Як зменіцца заканадаўства наконт праслушкі тэлефонаў і кантролю ў сеціве?

У сераду 14 траўня Палата прадстаўнікоў прыняла ў першым чытанні законапраект “Аб аператыўна-вышуковай дзейнасці”. Міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч акцэнтаваў ўвагу на ўвядзенні паняцця “кантролю у сетках электрасувязі”.

Хоць вядома, што праваахоўнікі і так маюць магчымасць у межах закона “Аб АВД” праслухоўваць тэлефонныя гутаркі і чытаць перапіску.

Ці азначаюць будучыя папраўкі ў Законе, што межы інфармацыйнай свабоды беларусам звузяць яшчэ больш?

“Меркаванне не абгрунтаванае. Гэта не азначае, што з заўтрашняга дня праваахоўныя органы пачнуць кантраляваць усе паведамленні на сайтах знаёмстваў ці ў сацыяльных сетках, ― лічыць аналітык Андрэй Паротнікаў, дарэчы, былы супрацоўнік следчых органаў. ― Немагчыма прасачыць за ўсімі. Няма такіх рэсурсаў: ні чалавечых, ні тэхнічных. А тыя, хто цікавы, ― гэтыя асобы ўжо і так пад кантролем”.

Аналітык тлумачыць, з якой мэтай ў спіс аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў (артыкул 18 законапраекта) уводзяць тэрмін “кантроль у сетках электрасувязі”.

Андрэй Паротнікаў: “Для таго, каб узаконіць практыку, якая склалася. Каб спрасціць працэсуальнае, юрыдычнае афармленне вынікаў, атрыманых падчас мерапрыемстваў, што фактычна здзяйсняюцца цягам доўгага часу”.

Новы тэрмін “сеткі электрасувязі”, які ўнясуць у закон, аб’яднаў састарэлыя паняцці як “кантроль тэлеграфных паведамленняў”, “праслухоўванне тэлефонных размоваў” і іншае. Тычыцца новае паняцце тэлефоннай сувязі, мабільнай, інтэрнэту і г.д.

Паводле законапраекта, “кантроль у сетках электрасувязі” павінен здзяйсняцца з дазволу пракуратуры. Таксама прапаноўваецца замацаваць статус асобы, якая аказвае канфідэнцыйнае спрыянне праваахоўным органам.

Міністр Шуневіч падкрэсліў тое, што змены ў закон уносяцца з мэтай больш эфектыўнага змагання з карупцыяй. Гэта праблема, як і барацьба з наркотыкамі, у 2014 годзе стала трэндам. Відавочна, што на тэндэнцыю паўплывалі падзеі ва Украіне.

Закон “Аб аператыўна-вышуковай дзейнасці” мяняецца рэгулярна. Бадай, самыя глабальныя змены ўносіліся напрыканцы 2010 года, калі забаранілі, лічы, ўзаконеныя правакацыі і падбухторванні праваахоўнікаў падчас аператыўных эксперыментаў.

Фота top.rbc.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі