"Я ж не біў яго проста так!" Супярэчнасці ў справе пра напад на Сяргея Чалага
6 жніўня ў Мінску судзяць юнакоў, якія збілі незалежнага аналітыка, аўтара праграмы "Эканоміка на пальцах" Сяргея Чалага і ягонага сябра Анатоля Сакалоўскага. Бойка адбылася ў ціхім мінскім дворыку на вуліцы Леніна. 33-гадовы электраманцёр Кірыл Доўнар і 29-гадовы аддзелачнік Аляксандр Рублёў не адмаўляюць, што рукапрыкладства можна было пазбегнуць. Але таго, што задумалі бойку з хуліганскіх меркаванняў, хлопцы не прызнаюць.
— Мы ўжо збіраліся сыходзіць. Хлопцы з маёй кампаніі пайшлі наперад, а мы з жонкай затрымаліся ў двары, ёй захацелася ў туалет, — распавядае ў судзе Аляксандр Рублёў. — На шляху стаяла кампанія з трох чалавек. Мы папрасілі іх адысці, каб не бянтэжыць маю жонку: маўляў, мужыкі, адыдзіце за кут, а то пасцаць прыперла. Любы мужык — ён зразумее. Але мы ў адказ пачулі нецэнзурную лаянку.
— Чаму вы вырашылі папрасіць пацярпелых адысці, а не адышлі ўбок самі? — удакладняе дзяржабвінаваўца.
— Спадзяваліся на мужчынскае разуменне.
— Што канкрэтна вам сказалі?
— Я дакладна памятаю фразу: "Ёй цяпер хтосьці прысуне".
— Ад каго ішла гэтая фраза?
— Ад таго, хто быў вышэй за ўсіх. Пазней высветлілася, што гэта быў Чалы. Наўрад ці ён сказаў гэта пра Сакалоўскаму...
Аляксандра Рублёва суд апытвае першым. У хлопца ўжо ёсць адна "ходка" па хуліганскім артыкуле 339. Прычым, практычна па тым жа сцэнары. У судзе ён распавядае, як праз пяць дзён пасля вяселля заехаў на запраўку, каб купіць шакаладку і цыгарэты, а трое хлопцаў прычапіліся да яго жонкі. "Збілі маю жонку, збілі мяне. Але потым яны напісалі заяву, і мы, вядома, апынуліся крайнімі", — дадае Рублёў. За тое злачынства ён атрымаў тры гады абмежавання волі. Адбыў іх ад званка да званка і вызваліўся 2 верасня 2016 года.
Цяпер яго зноў судзяць па 339-м артыкуле.
— Мы дабіваліся таго, каб падчас следства артыкул быў зменены з 339-га на 153-і [Наўмыснае прычыненне лёгкага цялеснага пашкоджання. — Еўрарадыё], — кажа Рублёву ягоны адвакат Вольга Безбародкіна. — Сёння вы павінны сказаць адну фразу...
— Я не ведаю, які там артыкул. Мы дзейнічалі не з хуліганскіх меркаванняў, — падхоплівае падабаронны.
А з якіх?
Па версіі абвінавачанага, сутыкнуўшыся з кампаніяй Сяргея Чалага і пачуўшы нецэнзурную лаянку, ён адчуў, што яго могуць збіць, а яго жонку — згвалтаваць. Аднак, даючы паказанні следчым адразу пасля затрыманьня, Рублёў ні словам не абмовіўся пра пагрозы ў свой адрас. І ён, і яго таварыш па лаве падсудных Кірыл Доўнар сцвярджалі, што Чалы і яго сябры былі настолькі п'яныя, што толькі мармыталі нешта невыразнае.
— Ён стаяў і нікуды не ўцякаў. Атрымліваецца, працягваў удзельнічаць у канфлікце, — распавядае Рублёў.
Паводле яго слоў, адчуўшы пагрозу, ён... вырашыў патэлефанаваць сябрам, якія сышлі наперад. Першым у двор вярнуўся Доўнар. Ён ударыў Сакалоўскага, які нібыта пайшоў яму насустрач і замахнуўся, каб ударыць першым.
Але адразу пасля затрымання Доўнар сцвярджаў, што яму толькі здалося, што ад Сакалоўскага зыходзіла нейкая агрэсія.
— Чаму вы з Рублёвым не забралі яго жонку і не сышлі з двара, а пайшлі нешта высвятляць да пацярпелых? Чаму вы пакінулі жонку Рублёва, якой, як вы кажаце, пагражала згвалтаванне? — пытаецца ў Доўнара суддзя.
— Мною кіравалі эмоцыі, — адказвае Доўнар.
— Рублёў быў загнаны ў кут? Ён не мог пакінуць двор? — задае сваё пытанне абвінаваўца.
— Не.
— Чаму вы не выклікалі міліцыю?
— Я не так выхаваны... У нас так не прынята!
— Прынята біць у твар?
— Я ж не біў яго проста так!
Дзе ў момант бойкі знаходзілася Марыя Рублёва, гонар якой абаранялі маладыя людзі? Абодва абвінавачаныя кажуць, што ў бойцы яна не ўдзельнічала і ў прынцыпе не бачыла, што адбываецца. Так ад якой пагрозы яны спрабавалі засцерагчы яе, калі яе нават не было побач з "агрэсарамі"?
Хто быў п'янейшы?
Абвінавачаныя настойваюць, што Сяргей Чалы і яго сябры былі моцна п'яныя, і што яны вымушаныя былі увязацца ў бойку, рэагуючы на іх словы. Самі ж яны ўжылі, што называецца, мінімальна.
— Мы прыйшлі ў "Цэнтральны" каля 8 вечара і заставаліся там да 11, калі кавярня зачыняецца, — распавядае Рублёў. — Я піў піва — яно там нясмачнае, таму больш трох куфляў я не мог выпіць фізічна. Яшчэ паспрабаваў "Марціні" — 20 грам, не болей. І кава.
— А ў двары, дзе адбыўся канфлікт, вы ўжывалі спіртное? — удакладняе абвінаваўца.
— Не. Мы пайшлі туды, каб працягнуць гутарку, пачатую ў кавярні. Мы часта размаўляем з хлопцамі аб працы. Я, да прыкладу, магу распавесці, як нядаўна абліцоўваў сцяну.
— Я быў з сябрамі ў летняй кавярні ўніверсама "Цэнтральны", — распавядае Доўнар, калі прыходзіць яго чарга. — Замовіў адзін келіх піва. Яго і піў увесь вечар. Быў практычна цвярозы, у двары мы не выпівалі. Гэта ў Сакалоўскага ў крыві было 2,7 праміле!
А вось цытата з паведамлення міліцыі, зробленага пасля затрымання Рублёва і Доўнара: "У выніку апытання падазраваных высветліліся дадатковыя акалічнасці: ўначы 19 траўня 2018 года ў гэтым жа двары распівалі спіртныя напоі не толькі кампанія Чалага, але яшчэ і кампанія з 5 чалавек".
А як адбывалася затрыманне?
Цытата з таго ж паведамлення міліцыі: "Падчас выразных і спланаваных аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў супрацоўнікамі аддзела крымінальнага вышуку Цэнтральнага РУУС г. Мінска "па гарачых слядах" затрыманыя чацвёра мінчан, якія падазраюцца ў здзяйсненні нападу на журналіста і яго сябра".
У судзе ж і Рублёў, і Доўнар сцвярджаюць, што прыйшлі ў міліцыю самі!
— Я перыядычна чытаю навіны, той жа TUT.by. Убачыў артыкул, які быў падобны з нашым канфліктам, — кажа Доўнар. — Выказанае ў гэтым артыкуле вельмі моцна супярэчыла таму, што было на самай справе: там было сказана, што дзейнічалі спецсупрацоўнікі, што наляцелі моўчкі, беспадстаўна, што гэта замова дзяржавы... Я скінуў артыкул Рублёву, мы параіліся вырашылі, што не мае сэнсу...
— Знаёмыя сказалі, што супрацоўнікі міліцыі нас шукаюць, — у сваю чаргу, распавядае Рублёў. — Мы з жонкай зразумелі, што гэта звязана з сітуацыяй, якая звязаная ў двары. Спакойненька сабраліся і самі пайшлі. На ўваходзе ў РУУС Дзмітрый (не памятаю яго імя па бацьку), супрацоўнік крымінальнага вышуку, які займаўся нашымі пошукамі, быў здзіўлены: "Што вы тут робіце?" — "Вось мы прыйшлі". Усё, падняліся на чацвёрты паверх. Тры дні пасля гэтага я знаходзіўся пад вартай.
Разгляд па справе аб нападзе на Сяргея Чалага і Анатоля Сакалоўскага працягваецца. 6 жніўня суд апытвае пацярпелых, на наступны дзень запланавана апытанне сведак.
На падставе часткі 2 артыкула 339 абвінавачаным пагражае ад 1 да 6 гадоў пазбаўлення волі. Зрэшты, санкцыяй па артыкуле можа быць і арышт, і абмежаванне волі на тэрмін да трох гадоў.