А як па законе? Разам з юрыстам разбіраем “кейс пра метадон” на мяжы

Міграцыйны крызіс / Delfi
Міграцыйны крызіс / Delfi

Беларусам варта было б адрэагаваць на заяву кіраўніка польскага МУС Марыюша Камінскага і завесці крымінальную справу аб нелегальным абароце наркотыкаў. Літоўцам — расследаваць гэты факт, каб вырашыць, ці можна дадаць яго да больш буйной справы пра арганізацыю нелегальнай міграцыі. У ідэальным свеце беларускі і літоўскі бакі яшчэ б і праўзаемадзейнічалі, каб дакапацца да праўды.

Кіраўнік польскага МУС Марыюш Камінскі заявіў, што дзецям нелегальных мігрантаў на беларускай тэрыторыі давалі метадон. Гэта нібыта выявілі літоўскія медыкі. Мэта — зрабіць так, каб дзеці не плакалі пры перасячэнні мяжы.

Не аналізуючы базу доказаў гэтай заявы, мы спыталі ў юрыста, якія крымінальныя справы могуць ці маглі б быць заведзеныя па факце гэтай заявы. Разам з Еўрарадыё над тэмай разважаў экс-юрыст Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі, а цяпер сябра НАУ Арцём Праскаловіч.

Мы абмеркавалі некалькі імаверных сцэнароў развіцця падзей — пры ўмовах, што ўсе бакі былі б зацікаўленыя ў тым, каб законы і артыкулы Крымінальнага кодэкса спрацавалі.
 

Калі праўда, што мігранты атрымалі наркотыкі ў Беларусі

— Метадон адносіцца да асабліва небяспечных наркатычных сродкаў, ён уключаны ў рэспубліканскі спіс наркатычных сродкаў, прэкурсораў і іх аналагаў. Відавочна, што ягоны абарот абмежаваны на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Ён можа выдавацца толькі ў медыцынскіх мэтах.

Калі метадон мігрантам перадалі беларусы, тады беларускі бок павінен быў бы завесці крымінальную справу па антынаркатычным артыкуле. У Беларусі былі прынятыя захады для таго, каб павысіць адказнасць за распаўсюджванне наркотыкаў. Таму толькі той факт, што адна асоба перадала іншай метадон, прадугледжваў бы пазбаўленне волі да 25 гадоў.

Да таго ж застаецца пытанне, як метадон аказаўся ў азначаных беларусаў. Законна ён да іх патрапіць не мог, таму напрошваецца таксама артыкул, па якім прадугледжана адказнасць за крадзеж наркатычных сродкаў.

У адносінах людзей, якія проста прынялі наркотык, а пасля перайшлі ў стане наркатычнага ап’янення мяжу, не будзе крымінальнага пераследу ні па беларускім, ні па літоўскім заканадаўстве.

А как по закону? Вместе с юристом разбираем "кейс про метадон" на границе
Мігранты, затрыманыя польскімі памежнікамі / notesfrompoland.com

Беларускія следчыя могуць пачаць дзейнічаць, калі будзе заява. Але ж яны могуць і павінныя і проста адрэагаваць на інфармацыю, змешчаную ў СМІ. То-бок на тэрыторыі Беларусі крымінальная справа можа быць заведзеная адразу па некалькіх артыкулах.
 

Калі мігранты прывезлі метадон з сабой

— Калі гэтыя сродкі мігранты прывезлі ў Беларусь з сабой, тады да незаконнага абароту наркотыкаў дадаецца іх незаконнае перамяшчэнне праз мяжу Еўразійскага эканамічнага саюза.

Калі чалавека прызнаюць вінаватым па гэтым артыкуле, яго напачатку пазбаўляюць волі, а пасля могуць перадаць у краіну, грамадзянінам якой ён з’яўляецца.

Тут узнікае пытанне, як адбываецца надгляд у аэрапорце. Праз аэрапорт немагчыма ўвезці нават мікраграмы наркотыкаў, гэта ўсё вельмі лёгка выяўляецца.

Ёсць у гэтых гісторыях шмат невядомых акалічнасцяў. Трэба разбірацца, ці маюць бацькі, сваякі гэтых дзяцей дачыненне да таго, што яны ўжылі метадон. Трэба разбірацца, ці зрабілі яны гэта пад прымусам. Як і ў кожнай крымінальнай справе, трэба вывучаць усе абставіны.
 

Калі Літва і Беларусь захочуць узаемадзейнічаць

— Аднаго факта, што ў крыві чалавека знайшлі наркатычныя сродкі, недастаткова да завядзення крымінальнай справы. Але сітуацыя ненармальная, выключная, яна сведчыць пра тое, што ва ўмовах крызісу абвастрылася не толькі праблема міграцыі, але і нелегальнага абароту наркотыкаў.

Літва, на мой погляд, павінна заводзіць крымінальныя справы, але па факце арганізацыі нелегальнай міграцыі. Той факт, што мігранты прыходзяць у стане наркатычнага ап’янення — гэта ўсё дадатковыя абставіны гэтай справы.

У СМІ мы бачым сведчанні пра тое, што адбываюцца і іншыя парушэнні правоў чалавека — у тым ліку ўжо ў лагерах на тэрыторыі Літвы і Польшчы з боку адных мігрантаў здзяйсняюцца правапарушэнні ў дачыненні да іншых.

А как по закону? Вместе с юристом разбираем "кейс про метадон" на границе
Дрот на беларуска-польскай мяжы

Гэта ўсё падстава для таго, каб гаварыць пра невыкананне беларускім бокам міжнародных дамоўленасцяў аб процідзеянні нелегальнай міграцыі і незаконнаму абароту наркотыкаў і шукаць шляхі для вырашэння гэтай праблемы.

Што тычыцца краінаў паходжання мігрантаў, яны могуць даслаць запыты па дыпламатычных каналах з мэтай завядзення крымінальных спраў па фактах смерці сваіх суайчыннікаў, уцягвання іх у нелегальную міграцыю і абарот наркотыкаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі