Якія прадуктовыя наборы дораць беларускім ветэранам

Якія прадуктовыя наборы дораць беларускім ветэранам

Увечары 9 траўня ў сеціва трапляе фота "падарунка", які атрымаў адзін з ветэранаў у Брэсце. Акрамя святочнай паштоўкі і віншавальнага ліста, туды ўваходзяць зубная паста, печыва, 800-грамовы пакунак манкі, кавалак мыла і банка скумбрыі.

"Ад усёй душы жадаем вам моцнага здароўя, даўгалецця, упэўненасці ў заўтрашнім дні, бадзёрасці духу, усяго самага найлепшага", — сказана ў віншаванні. Так і просіцца сюды славутае мядзведзеўскае: "Грошай няма, але вы трымайцеся..."

Набор каштуе каля 7,5 рубля, гэта $4. У Брэсцкай вобласці жыве 1426 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Няўжо на падарункі для іх немагчыма было вылучыць нават $10 тысяч? І адкуль увогуле такі сціплы і, мякка кажучы, незразумелы прадуктовы набор?

У абласной ветэранскай арганізацыі нам тлумачаць, што кожны раён сам выбірае, як і чым шанаваць ветэранаў. "Кожны ці ад тэрытарыяльнага цэнтра, ці ад банка, ці ад іншай арганізацыі атрымаў матэрыяльную дапамогу. Гэта і грошы, і каштоўныя падарункі, і прадуктовыя наборы. Усё залежыць ад тэрытарыяльных цэнтраў і мясцовых органаў улады. У некага больш мясных вырабаў, у некага — хлебабулачных. Але прадуктовыя наборы атрымалі ўсе", — дадаюць там.

Сваіх грошай ветэранскія арганізацыі не маюць — яны фінансуюцца з бюджэта ці ад спонсараў. Прадуктовы набор, які другі дзень абмяркоўвае ўся краіна, набыты на грошы аднаго з банкаў.

Якія прадуктовыя наборы дораць беларускім ветэранам
Святкаванне 9 траўня ў Брэсце. Фота: www.sb.by

Што яшчэ дораць беларускім ветэранам? У Смалявічах прадуктовы набор падобны да брэсцкага:

"У гэтым годзе было дзве бутэлькі алею, два кілаграмы цукру, грэчка, рыс, макароны, аўсяныя шматкі, печыва, цукеркі і сыр", — распавядае старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Ганна Чачоткіна.

Але механізм складання набораў крыху іншы: грошы збірае ветэранская арганізацыя; яна ж вырашае, што набыць. Усе ветэраны на Смалявіччыне атрымліваюць аднолькавыя прадуктовыя наборы.

Звяртае на сябе ўвагу адсутнасць кансерваў. Ганна Чачоткіна кажа, што яны сябе дыскрэдытавалі:

"Разумееце, не да ўсіх атрымліваецца аператыўна давезці падарунак. Каго з ветэранаў дзеці забяруць, хто ў лякарню трапіць. І вось дзве бляшанкі ў мяне ўздуліся! Так што ніколі ізноў з таго часу — ніякіх кансерваў. Ну і, да таго ж, хацелі мы тушонку дарыць. Адырклі яе, а там, прабачце, адны жылы і вада".

Якія прадуктовыя наборы дораць беларускім ветэранам
У "ветэранскі набор" у Пярмі другі год запар уваходзіць бутэлька гарэлкі. Што тут сказаць? Расія! Фота: Facebook

У Маладзечанскім раёне працуе іншая тактыка забеспячэння ветэранаў усім неабходным да святаў. 96 тамтэйшых удзельнікаў вайны, так бы мовіць, размеркавалі. "Па працоўных калектывах, па прадпрыемствах, дзе яны працавалі. Частка — нават у краму "АЛМІ". І ліберальна-дэмакратычная партыя ўзяла пяць чалавек. Якраз яны мне паказвалі свае прадуктовыя наборы, — распавядае Станіслава Зубкова з Маладзечна. — Тушонка, гарбата, кава, каробка цукерак, печыва, чырвоная рыба... І шклянка гарэлкі, і бутэлька віна".

На вочы журналістам Еўрарадыё трапіўся тэндар, які сёлета правяло Міністэрства культуры: 406457 рублёў патрачана на арганізацыю святочных канцэртаў да 9 траўня. Калі б падзяліць гэтыя грошы на ўсіх ветэранаў, якія зараз жывуць у Беларусі, атрымалася б па $20 на кожнага. У пяць разоў больш, чым выдаткавана на славуты брэсцкі прадуктовы набор.

Але ў ветэранскіх арганізацыях па ўсёй Беларусі Еўрарадыё адказваюць: галоўнае — гэта не грошы і не прадуктовыя наборы, а ўвага, якой сёлета пастараліся не абысці нікога. Спадзяёмся, што гэтай жа думкі прытрымліваюцца і самі ветэраны.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі