Як змяніўся “Кемпінскі” за 3 гады і якія парушэнні былі падчас будаўніцтва
Лукашэнка працягнуў тэрмін здачы гатэля да канца 2015 года. Еўрарадыё прыгадвае цікавыя факты, звязаныя з недарэчным гмахам у цэнтры Мінска.
Гатэлю каля мінскага цырка далі яшчэ год на заканчэнне будаўніцтва. Адпаведны ўказ №517 12 лістапада падпісаў Аляксандр Лукашэнка. З дакумента прыбраная назва — "Кемпінскі", пад якой ён быў вядомы ў пачатку будаўніцтва. Але месяц таму міжнародны гатэльны брэнд Kempinski паведаміў Еўрарадыё, што яны не будуць кіраваць гасцініцай у Мінску.
Будаўніцтва пачынаецца ў 2011 годзе. Адкрыцца ён мусіў перад сёлетнім хакейным чэмпіянатам. Аднак тэрміны здачы аб’екта пераносяцца спярша на пачатак 2014 года, пасля да траўня, а цяпер — да канца наступнага года. І гэта ўжо другі ўказ кіраўніка краіны датычны гатэля. За ўвагу Лукашэнкі з экс-“Кемпінскі” можа пацягацца хіба “Чыжоўка-Арэна”: яе тэрмін здачы пераносілі 3 разы. Але да чэмпіянату ўсё ж паспелі.
Перад пачаткам узвядзення забудоўшчыкаў “Кемпінскі” вызваляюць ад пошлін на ўвоз будаўнічых матэрыялаў і падатку на дададзеную вартасць, бо тыя абяцалі паспець да чэмпіянату па хакеі. Але пра пакаранне за спазненне на 2 гады невядома.
Еўрарадыё вырашыла прыгадаць, з якімі парушэннямі ў цэнтры Мінска ўзводзіцца 10-павярховы гмах, які не характэрны для архітэктурнага ансамблю горада і закрывае панараму на Цэнтральны дзіцячы парк імя Горкага.
Вялікі гатэль “Кемпінскі” з жылымі будынкамі і будынкамі пад офіс пачынаецца са скандалу: на яго месцы разбіраецца помнік гісторыі — першая мінская электрастанцыя.
“Яны яго разабралі з умовай наступнага ўзнаўлення. Згодна з нашым дазволам, яны павінныя аднавіць помнік. Калі не адновяць — гэта парушэнне”, — пагражаюць у Міністэрстве культуры.
За 3 гады будаўніцтва помнік так і не з’яўляецца. Далей — болей: будаўніцтва пачалі без праекта зон аховы для помнікаў: Цэнтральнага дзіцячага парка, сквера Янкі Купалы і праспекта Незалежнасці.
“Закон забараняе любую праектную, будаўнічую дзейнасць на тых тэрыторыях побач з гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі, калі не распрацаваныя і не зацверджаныя зоны аховы. На момант пачатку будаўніцтва адпаведных дакументаў не было”, — прыгадвае старшыня Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч.
Акрамя таго, вышыня будынка перавышае дазволены Міністэрствам культуры бар’ер у 26 метраў на праспекце Незалежнасці.
“Пайшлі шляхам самаўпраўства. Завысілі павярховасць гатэля у абыход вызначаных Мінкультам рэгламентаў”, — працягвае Астаповіч.
Нерэалізаваны “Кемпінскі” мае 10 паверхаў, чым выбіваецца з агульнага ансамблю праспекта. Але і гэта не ўсё. Комплекс, які першапачаткова падалі як гатэль, мае няшмат гасцінічных месцаў, асноўнае — гэта офісныя і жылыя памяшканні, адзначае Астаповіч.
Адзначым, што пытанні Еўрарадыё і пісьмовыя запыты фірма “Эліт-Эстэйт”, дачка групы кампаній Юрыя Чыжа “Трайпл”, праігнаравала. Менавіта гэтая кампанія – забудоўшчык комплекса каля цырку.
Так выглядала першая мінская электрастанцыя
Фота — Еўрарадыё, labadzenka.by