Як бюджэтны крызіс у ЗША адаб’ецца на курсе долара ў Беларусі
Долар на навінах пра крызіс таннее ва ўсім свеце. Але не ў Беларусі. Чаму?
У ЗША пачаўся бюджэтны крызіс, роўнага якому не было з сярэдзіны 1990-х. Апоўначы ў аўторак спынена фінансаванне федэральных установаў краіны. Пад пагрозай звальнення ці адпраўкі ў адпачынак за свой кошт апынуліся 800 тысяч з 2,1 мільёна чыноўніка.
Эксперты з усяго свету спрабуюць прадказаць рэакцыю рынкаў на дрэнныя навіны з амерыканскай Палаты прадстаўнікоў. У расійскім Мінэканомразвіцця не прадбачаць рэзкіх курсавых ваганняў. Падобнай думкі прытрымліваецца і аналітык афіцыйнага партнёра “Альпары” ў Мінску Вадзім Іосуб:
Вадзім Іосуб: “З гледзішча валютнага рынку нічога надзвычайнага не адбылося. Зараз перада мной графік курса еўра да долара. На навінах, што дэмакраты і рэспубліканцы не дамовіліся, еўра вырас з 1.35 да 1.3550. Рух у 50 пунктаў… Кожны дзень можна знайсці такі рух. Калі глядзець на гэты графік і не чытаць навіны пра бюджэтную трагедыю ў ЗША — на графіку гэтую трагедыю знайсці немагчыма”.
На думку эксперта, істотнай рэакцыі на бюджэтны крызіс у ЗША не варта чакаць і на беларускім рынку. А вось незалежны аналітык Сяргей Чалы мяркуе, што Нацбанк скарыстаецца сітуацыяй у ЗША, каб замаскіраваць павольнае аслабленне рубля:
Сяргей Чалы: “[Бюджэтны крызіс] ужо адлюстраваўся на курсе долара. Ён пачынае падаць да іншых валют. А, улічваючы тое, што нашы таргетуюць долар, бо менавіта на яго глядзіць насельніцтва, гэта добрая нагода аслабляць кошык валют. Прычым аслабляць рубель, не кранаючы долар. Вось тое, што адбылося сёння: еўра падскочыў, а долар застаўся на месцы”.
Еўра 1 кастрычніка падаражэў на 80 рублёў, абнавіўшы гістарычны максімум. Рубель апусціўся да кошыка валют адразу на 0,34%. Але для тых людзей, якія арыентуюцца на курс долара, гэтае падзенне пройдзе незаўважаным: амерыканская валюта ў кошце не змянілася.