Якую дапамогу атрымліваюць мігранты ад жыхароў прымежжа і Чырвонага Крыжа
Мігрантам, якія захраслі на беларуска-польскай мяжы, прывезлі дапамогу / Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа
На беларуска-польскай мяжы ўжо некалькі дзён жывуць мігранты. Інфармацыі пра тое, у якім яны стане і што адбываецца ва ўмоўным лагеры, паступае няшмат. Еўрарадыё запыталася ў жыхароў прымежных населеных пунктаў, ці бачылі яны замежнікаў, ці аказвалася ім нейкая дапамога. Таксама мы пацікавіліся ў арганізацый, якія займаюцца дапамогай людзям у такіх сітуацыях, што яны робяць, каб падтрымаць уцекачоў.
Нам паведамілі, што каля вёскі Скраблякі на беларуска-польскай мяжы ў лесе знаходзілася сям'я мігрантаў, у якой не было ні ежы, ні вады. Акрамя таго, яны захварэлі. Але, па словах чытачоў, беларускія сілавікі не давалі ім сысці з прымежнай тэрыторыі.
Мы паспрабавалі звязацца з жыхарамі найбліжэйшых населеных пунктаў і высветліць, ці ведаюць яны нешта пра гэтую сітуацыю і ці сустракалі яны ў прымежжы мігрантаў.
— Наконт сілавікоў нічога не магу сказаць, не бачыў іх тут. Але пра тое, што ў прымежных вёсках у апошнія дні даволі часта бачаць замежнікаў, чуў шмат разоў. Мясцовыя іх частавалі ежай. Але яны, здаецца, там не вельмі бядуюць. Людзі бачылі, як ім прывозілі прадукты, ваду, нейкія пакеты перадавалі. Але асабіста гэтага не бачыў, — расказаў жыхар населенага пункта, які знаходзіцца побач са Скраблякамі.
У вёсцы Каробчыцы — таксама прымежнай, людзі таксама прыносілі мігрантам правіянт.
— Пакуль што гэтыя ўцекачы нам не перашкаджаюць. Я нават і не бачыла іх блізка, толькі здалёк. Адно мне не падабаецца, кажуць, яны лес псуюць і вельмі смецяць у лясах ля мяжы. Хацелася б, каб яны паводзілі сябе неяк культурней, — кажа жыхарка вёскі. — Дзесьці чула, што людзі з вёсак ім ежу носяць. Але я ў гэтым не ўдзельнічала.
На пытанне, ці сустракаюць мясцовыя цяпер сілавікоў у сваіх краях, жанчына адказала, што не.
У вёсцы Паплаўцы, па паведамленнях чытачоў, таксама былі заўважаныя мігранты. Аднак мясцовыя жыхары, з якімі нам удалося звязацца, сказалі, што не кантактавалі з імі.
— У мяне тут бацькі жывуць. Чула, што мігранты дзесьці жывуць у вёсцы Галынка. Там шмат пустых дамоў, быццам бы некаторыя там сядзяць, — расказалі нам у вёсцы.
Дапамогу мігрантам аказваюць не толькі жыхары прымежных вёсак, але і беларускі Чырвоны Крыж. 11 лістапада таварыства абвясціла збор рэчаў для дапамогі людзям на мяжы. Для іх збіраюць коўдры, зімовы абутак, курткі, шапкі, рукавіцы.
— 9 і 10 чысла мы ўжо адвезлі мігрантам першую дапамогу. Гэта была ежа і вада, — расказалі прадстаўнікі Чырвонага Крыжа.
На сваім афіцыйным сайце таварыства напісала, што яны даставілі на мяжу 5,3 тысячы літраў пітной вады, 1,5 тоны мясных прадуктаў, 500 кілаграмаў ялавічнай тушонкі, 200 кілаграмаў яблыкаў і іншыя прадукты.
— Адвезлі і трохі цёплых рэчаў, але ў нас не было неабходнага аб'ёму, каб забяспечыць імі ўсіх. Экстранна цяпер закупляем і просім прынесці грамадзян.
Мы фармуем новы груз і 12 лістапада зноў збіраемся ехаць на мяжу. Ён сабраны з улікам патрэбаў людзей, якія там знаходзяцца.
У некаторых мігрантаў праз халоднае надвор'е з'явіліся праблемы са здароўем. Па словах прадстаўніка Чырвонага Крыжа, лекі ад насельніцтва яны прымаць не могуць. Але рашэннем пытання з дастаўкай нейкіх неабходных медыкаментаў яны займаюцца.
Таксама мы звярнуліся ў ААН у Беларусі па каментар наконт дапамогі мігрантам, якая аказваецца арганізацыяй. Аднак атрымаць каментар аператыўна не ўдалося.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.