Як атрымліваюць грошы ўкладчыкі “Дэльта-Банка”

“Вам дашлюць ліст, паведамленне, дзе будзе дакладна пазначаная дата і месца атрымання грошай. Кіруйцеся гэтым дакументам”, — расказваюць у кол-цэнтры банка “Масква-Мінск”.

Выплаты пачынаюцца ў панядзелак, 13 красавіка. Амаль праз месяц пасля адклікання ліцэнзіі ў “Дэльта-Банка”. Для атрымання свайго ўкладу трэба пайсці ў аддзяленне “Дэльта-Банка” і напісаць заяву, праз нейкі час прыйдзе паведамленне з месцам і часам атрымання грошай. Усе выплаты праводзіць банк “Масква-Мінск” за кошт сродкаў Агенцтва па гарантаваным вяртанні ўкладаў.

Заявы на вяртанне грошай ў “Дэльта-Банку” прымаюць да канца красавіка, пазней давядзецца ехаць непасрэдна ў Агенцтва, на вуліцу Шпілеўскага. Там расказваюць, што ўжо атрымалі больш за 6 тысяч заяваў. Агулам сума выплат перавысіць 100 мільёнаў долараў.

“Я тры мільёны меў, а людзі па 100-300”: гісторыі кліентаў “Дэльта-банка"

Што з юрыдычнымі асобамі і іпэшнікамі?

Агенцтва вяртае толькі ўклады прыватных асобаў, кампенсацыя юрыдычным асобам будзе магчымай толькі пасля афіцыйнага прызнання “Дэльта-Банка” банкрутам. То бок пасля суда. Пакуль на ўсе запыты юрасобам адказваюць адпіскамі. “Пастановай прынятае рашэнне аб увядзенні часовай адміністрацыі… адкліканы спецдазвол на ажыццяўленне дзейнасці… банку забараняецца выконваць абавязанні па раней заключаных дамовах, банк не нясе адказнасці за парушэнне сваіх абавязанняў праз немагчымасць іх выканання… пасля выпрацоўкі праграмных мераў вам будзе дадзеная дадатковая інфармацыя, у тым ліку шляхам размяшчэння яе на афіцыйным сайце ЗАТ “Дэльта-Банк". Прыносім свае прабачэнні”, — цытуе для Еўрарадыё атрыманы нядаўна ад банка ліст гомельскі прадпрымальнік Вячаслаў Скарабагатаў.

Сярод найбольш імаверных тэрмінаў вяртання грошай юрыдычным асобам называюць другое паўгоддзе. Да таго часу суд павінен прызнаць “Дэльта-Банк” банкрутам. Прычым грошы з рахункаў прадпрымальнікаў і фірмаў будуць вяртаць за кошт продажу маёмасці банка. І зусім не факт, што яе хопіць на ўсіх.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі