Ярмошына: Байкатаваць выбары забараняецца і кандыдатам, і выбаршчыкам

 

Еўрарадыё: На нарадзе ў кіраўніка краіны прагучалі прэтэнзіі да прапанаваных Цэнтравыбаркамам зменаў у выбарчае заканадаўства. Да чаго былі гэтыя прэтэнзіі?

Лідзія Ярмошына: Насамрэч, пярэчанняў было няшмат. Найперш, узніклі пытанні да памераў фондаў кандыдатаў у прэзідэнты і кандыдатаў у дэпутаты. Мы прапаноўвалі павелічэнне ў 5 і ў 3 разы адпаведна. Нам казалі, што гэта не трэба рабіць, бо супярэчыць Канстытуцыі і ставіць удзельнікаў у няроўныя ўмовы. Падчас дыскусіі дасягнулі кампраміснага варыянта: выбарчы фонд кандыдата ў прэзідэнты павялічыцца ў тры разы і дасягне 9 тысяч базавых велічынь (101 тысяча долараў). Апроч таго, прынятае рашэнне, што такі фонд можа адкрывацца не з моманту рэгістрацыі кандыдата ў прэзідэнты, а з моманту рэгістрацыі ініцыятыўнай групы. Усё тое, што раней рабілася нелегальна, калі праца ініцыятыўнай групы фінансавалася з таемных крыніц, то зараз гэта будзе рабіцца адкрыта. Асоба, якая вылучаецца кандыдатам у прэзідэнты, будзе абавязаная прадстаўляць у Цэнтральную камісію падчас рэгістрацыі і фінансавую справаздачу пра выкарыстанне гэтага фонду. Калі фонд будзе перавышаны больш як на 20%, калі фінансавая справаздача не будзе прадстаўленая, ЦВК мае права адмовіць у рэгістрацыі.

Фонды кандыдатаў у дэпутаты парламенту не змяняюцца — па-ранейшаму 1 тысяча базавых велічынь. І ў гэтым вінаватыя тыя, хто браў удзел у выбарах 2012 года — яны вельмі неахвотна карысталіся такой магчымасцю. Вырашылі, што няма сэнсу павялічваць памер фонду, калі не карысталіся нават тым, што ўжо ёсць у заканадаўстве. Ну, і ўводзяцца фонды для кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў. Тут ніякіх пярэчанняў не было, бо такім чынам мы сыходзім ад бюджэтнага фінансавання выдаткаў на перадвыбарную агітацыю. Што не адбіваецца на прадстаўленні бясплатнага тэле- і радыёэфіру, плошчаў у газетах — усё гэта застаецца на ранейшых умовах.

Еўрарадыё: Дарэчы, паводле інфармацыі ЦВК, на выбарах 2012 года выбарчыя фонды стварылі каля 40% кандыдатаў. Не цікавіліся, колькі з такіх сталі ў выніку дэпутатамі?

Лідзія Ярмошына: Такую статыстыку мы не рабілі. Найперш таму, што за фондамі сочым не мы, а акруговыя камісіі. Але я думаю, што большасць з тых, хто ствараў такія фонды, і ўвайшла ў парламент. Бо кандыдатам, якіх падтрымлівалі мясцовыя органы ўлады, даваліся адназначныя і вельмі настойлівыя рэкамендацыі такія фонды ствараць.

 

Еўрарадыё: Хто найперш пярэчыў прапанове аб павелічэнні памераў выбарчых фондаў?

Лідзія Ярмошына: Савет Рэспублікі і службы, адказныя за бяспеку нашай радзімы…

Еўрарадыё: Па шчырасці, мне, як шараговаму выбаршчыку, без розніцы, які будзе памер фонду — 1 тысяча базавых ці тры…

Лідзія Ярмошына: Чаму я як прафесіянал выступаю за павелічэнне — выбаршчыкі не задаволеныя аб’ёмам інфармацыі пра кандыдата, які атрымліваюць. Лічаць, што кампанія павінна праходзіць больш яскрава. У адказ маю ўвагу звярталі на тое, што ў выбарах ўдзельнічае шмат інтэлігенцыі, у якой няма дастатковых асабістых сродкаў, каб ствараць такія фонды, а хадзіць з працягнутай рукой — сорамна. Не роўныя умовы. Бо ў выніку можа з’явіцца нехта багаты, які створыць вялікі фонд і проста задушыць усіх інфармацыйна. Вось у чым страх і будзе!

Еўрарадыё: Затое прапанова забараніць агітацыю за байкот пярэчанняў у прэзідэнта не мела. Як гэта забарона будзе прымяняцца на практыцы?

Лідзія Ярмошына: Была вельмі маленькая рэмарка ў выбарчым заканадаўстве, якая дазваляла такую агітацыю. Зараз яна проста выдаляецца. Прычым забарона на такую агітацыю тычыцца не толькі кандыдата на любую выбарную пасаду, але і любога выбаршчыка. Калі асобы будуць такую агітацыю праводзіць, то на іх будзе складацца адміністрацыйны пратакол, яны будуць прыцягвацца судом да адміністрацыйнай адказнасці — штрафу (Любыя акцыі байкоту будуць трапляць пад дзеянне закона “Аб масавых мерапрыемствах”. Але калі падаць адпаведную заяўку і ўлады ўсё ж, да прыкладу, пікет байкотчыкам дазволяць, то ніхто іх пакараць не зможа. — заўв. Еўрарадыё).

Еўрарадыё: Выказваюцца меркаванні, што такім чынам забараняецца тое, чаго найбольш баіцца рэжым…

Лідзія Ярмошына: Мы шмат разоў перажывалі байкот і наўрад ці рэжым гэтага баіцца. Не думаю, што агітацыя за байкот з’яўляецца дзейснай. Гэта я першай выступіла з ініцыятывай забараніць агітацыю за байкот. Справа ў тым, што байкот, які мэтанакіравана прапагандаваўся падчас выбараў 2012 года, паставіў у няёмкае становішча ўладу. Улада бясплатна прадставіла кандыдатам эфірны час для арганізацыі выбараў, а нядобрасумленныя ўдзельнікі выбараў выкарысталі яго не на перадвыбарную агітацыю, а на тое, каб гэтыя выбары сарваць. Пра сітуацыю такога кшталту вельмі добра некалі сказаў Віктар Сцяпанавіч Чарнамырдзін: “Нашым салам па сусалам”. Мы гэта “сала” кандыдатам далі, а ў адказ атрымалі негатыўную рэакцыю.

Раней апаненты дзейнічалі больш карэктна: за свае сродкі за байкот агітавалі тыя, хто ў выбарах не ўдзельнічаў. Але калі ты на выбары пайшоў, то выкарыстоўваць “выбарныя” грошы на тое, каб гэтыя выбары сарваць, гэта проста подласць. Якая перапоўніла чашу цярпення. Вось і прынятае такое рашэнне — супраць гэтай подласці.

 
Еўрарадыё: Такім чынам, удакладненні пра памеры фондаў унясуць — і гэта будуць усе змены?

Лідзія Ярмошына: Спадзяюся, што так і будзе. Але калі ўносяцца змены ў адзін артыкул Выбарчага кодэкса, то адначасова неабходна карэктаваць яшчэ некалькі — дзе згадваецца спасылка на гэтую норму. Спадзяюся, што ўжо бліжэйшыя мясцовыя выбары мы правядзём паводле новых нормаў.

Еўрарадыё: Усяго некалькі рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ па выніках выбараў 2012 года былі вамі ўлічаны ў зменах выбарчага заканадаўства. Не баіцеся іх пакрыўдзіць такой няўвагай?

Лідзія Ярмошына: У той ці іншай ступені, але ўлічаны шмат якія з тых рэкамендацый. Тое ж павелічэнне памеру фондаў выбарчых і магчымасць іх стварэння ад моманту рэгістрацыі ініцыятыўнай групы — гэта рэкамендацыі АБСЕ. Бо яны кажуць пра тое, што заканадаўца павінен стварыць лепшыя ўмовы для канкурэнцыі на ранняй стадыі. Незадаволенасць, верагодна, будзе. Бо часта тое, што патрабуе АБСЕ, супярэчыць Канстытуцыі нашай краіны, і мы проста не можам іх улічыць! Да прыкладу — галасаванне грамадзян у месцах пазбаўлення волі, альбо — удзел у выбарах тых, хто знаходзіцца ў следчых ізалятарах….

Еўрарадыё: …ці прапанова пазбавіць кіраўніка краіны права прызначаць старшыню ЦВК.

Лідзія Ярмошына: Гэта канстытуцыйная норма! І каб змяніць яе, неабходна мяняць Канстытуцыю шляхам рэферэндуму. Частка “Паўнамоцтвы прэзідэнта” можа быць змененая выключна праз рэферэндум, нам з вамі нават бессэнсоўна гэта абмяркоўваць!

Еўрарадыё: Як вы асабіста паставіліся да гэтай рэкамендацыі БДІПЧ АБСЕ?

Лідзія Ярмошына: А вось гэта яны дарэмна робяць! Як кажуць, “я ў гэтым бізнесе вельмі даўно” — стала сябрам Цэнтральнай камісіі ў 1992 годзе, калі Цэнтравыбаркам быў камісіяй Вярхоўнага Савета. Гэта камісія і прызначэнне старшыні цалкам залежалі ад волі дэпутатаў. І я памятаю, у якім прыніжаным становішчы знаходзіўся старшыня, калі прыходзіў шараговы дэпутат і проста ставіў яго па стойцы “смірна”. Зараз у старшыні камісіі вельмі высокі статус — ён прызначаецца кіраўніком краіны. Значна прасцей працаваць і размаўляць, калі ты адчуваеш падтрымку і незалежнасць ад уплыву дзяржаўных органаў і арганізацый. Думаю, тыя, хто незадаволены гэтым, у тым ліку і АБСЕ, яны хочуць “кішэннага” старшыню. “Кішэнны” старшыня будзе залежны і ад АБСЕ, і ад парламента, і ад ураду. Я не думаю, што гэта на карысць дзяржаве, грамадству і АБСЕ ў тым ліку.

 
 

Еўрарадыё: А тое, што старшыня ЦВК залежыць ад кіраўніка краіны….

Лідзія Ярмошына: У прэзідэнта вельмі шмат падначаленых і сказаць, што ён кіруе старшынёй камісіі, было б няправільна. Калі і кіруе, то так, як і любым грамадзянінам ці любым органам, які знаходзіцца на тэрыторыі нашай краіны.

Еўрарадыё: Выбарчы кодэкс, як вы сцвярджаеце, усё больш лібералізуецца, але ці адчуюць удзельнікі выбараў гэтую лібералізацыю на сабе?

Лідзія Ярмошына: Усе тыя нормы, што зараз з’явіліся, не выклікаюць пярэчанняў. Яны ж не прымяняюцца найперш тады, калі супраць іх выступаюць мясцовыя ўлады. А зараз мясцовыя ўлады змены цалкам падтрымліваюць.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі