Як вернікі Беларусі ставяцца да смяротнай кары?
Еўрарадыё спытала прадстаўнікоў розных канфесій, як яны адносяцца да смяротнага пакарання.
Форум карэспандэнта Еўрарадыё Паўла Свярдлова з протаіерэем Сергіем Гардуном і сацыёлагам Лідзіяй Міхеевай выклікаў моцную рэакцыю сярод слухачоў.
Прэс-сакратар Мінскага епархіяльнага ўпраўлення, протаіерэй Сяргей Лепін распавядае пра рэгулярныя выступы праваслаўнай царквы за адмену смяротнага пакарання. Найбольш яркім крокам святар называе дакумент 2000 года, прыняты Архірэйскім саборам: “Асновы сацыяльнай канцэпцыі Рускай праваслаўнай царквы”.
“Царква вітае ўсе крокі, накіраваныя на адмену смяротнага пакарання. І сама адмена смяротнага пакарання дае болей магчымасцяў працаваць са злодзеем, каб заклікаць яго да пакаяння, і да таго ж выключае магчымыя судовыя памылкі”.
Ксёндз Юры Станько, які выконвае абавязкі прэс-сакратара Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі, кажа Еўрарадыё, што Касцёл заўсёды быў заклапочаны тым, каб абараніць жыццё чалавека: ад зачацця да негвалтоўнай смерці. Яго меркаванне вельмі блізкае да думкі праваслаўных вернікаў.
"Вельмі важна, каб чалавек, які паводле дзяржаўных законаў заслугоўвае вышэйшую меру пакарання, меў магчымасць пакаяцца, каб была выключана судовая памылка!”.
Ксёндз распавядае пра ўдзел у міжхрысціянскай місіі, якая праводзіць круглыя сталы. Гэтыя абмеркаванні, на думку святара, рана ці позна дадуць вынікі.
“Мо пасля такіх сустрэч будуць зроблены звароты да дзяржаўных устаноў, каб унесці нейкія змены ў заканадаўства, як гэта было зроблена ў заканадаўстве пра аборты”.
Нечаканае меркаванне чую ад выканаўцы абавязкаў епіскапа Аб’яднанай царквы хрысціянскай веры евангельскай у Рэспубліцы Беларусь Сяргея Цвора.
Сяргей Паўлавіч прызнаецца, што сярод пастараў ёсць людзі, якія выказваюцца за смяротнае пакаранне.
"Тут пытанне нават у нашых пастараў разыходзіцца, і не таму што крыважэрныя. Стары запавет прадугледжваў: калі чалавек забіў — ідзі следам. І мы павінны абараняць тых людзей, якія не толькі забілі, але і пацярпелых! Уявіце сабе: адно дзіця, забілі, згвалтавалі… Яны не тое што выступаюць за смяротнае пакаранне, але маюць такое меркаванне: у Бібліі запісана, што дзяржаўны чалавек — служка божая і недарма носіць меч. І меч гэты, каб выконваць прысуд”.
Але ж сам Сяргей Цвор і большасць пратэстантаў супраць вышэйшай меры пакарання.
“Меркаванне большасці і маё асабістае — смяротнае пакаранне не вырашае праблемы. Я выступаю за пажыццёвае ўтрыманне ў турме”, — кажа пастыр.
Старшыня Мусульманскага рэлігійнага аб'яднання ў Рэспубліцы Беларусь Абу Бекір Юх'яновіч Шабановіч на пытанне Еўрарадыё адназначна кажа, што да смяротнага пакарання мусульманскі свет можа ставіцца толькі адмоўна.
"…Бо Стваральнік стварае, і, акрамя Яго, ніхто не мае права пазбаўляць жыцця іншага! Тыя тэрарысты, якія забіваюць, яны таксама заслугоўваюць такой жа помсты, але гэта будзе помста ад усявышняга, а не ад людзей. А бандытаў трэба ізаляваць”.
Пры гэтым муфтый заўважае, што ў мусульман, згодна з вучэннем Карана, ёсць такое права, як помста за забітага — смерць за смерць. Але калі родныя прабачаць — тады злодзей ізалюецца і яму адпомсціць усявышні.
Еўрарадыё: А калі не прабачаюць родныя?
Муфцій: "Тады смерць. Яны (родныя. — заўв. Еўрарадыё) маюць права патрабаваць смерці вінаватага. Але на сёння ў ісламскім свеце прымяняецца рэдка. Бо калі з усіх доказаў хоць адзін сумнеўны — смяротная кара не прымяняецца".