Ярмошына: Змены ў Выбарчы кодэкс можна ўнесці пры "мадэрнізацыі Канстытуцыі"

Ярмошына: Змены ў Выбарчы кодэкс можна ўнесці пры "мадэрнізацыі Канстытуцыі"

Змены ў Выбарчы кодэкс могуць быць унесеныя пры "мадэрнізацыі Канстытуцыі". Пра гэта заявіла старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына на сутсрэчы ў Мінску са спецпрадстаўніком Парламенцкай Асамблеі АБСЕ Кентам Харстэдам, паведамляе tut.by

Прадстаўнік ПА АБСЕ прыбыў у Мінск са спецвізітам 22 студзеня. Ён пацікавіўся ў кіраўніцы ЦВК, чаму ў выбарчае заканадаўства не былі ўнесеныя папраўкі, падрыхтаваныя яшчэ год таму.

У Харстэда запланаваныя сустрэчы з кіраўніком МЗС Уладзімірам Макеем, прадстаўнікамі парламента. Таксама ён збіраецца наведаць Парк высокіх тэхналогій, парк "Вялікі Камень", Беларускую гандлёва-прамысловую палату.

У каментары журналістам Ярмошына распавяла падрабязнасці сустрэчы з прадстаўніком ПА АБСЕ. "Напэўна, не вельмі карэктна тлумачыць чужыя дзеянні, але я паспрабавала яму растлумачыць гэта так, як разумею сама. Па-першае, кіраўнік дзяржавы яшчэ ў ліпені, сустракаючыся і з Харстэдам, і з іншымі прадстаўнікамі Парламенцкай Асамблеі АБСЕ, сказаў, каб нас не прыспешвалі з мадэрнізацыяй нашага заканадаўства, з дэмакратызацыяй, мы да ўсяго прыйдзем сваім шляхам. Акрамя таго, прэзідэнт у размове са мной і іншымі выказваўся, што трэба думаць пра тое, што нам трэба нейкім чынам мадэрнізаваць нашу Канстытуцыю. Змяненне Канстытуцыі прадугледжвае і змену выбарчай сістэмы. Таму, думаю, кіраўнік дзяржавы ўзяў перапынак, каб асэнсаваць гэта. Бо спачатку трэба вырашаць пытанні будаўніцтва, а потым касметыкі, рамонту, чым і з'яўляюцца змены выбарчага заканадаўства", — выказалася чыноўніца.

Па яе словах, Харстэд адрэагаваў на такія тлумачэнні "з разуменнем".

Раней заходнія назіральнікі і еўрадэпутаты неаднаразова крытыкавалі беларускія ўлады за нежаданне ўносіць змены ў выбарчае заканадаўства. Пры гэтым афіцыйны Мінск спасылаўся на недахоп часу для змены заканадаўства.

Летась ЦВК падрыхтаваў шэраг паправак. У іх ліку быў дазвол усім грамадзянам на час выбарчых кампаній праводзіць масавыя акцыі толькі паводле заяўнага прынцыпу, забарона для амаль усяго кіраўніцтва мясцовых выканкамаў уваходзіць у выбарчыя камісіі, забарона для дырэктараў устаноў (напрыклад, школ) узначальваць выбаркамы, калі больш за палову іх чальцоў — супрацоўнікі гэтай установы, адмена абедзеннага перапынку ў дні датэрміновага галасавання.

Пакет прапаноў па зменах у выбарчым заканадаўстве ЦВК накіраваў Аляксандру Лукашэнку яшчэ напрыканцы студзеня 2017 года. Аднак кіраўнік дзяржавы так і не паспеў разгледзець яго.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі