З псіхіятрычнай лякарні ў Магілёве ўцяклі тры падлеткі
Магілёўская міліцыя абвясціла ў вышук трох падлеткаў, якія ўцяклі з Магілёўскай абласной псіхіятрычнай лякарні.
Гэта 17-гадовыя Іван Янкоўскі і Аляксей Астапенка, а таксама 16-гадовы Кірыл Макар. Як паведамляе прэс-служба УУС Магілёўскай вобласці, 24 верасня каля 18.00 яны выбілі шыбу на першым паверсе лякарні, дзе знаходзіліся на абследаванні, і ўцяклі.
Усе трое вучацца ў сярэдніх спецыяльных установах. Па словах начальнік аддзела вышуковай працы ўпраўлення крымінальнага вышуку УУС Алены Пуцык, падлеткі не вельмі жадаюць вучыцца, яны схільныя да злачынстваў і бадзяжніцтва. Міліцыя мяркуе, што непаўналетнія адправіліся ў Расію. "Аднаго з іх, раней судзімага за крадзяжы Івана Янкоўскага, выхаванца Магілёўскага дзяржаўнага СПТВ №2 закрытага тыпу 8 верасня знайшлі на будоўлі ў Маскве, пасля таго, як 30 жніўня ён у кампаніі таварышаў самавольна сышоў з падлеткавага летніка ў Мсціслаўскім раёне", — кажа Пуцык.
Паведамляецца, што падчас уцёкаў з лякарні падлеткі былі апранутыя ў бальнічныя піжамы ў шэра-сінюю клетку, на нагах мелі шкарпэткі і сланцы. Потым яны маглі памяняць вопратку і абутак.
Звесткі пра падлеткаў просяць паведаміць ва ўпраўленне крымінальнага вышуку УУС Магілёўскага аблвыканкама па тэлефонах у Магілёве: 29-55-10, 29-55-55, +375 (33) 612-98-69, альбо 102.