМІ, у тым ліку і Еўрарадыё. І ваш Зміцер Лукашук акурат і задаў пытанне: "Дык як жа быць з абяцаннямі, што былі ў 2010 годзе?" І Лукашэнка тады гэтыя 500 долараў згадаў і сказаў, што, маўляў, паверце, за два гады гэтыя 500 долараў будуць. Тая размова была ў 2015-м годзе. Дадаём два гады, вось вам і 2017-ы! Да таго ж, 500 долараў — гэта такая прыгожая дымавая завеса для таго, каб адцягнуць увагу ад абяцанняў не 2006-га года, а 2010-га, калі нам да 2015 года абяцалі ўжо 1000 долараў сярэдняга заробку.
Вадзім Іосуб: А перадвыбарнае абяцанне не павышаць падаткі?
Сяргей Чалы: Гэта ўжо іншае пытанне. Строга кажучы, яны не зусім іх павышаюць. Яны там хітра выкручваюцца з гэтым пытаннем. Я б яшчэ адну рэч дадаў у якасці вялікага правалу — непадпісанне суправаджальнага ліста МВФ. Калі місія МВФ адпраўлялася ў Вашынгтон на сумеснае пасяджэнне савета дырэктараў Сусветнага банка і МВФ, калі ўжо ўсё было гатова, была ўзгодненая праграма, заставаўся толькі суправаджальны ліст. Як мы памятаем, ён падпісаны не быў, і цяпер гаворка ідзе пра тое, што, магчыма, у першай палове наступнага года нарэшце нешта ўдасца зрабіць.
Еўрарадыё: А ўвогуле, рэальна дасягнуць сярэдняга заробку ў 500 долараў, калі будуць выконваць гэты загад?
Сяргей Чалы: Ды не будзе ніхто! Глядзіце, ёсць падпісаныя дакументы, адказваць будуць за дакументы, а не за словы. А ў нас ёсць асноўныя палажэнні і грашова-крэдытнай палітыкі, і бюджэт, і асноўныя параметры сацыяльна-эканамічнага прагнозу на гэты год і на бліжэйшую пяцігодку. Ніяк адтуль не выцякаюць 500 долараў. Выконваць будуць прызначаныя лічбы, і за іх будуць несці адказнасць. А гэта ўсё размовы на карысць бедных, беднага нашага насельніцтва.
Вадзім Іосуб: Безумоўна, ёсць вельмі вялікая надзея на тое, што выконваць гэта не будуць. Усім зразумела, што выкананне такіх тэзісаў ― гэта шкодна. Мне здаецца, нават не толькі спецыялісты, але і насельніцтва нервова рэагуе на гэтыя заявы з нагоды “ўсім па 500”. І калі яны скіраваныя на тое, каб, можа быць, супакоіць людзей, падсунуць нейкую цукерку, то рэакцыя атрымліваецца прама супрацьлеглай.
Еўрарадыё: Увесь год трымаўся курс рубля. Гэта адаб’ецца як-небудзь у будучым і ці сапраўды курс быў рыначным, а не трымаўся дзяржавай?
Вадзім Іосуб: Мне здаецца, што дастаткова відавочна, што курс у высокай ступені можна назваць рыначным. Пасля скачка долара і еўра ў самым пачатку гэтага года недзе з сярэдзіны лютага курсы замежных валют зніжаліся. Напэўна, можна сказаць, што гэта адбылося дзякуючы нашай беднасці. Асноўным драйверам на валютным рынку аказалася насельніцтва: людзі прадавалі валюты больш, чым куплялі. У асобныя месяцы прадпрыемствы, юрыдычныя асобы былі чыстымі пакупнікамі валюты, але ў выніку дзеяння насельніцтва ўсё адно продажы ў сярэднім былі большыя. То бок пакуль насельніцтва праядае свае валютныя заначкі для таго, каб хоць неяк падтрымаць свой узровень жыцця, каб ён не падаў тымі ж тэмпамі, як падаюць даходы. Вось да таго часу рубель мае ўсе шанцы заставацца больш-менш стабільным. Зноў жа пры захаванні цяперашняй палітыкі Нацбанка, якая зводзіцца да таго, каб паступова скарачаць ільготныя дырэктыўныя крэдыты, каб не друкаваць грошы на заробкі.
Сяргей Чалы: Насамрэч, я б сказаў, што ў рэчаіснасці ніякіх нашых дасягненняў тут няма. Стабільнасць рубля — гэта дасягненне не 2016-га года, а 2015-га. Гаворка ідзе пра тое, што, насамрэч, наш рубель паводзіць сябе фактычна як сыравінная валюта, ужо дастаткова даўно з дакладнасцю паўтарае ваганні рубля расійскага. Вось да таго часу, пакуль кошт на нафту стаіць у вузкім калідоры 45-55 долараў, стабільнасць рубля і захоўваецца. Нашых заслуг тут няма.
Еўрарадыё: У 2016 годзе Нацбанк працягваў паказваць сваю незалежнасць. Ці можна сапраўды лічыць Нацбанк незалежным ад уладаў?
Вадзім Іосуб: У некаторай ступені пытанне тэарэтычнае. З аднаго боку, да Нацбанка даведзеныя задачы і паказчыкі, за якія ён адказвае. І можна сказаць, што апошнія два гады ён выглядае незалежным. Але ў нас няма ніякіх жорсткіх заканадаўчых інструментаў, каб падтрымліваць гэтую незалежнасць. То бок гэтая незалежнасць можна знікнуць адным рашэннем, адным прамым указаннем. Пакуль туды не лезуць са сваімі указаннямі, усё гэта выглядае, як незалежнасць. Заўтра нехта захоча даць каштоўнае ўказанне, на гэтым незалежнасць скончыцца. Ніякім чынам інстытуцыянальна гэтая незалежнасць не замацаваная.
Сяргей Чалы: У большасці выпадкаў Нацбанк сам ставіць сабе задачы. Яны самі сабе прымаюць план паступовага зніжэння інфляцыі, самі ж гэтага і дасягаюць. Ставяць сабе прамежкавую мэту таргетавання грашовай масы, самі ж яе і дасягаюць. Асабліва ніхто іх і не чапае ў гэтым пытанні. І паколькі мэты ставяць яны самі перад сабой, то даволі някепска ў іх і трапляюць. Але пытанне тут не інстытуцыянальнае, не персанальнае (напрыклад, здымуць Калаура і прызначаць Байнёва), а ў тым, што здарылася ў інтэлектуальнай сферы. Насамрэч, вельмі мала засталося магчымасцяў, дзе да эканомікі можна дакрануцца рукамі без катастрафічных наступстваў, якія надыдуць вельмі хутка. Трэба разумець, што адна справа ― абяцанне 500 долараў заробку, калі ў вас курс стаіць і рэзервы ўдвая большыя, чым цяпер. Зусім іншая справа, калі курс мяняецца ўмомант, у залежнасці ад зменаў колькасці грошай у эканоміцы. Вы проста ніяк не здолееце атрымаць гэтыя 500 долараў, таму што вы не друкуеце гэтыя долары. Колькі вы будзеце ствараць рублёў, столькі курс будзе мяняцца і заробкі у рэальным і доларавым выражэнні будуць заставацца на тым самым узроўні. Яшчэ раз падкрэсліваю, адным з галоўных усведамленняў стала тое, што гэты калідор магчымасцяў вельмі вузкі. Калі мы скатваемся ў адзін бок, то атрымліваем паўнавартасны банкаўскі крызіс, які спыняе ўсю эканоміку. У другі бок скатваемся, атрымліваем даўгавы крызіс. І вось гэтая сцежка паміж імі вельмі вузкая. Высвятляецца, што інструментаў палітыкі (што нам рабіць) не так шмат, трэба проста паспрабаваць не зваліцца ні ўлева, ні ўправа.
Еўрарадыё: Засталося паспрабаваць спрагназаваць 2017-ты год у беларускай эканоміцы!
Вадзім Іосуб: Калі казаць пра афіцыйныя прагнозы сацыяльна-эканамічнага развіцця на наступны год, то якасна карціна будзе падобнай на бягучы год. Адзіны прагноз, у якога ёсць шансы спраўдзіцца — паніжэнне інфляцыі да 9%. Росту эканомікі не будзе, хутчэй за ўсё, будзе падзенне парадку 1%. Радуе, што не такое моцнае, як сёлета. Росту рэальных даходаў насельніцтва таксама не будзе. Будзе паніжэнне. Але зноў жа, радуе, што не так хутка, як сёлета. То бок агулам крызіс нікуды не падзенецца, але пры гэтым ёсць шансы захаваць пэўную фінансавую стабільнасць і абысціся без абвалаў і шокаў на валютным рынку.
Ёсць такая гіпотэза, што кошт валютнага кошыка будзе расці прапарцыйна інфляцыі, то бок на 9%. Але гэта мала каму цікава, чытачоў, хутчэй, цікавіць, колькі будзе каштаваць канкрэтная валюта. Залежаць гэта будзе не столькі ад працэсаў у беларускай эканоміцы, а, верагодна, і ў большай ступені, ад таго, што будзе з еўра, доларам і расійскім рублём у свеце, ад кошту на нафту і гэтак далей. Дык вось, калі выказаць здагадку, што еўра знізіцца роўна да аднаго долара, нафта будзе адносна стабільнай і да канца наступнага года ў Расіі долар будзе каштаваць каля 67 расійскіх рублёў, то ў Беларусі можна будзе атрымаць па 2,25 рублі за долар і за еўра. Але гэта вельмі акуратны прагноз, бо любая змена гэтых паказчыкаў будзе ўносіць вельмі сур’ёзныя карэктывы.
Еўрарадыё: А рэальны сярэдні заробак ў 2017-м годзе?
Вадзім Іосуб: У доларах? Няхай будзе 350!
Сяргей Чалы: Я не хачу займацца варажбой на лічбах! Я хацеў бы сказаць, што без дзвюх рэчаў, якія абсалютна абавязкова мусяць адбыцца ў наступным годзе, ніякія прагнозы проста немагчымыя. Гэта атрыманне крэдыту ад МВФ і размяшчэнне Еўрааблігацый. Іначай проста няма грошай для пагашэння знешніх запазычанасцяў. Таму, пакуль гэтага не здарыцца, складана казаць, што будзе. Бо ў выпадку, калі гэтага не адбудзецца, адзіным выхадам будзе пакупка Нацбанкам валюты, каб разлічыцца з запазычанасцямі. А гэта будзе зусім іншы курс, чым той, што мы маем сёння.
Таму, хутчэй за ўсё, будзе праведзены такі ж трук, як і з павышэннем пенсійнага ўзросту. Памятаеце, там жа падобныя былі нарады. Спачатку казалі, што народ наш не гатовы да павышэння пенсійнага ўзросту. Дарэчы, так жа, як ён не гатовы да тых рэформ, што прапануюць гэтыя “жывёлы”, бесчалавечныя людзі з МВФ. Перакананы, што праз некалькі месяцаў на якой-небудзь нарадзе Лукашэнка скажа, што было праведзенае чарговае апытанне, цяпер мы бачым, што народ гатовы, дзякуй яму за гэта! Так жа, як ён падзякаваў народу за разуменне ў павышэнні пенсійнага ўзросту. І далей можна будзе пагаджацца на ўмовы МВФ.
Вадзім Іосуб: Гэта вельмі станоўчы сцэнарый!
Сяргей Чалы: А іншага тут і не праглядаецца. І вось, калі гэтыя пытанні будуць вырашаныя, то збольшага мы ўбачым 2017-ты год, які не моцна адрозніваецца ад 2016-га. Бо крыніц эканамічнага росту няма, грошай для дзяржаўных інвестыцый няма, сукупны прыватны попыт падае, прыватных інвестыцый таксама няма, даходы насельніцтва падаюць… Самы галоўны вынік — калі нічога не рабіць з пункту гледжання структурных рэформ, то ніякага росту ў краіне не будзе.
Еўрарадыё: Аляксандр Лукашэнка акурат правёў нараду пра прыцягненне крэдытаў любымі сродкамі…
Сяргей Чалы: Дарэчы, я ўвесь год з’яўляюся прапагандыстам аднаго пункту гледжання. Я цалкам падтрымліваю кіраўніка краіны і лічу, што цяпер трэба набраць як магчыма больш крэдытаў, незалежна ад адсоткавай стаўкі. Набраць гэтых грошай і абвясціць дэфолт. Цягам сямі гадоў нам трэба аддаваць не менш за тры мільярды долараў кожны год, а пры бюджэце ў менш чым 40 мільярдаў долараў гэта вельмі немаленькая велічыня. Гэта папросту азначае, што цягам сямі гадоў ніякага росту ў нас не будзе, бо з эканомікі трэба будзе вымаць такія вялікія сродкі і нічога не вяртаць у яе ж праз падаткі.
А дэфолт, як паказвае практыка расійскага дэфолту 1998 года, не так і страшна. Як жартавалі калісьці пра аўтамабіль “АКА”, паўгадзіны ганьбы і ты на лецішчы. Так і тут. Пару гадоў папакутуеш, не будзеш мець доступу да знешняга фінансавання, а потым усё будзе зноў наладжана.