Як кандыдаты ў прэзідэнты абяцаюць вырашыць праблемы беспрацоўя

Як кандыдаты ў прэзідэнты абяцаюць вырашыць праблемы беспрацоўя

У панядзелак, 14 верасня, становяцца вядомымі выбарчыя праграмы двух кандыдатаў у прэзідэнты — Таццяны Караткевіч і Сяргея Гайдукевіча. Еўрарадыё параўноўвае, як кандыдаты збіраюцца вырашаць праблему беспрацоўя.

Ніякай канкрэтыкі на тэму беспрацоўя і барацьбы з ёй у праграме Таццяны Караткевіч няма. Ну, калі толькі такое вось абяцанне: “Адмяніць паборы дзяржавы з грамадзян, якія страцілі працу ў выніку эканамічнага крызісу. Аказаць эфектыўную дапамогу ў набыцці новай спецыяльнасці і ў адкрыцці ўласнага бізнесу”. Няўжо гэта не тая тэма, якой варта аддаць больш увагі надаваць у праграме кандыдата?

“Канечне, такая праблема ёсць, — пагаджаецца са мной Таццяна Караткевіч. —  Калі людзі працуюць тры-чатыры дні на тыдзень — гэта ўжо не праца, а падпрацоўка. А мая суседка па доме, у якой скончыўся кантракт, другі месяц  працу знайсці не можа. Наша прапанова такая: найперш павысіць выплаты людзям, якія страцілі працу, і выплачваць ім паўгода 75% заробку з апошняга месца працы. Выпрацаваць эфектыўную сістэму перападрыхтоўкі гэтых людзей, знаходжання ім працы. А таксама падтрымаць гэтых людзей, калі яны захочуць адкрыць свой бізнес”. 

Як кандыдаты ў прэзідэнты абяцаюць вырашыць праблемы беспрацоўя
Таццяна Караткевіч

А яшчэ Караткевіч у якасці сродку барацьбы з беспрацоўем хоча даць “больш свабоды бізнесу і тым кірункам эканомікі, які сёння паказваюць поспех”.

Не знаходжу слова “беспрацоўе”, у любым кантэксце, і ў праграме Сяргея Гайдукевіча. Ну, калі не лічыць вось гэтага: “У камандзе Гайдукевіча прафесіяналы, людзі справы, кіраўнікі паспяховых прадпрыемстваў, спецыялісты ў дзяржкіраванні, якія ведаюць, што трэба рабіць, каб эканоміка краіны развівалася”. Дык праблема для краіны беспрацоўе ці не?

“Такога беспрацоўя, да якога прыводзяць крызісы, у Беларусі няма цяпер. Ёсць разуменне профільнага беспрацоўя, і яно ўзмацнілася. Гэта будаўніцтва, гэта сфера паслуг. А ўсё таму, што мала грошай і людзі мала карыстаюцца паслугамі, — тлумачыць Сяргей Гайдукевіч. І раскрывае сакрэт, як ён будзе з гэтым некрытычным “профільным беспрацоўем” змагацца. — Трэба патроху пачынаць падвышаць заробкі людзям. Для чаго? Пачнуць набываць — пачне гэтая сітуацыя “профільная”, рознічны гандаль пачне вагацца, спатрэбяцца новыя людзі. Не пойдзем набываць у крамы, не пойдзем у цырульні, кавярні і рэстарацыі, не пачнём нешта будаваць — будзем стагніраваць!” 

Як кандыдаты ў прэзідэнты абяцаюць вырашыць праблемы беспрацоўя
Сяргей Гайдукевіч

І сапраўды не паспрачаешся: хто ж будзе “стагніраваць” калі яму заробак пачнуць падвышаць?

Праграмы казацкага атамана Мікалая Улаховіча ў інтэрнэце няма. Можа, таму, што ў Беларускай патрыятычнай партыі, лідарам якой ён з’яўляецца, банальна няма сайта. Атаман упэўнівае Еўрарадыё, што праграму мае, ляжыць у свабодным доступе — на офісе партыі. “Хочаце пазнаёміцца — прыязджайце і бярыце!” — робіць шырокі жэст Улаховіч. А вось сам цытаваць хоць нешта з яе катэгарычна адмаўляецца. Сітуацыю выратоўвае начштаба атамана Міхаіл Образаў.

“Ёсць у нас пра беспрацоўе! Акцэнт зроблены на 2,5 мільёнах пенсіянераў, якіх выганяюць з працы, нягледзячы на тое, што яны прафесіяналы і працуюць за меншы заробак, чым моладзь — моладзь не хоча на такі заробак ісці. Мы прапануем разбірацца: працуе ён па дасягненні пенсійнага ўзросту на сваім працоўным месцы нармальна — няма пытанняў, не працуе, хварэе — звальняць”. 

Як кандыдаты ў прэзідэнты абяцаюць вырашыць праблемы беспрацоўя
Мікалай Улаховіч

Пра іншых беспрацоўных у праграме нічога няма. Адпаведна, нічога большага і сказаць начштаба атамана не можа.

Выбарчай праграмы кандыдата Аляксандра Лукашэнкі пакуль няма. Але тут ж можна паглядзець, што кіраўнік краіны казаў на гэтую тэму.

Лукашэнка абяцае, што моладзі беспрацоўе не пагражае — іх чакаюць высокааплатныя працоўныя месцы ў касмічнай галіне, на атамнай станцыі, на Мінскім заводзе колавых цягачоў і гэтак далей. Няма чаго турбавацца пенсіянерам: “Калі кіраўнік звальняе пенсіянера, няхай і сам звальняецца — гэта супярэчыць прынцыпам сацыяльнай дзяржавы”. А вось і самы галоўны тэзіс, да любога пытання пасуе: “Усё будзе нармальна, мы не загінем”.

 

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі