Як мігранцкі крызіс змяняе расстаноўку палітычных сілаў у краінах Еўропы
Кіраўнік Еўракамісіі Жан-Клод Юнкер заклікае пераразмеркаваць 120 тысяч уцекачоў па краінах Еўрасаюза. Палітыкі некаторых краін выказваюцца супраць такіх мераў. І нават будуюць свае палітычныя праграмы зыходзячы з новай еўрапейскай рэальнасці.
Украінскі палітолаг Уладзімір Фясенка кажа, што сітуацыя з наплывам мігрантаў моцна паўплывае на палітычнае жыццё асобных еўрапейскіх краін. Пэўны каштоўнасны і палітычны раскол пачынаецца ўжо цяпер.
“Нехта будзе абвастраць гэтую сітуацыю ва ўнутрыпалітычнай палеміцы. Нехта будзе шукаць мяккія формы рэагавання”, — кажа палітолаг.
Імавернасць узмацнення правых настрояў вельмі вялікая. Але маштаб прадказаць складана. На думку палітолага, на фоне росту колькасці праварадыкальных партыяў, адбудзецца і схіленне ў правы бок наяўных цэнтрысцкіх і правацэнтрысцкіх сілаў. Яны будуць выступаць з крытыкай міграцыйнай праблемы, прапаноўваць рэцэпты стрымлівання гэтай праблемы.
Рост антымігранцкай напружанасці, мяркуе эксперт, будзе адбывацца ў тых краінах, дзе гэтая праблема выявілася найбольш маштабна.
“У Венгрыі, Аўстрыі, Германіі можа быць рост антымігранцкіх настрояў. На гэтай глебе можа павысіцца і рост праварадыкальных сілаў”.
На яго думку, такія працэсы будуць адбывацца цягам двух-трох гадоў.
Польскі палітолаг Віктар Рос мяркуе, што мігранцкі крызіс кардынальна не паўплывае на змену палітычных сілаў у Еўропе.
“Напрыклад, Ангела Меркель не з’яўляецца прадстаўніцай левых сілаў, яна правая, яна прадстаўніца хрысціянскіх дэмакратаў. Але яна прыхільнік прыняцця ўсіх бежанцаў. Таму я не думаю, што мігранцкі крызіс у Германіі ўзмоцніць пазіцыі правых”, — кажа палітолаг.
Ён таксама кажа, што парадаксальная сітуацыя склалася ў Польшчы. Хутка там мусяць прайсці парламенцкія выбары. Партыя “Права і справядлівасць”, якую, згодна з сацыялагічнымі апытаннямі, падтрымае большасць насельніцтва, мае скептычнае стаўленне да магчымасці прыняцця ўцекачоў з Блізкага Усходу. Але разам з тым большасць насельніцтва (51%) выступае за прыняцце Польшчай бежанцаў. Адпавядае такому настрою партыя “Грамадзянская платформа”, якая, згодна з апытаннямі, імкліва страчвае папулярнасць.
Фота: content-mcdn.ethnos.gr